Пазнаёміліся на фронце…

Фёдар Іванавіч і Аляўціна Іванаўна Зеляновы прайшлі амаль усю Вялікую Айчынную вайну поруч. Сёння яны, на жаль, нічога ўжо не могуць расказаць аб тых векапомных днях, бо сышлі ў лепшы свет, пакінуўшы ў гэтым Перамогу, за якую змагаліся, і нашчадкаў, што ўмеюць шанаваць і берагчы памяць аб мінулым…

Мікалай Фёдаравіч, яго жонка Марыя Сцяпанаўна і ўнучка перад пачаткам шэсця “Бессмяротнага палка”

Камянчанін Мікалай Фёдаравіч Зеляноў акуратна захоўвае фатаграфіі ваенных гадоў, дакументы і ўзнагароды сваіх маці і бацькі. З іх партрэтамі ён крочыў па вуліцах Каменца ў складзе “Бессмяротнага палка”, а сёлета змясціў здымкі на ўласным аўтамабілі, назваўшы атрыманую кампазіцыю “Дарогамі Перамогі”. І галоўнае – усе аповеды бацькоў Мікалай Фёдаравіч лёгка аднаўляе па памяці, не губляючы ніводнай дробязі (даты, назвы…), бо ў той час дробязей не было. Паслухаем?

Фёдар Зеляноў, 1923 г.н., скончыў 10 класаў Мантураўскай школы ў Кастрамской вобласці. Прыйшоў пад раніцу з выпускной вечарыны, лёг адпачываць, а калі прачнуўся, была ўжо… вайна. Слова гэта гучала паўсюдна, але здавался, што яна недзе далёка, навокал пакуль што панаваў спакой.

16 ліпеня 18-гадовага юнака адправілі вучыцца ў Ленінградскае ваенна-марское вучылішча. Аднак у хуткім часе Фёдар (разам з таварышам) вырашыў перайсці ў артылерыйскае, бо мора ніколі ў сваім жыцці ў вочы не бачыў. Так і зрабілі. 15 верасня таго ж года Фёдар Зеляноў прыняў прысягу, прайшоў вучобу на палігоне і перад новым 1942-м атрымаў званне лейтэнанта, стаўшы камандзірам агнявога ўзвода ў складзе 30 чалавек.

Папаўненне мусіла выпраўляцца ў дарогу, і спярша артылерысты думалі, што паедуць у Іран, бо апранулі іх нечакана лёгка для зімы. Але… Эшалоны накіраваліся зусім у іншым напрамку – на Паўночна-Заходні фронт у Пскоўскую вобласць. Ехалі два тыдні. І гэтую няпростую дарогу пад бамбёжкамі і ў холадзе перажылі не ўсе: паловы дывізіёна не стала…

У артылерыйскім гаўбічным дывізіёне 557-га артылерыйскага палка 79-га стралковага корпуса 171-й стралковай Ідрыцка-Берлінскай дывізіі трэцяй ударнай арміі Фёдар Іванавіч ваяваў з лютага 41-га да 44-га (напрыканцы гэтага часу быў ужо камандзірам дывізіёна, а да таго, з сакавіка 43-га – камандзір батарэі).

Паўночна-Заходні фронт, дзе змагаўся Зеляноў, не даваў ворагу прайсці да Ленінграда. Гэты фронт называлі самым галодным з усіх: тут ніхто з салдат не хацеў ісці нават у повары, што паказальна.

“Давалі на абед па 100 грамаў мукі і гарэлкі, – пераказвае Мікалай Фёдаравіч успаміны бацькі. – Злівалі ў кацялок, змешвалі, выпівалі. Так і ваявалі… Нашы пастаянна трывожылі немцаў, каб яны трымалі свае войскі на месцы, не адправілі іх на Ленінград. Людзей было мала, таму чаго толькі не выдумлялі, каб збіць ворагаў з панталыку. Здаралася, два салдацікі перабягалі ад адной гарматы да другой і стралялі, каб немцы думалі, што байцоў шмат. Не хапала і снарадаў, эканомілі іх…

А немцы жылі і ваявалі выключна па раскладзе. Напрыклад, раніцай а дзявятай у іх быў сняданак, у 9.30 пачыналі страляць. Па суботах у 13.00 усё змаўкала навокал. У нядзелю – выхадны”.

Часам немцы скідвалі з самалётаў мяшкі. Іх правяралі (ці не замініравана?), развязвалі і знаходзілі ўнутры… забітых рускіх афіцэраў ці яўрэяў.

Марознай зімой 1944 года пачалося наступленне па разгроме фашысцкіх войскаў у накірунку горада і порта Лібава. Ішлі, а ўсё навокал было завалена трупамі. Па замініраваных дарогах можна было рухацца, толькі пераступаючы з аднаго мёртвага на іншага.

Накіроўваліся ў Прыбалтыку. Пра тое наступленне Фёдар Іванавіч не мог расказаць нічога адметнага, бо мясціны былі незнаёмыя. Быў паранены (за ўсю вайну – тройчы), ляжаў у шпіталі ў Калініне. Паправіўшыся, выправіўся з таварышамі ў дарогу, у накірунку Латвіі.

“Ішлі павольна, спакойна, – пераказвае Мікалай Фёдаравіч бацькавы ўспаміны, – і раптам… Насустрач 30-і параненым выйшлі немцы. Іх было шмат – чалавек 200. Тата лёг на зямлю побач з сябрамі па няшчасці і ўжо развітваўся з жыццём, калі прагучаў залп “кацюшы”, што ішла следам за рускімі. Калі туман рассеяўся і людзі ўсталі, стала бачна, што ад немцаў нічога не засталося. Адзін толькі зялёны луг, абсалютна пусты, і трава гарыць…”

Менавіта тут, у Латвіі, і адбылося знаёмства Фёдара Іванавіча з будучай жонкай. Яна з’явілася на свет у Саратаўскай вобласці, у заможнай сям’і, у тым жа самым 1923-м. (Дарэчы, даследчыкі сцвярджаюць, што з пакалення народжаных у гэтым годзе пасля вайны засталіся жывымі ўсяго 3%.)

1944 год

Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы ў Таджыкістане дзяўчына паступіла ў фельчарскую. Першым месцам працы для яе стаў начны санаторый, а другім – фронт… З лістапада 44-га па май 45-га Аляўціна была фельчарам артылерыйскага дывізіёна, у якім служыў і Фёдар Іванавіч. Восенню 1944 г. яго перакінулі на I Беларускі фронт – на плацдарм Віслы, абарону якога немцы лічылі непераадольнай. Як толькі канчаткова ўсталявалася зіма (у сярэдзіне студзеня 45-га), пачаліся баі. Толькі на трэці дзень савецкія войскі здолелі – цаной немалых страт – прарваць абарону ворагаў, перайшлі Віслу па лёдзе, увайшлі ў польскую сталіцу і ўбачылі, што ад яе засталіся руіны ды папялішчы…

Медсястрычкі (чэрвень 1945 года ля Магдэбурга)

Цяжкія баі працягваліся і на астатняй тэрыторыі Польшчы, потым – у Германіі. Першая нямецкая вёска сустрэла савецкіх салдат маўчаннем, яна была абсалютна пустая. У адной з адрын знайшлі оберлейтэнанта з перабітымі нагамі, які падчас допыту сказаў: “Я разглядаў у бінокль вашу Маскву, але мы не змаглі яе ўзяць. Вось і вы не возьмеце Берлін, бо ў фюрэра ёсць сакрэтная зброя”. А першы на шляху гарадок (кшталту Каменца) быў разбураны за дзве гадзіны…

Аляўціна Іванаўна ў той час пастаянна знаходзілася на перадавой і штодзень дакладвала Фёдару Іванавічу як камандзіру дывізіёна. Маладыя людзі тады і спадабаліся адно аднаму. Падчас аднаго з баёў ён быў паранены, апынуўся ў шпіталі. А 16 красавіка пачалося наступленне на Берлін. У ім стралялі кожнае акно, кожны падвал, дамы адзін за адным даводзілася браць штурмам. 30-га нарэшце дабраліся да рэйхстага, яго штурм паспяхова правёў зводны батальён 171-га дывізіёна і 150-й стралковай дывізіі. Ужо 2 мая пасля абеду ворагі перасталі супраціўляцца. Першую ноч без вайны Аляўціна Іванаўна ўспамінала так: “Цішыня стаяла такая, што рабілася страшна. Асабліва пасля нядаўняй кананады. Усе мы напружана чакалі нечага…”

Мікалай Фёдаравіч расказаў мне таксама і пра яшчэ адзін момант, які асабліва запомніўся з аповедаў бацькі: “Аднойчы тата ехаў па вуліцы Берліна, ужо раздзеленага на той час на чатыры часткі, і ўбачыў савецкага салдаціка, які трымаў пад прыцэлам недзе чалавек з сорак немцаў. Дзеці і жанчыны спужана ціснуліся да сцен… Бацька хацеў было спыніць гэты масавы расстрэл, але салдацік паказаў скамечаны аркуш паперы, які сціскаў у руцэ. Гэта быў запознены ліст з дому, у якім паведамлялася, што бацькоў і брата салдата расстралялі, а сястру згвалтавалі немцы, пасля чаго яна скончыла жыццё самагубствам. Бацька вярнуў хлопцу пісьмо і паехаў далей…”

…Пазней 171-ы дывізіён і 150-я стралковая дывізія перайшлі ў Магдэбург, дзе заставаліся пасля вайны.

1947-ы ў Магдэбургу

У Берліне 6 сакавіка 1946-га нарадзілася сям’я Зеляновых, а годам пазней – першы сын Канстанцін. Другі, Мікалай, з’явіўся на свет ужо ў Брэсце ў 53-м, куды пяццю гадамі раней перабралася сям’я. Фёдар Іванавіч працаваў у абласным ваенкамаце, потым – у Камянецкім раённым (пасля чарговага пераезду). Аляўціна Іванаўна з 1963-га выконвала абавязкі памочніка санітарнага ўрача мясцовай санэпідэмстанцыі.

Вайна заўсёды заставалася ў іх памяці, нагадвалі пра яе і шматлікія ўзнагароды (у Фёдара Іванавіча – ордэн Аляксандра Неўскага і па два ордэны Вялікай Айчыннай вайны I ступені і Чырвонай Зоркі, у Аляўціны Іванаўны – ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені…)

Аднак, галоўнае, як мне думаецца, іншае. Наступныя пакаленні Зеляновых умеюць берагчы і цаніць найкаштоўнейшую сваю сямейную рэліквію – гераічнае мінулае дваіх людзей, што разам ішлі дарогамі вайны…

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара і з архіва сям’і ЗЕЛЯНОВЫХ.

Добавить комментарий