Пасядзелкі па-мартынюкоўску

На мінулым тыдні маршруты выхаднога дня, што пастаянна выходзяць на рэкламных старонках нашай газеты, запрашалі адначасова на некалькі мерапрыемстваў, прымеркаваных да аднаго свята – Дня маці. Побач з Мартынюкоўскім СДК стаяла назва канцэртнай праграмы “Мы дзякуем жанчынам усім”. “Цікава, што хаваецца за ёю?” – падумалася мне. Вырашыла праверыць і даведалася, што жанр гэтага мерапрыемства правільней было б вызначыць так – сустрэча-пасядзелкі, бо канцэртам справа не скончылася…

З нагоды мерапрыемства ў Доме культуры сабралі жыхары Рэчыцкага сельсавета, прыехаўшы з Дварцоў, Голага Барка, Чамяроў, Чабахоў, Вуглян, Мартынюкоў. Радасць сустрэчы з добрымі знаёмымі з самага пачатку задала святочны настрой, а падтрымалі яго самадзейныя артысты: вакальны гурт “Вечарынка”, а таксама сольныя выканаўцы Юрый Лук, Аляксандр Шэлег і Міхаіл Стасевіч (яны, дарэчы, ахвотна аб’ядноўваліся ў трыа і дуэты, калі гэтага патрабавала песня). Аб чым спявалі? Зразумела ж, аб матулях, сваіх і ўсіх увогуле, аб любові і павазе да жанчыны ў цэлым.

1476643236967_9

Гучалі таксама народныя песні – тры прыгажуні ў чырвоных сарафанах (“Вечарынка”) атрымалі нямала апладысментаў. Юрый Лук прачула выканаў усім добра знаёмы “Клён”, Міхаіл Стасевіч не толькі цудоўна спяваў, але яшчэ і акампаніраваў сабе на гітары, а Аляксандр Шэлег пераўтварыў кожную сваю песню ў маленькі спектакль (атрымаўся тэатр аднаго акцёра).

mart3

1476643291342_2

Вядучая свята Святлана Семянюк назвала паіменна тых жанчын, якім перадавала віншаванні са святам. Былі сярод іх і прыёмныя мамы, і працаўніцы, што аддалі сваёй рабоце нямала сіл і гадоў. Усіх іх пералічыць нават нашай газеты не хопіць.

Пасля завяршэння канцэртнай праграмы гледачы і не думалі разыходзіцца. За чаем і пачастункамі яны размаўлялі пра жыццё-быццё, узгадвалі маладосць, чыталі ўласныя вершы. І дзякавалі арганізатарам за свята, што аб’ядноўвае людзей, за цудоўную магчымасць сустрэцца з землякамі.

А яшчэ ў фае СДК размясцілася выстава цудоўных вышывак Надзеі Лялюк з Мартынюкоў.

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара і Аляксандра ШЭЛЕГА.

Добавить комментарий