Падвальная знаходка, або Спайс – побач з намі

Хто з нашых матуль і бабуль не рыхтуе кожную восень значныя запасы кансервацыі на доўгую, марозную зіму і ўвесь астатні час да збору новага ўраджаю? Слоікі з усім гэтым багаццем выстройваюцца роўнымі шэрагамі ў падвале, а потым варта проста сысці туды, выбраць нешта па настроі – духмянае варэнне, смачны кампот, востранькую аджыку ці салацік-асарці – і спяшацца дадому частавацца. Вось толькі адной з пажылых жыхарак Каменца такі, здавалася б, звычайны паход у падвал падрыхтаваў вясной бягучага года не вельмі прыемны сюрпрыз. Бабуля пайшла па варэнне да чаю, а знайшла… маладога чалавека, абкуранага спайсам. Вось дык неспадзяванка!

Гэта сітуацыя можа падацца ў нечым камічнай, але калі задумацца, што стаіць за ёй, робіцца неспакойна. Выходзіць, усё тое, што гавораць пра ўжыванне сумесей для курэння, адбываецца не недзе далёка, там, у тэлевізары, а зусім побач з намі…

Малады чалавек, 1995 года нараджэння, быў дастаўлены ў Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу, дзе ўрачы дапамаглі яму вярнуцца ў нармальны стан, які прынёс з сабой непрыемнае адкрыццё – таемная спроба атрымаць сваю дозу кайфу незаконным, шкодным для здароўя і жыцця шляхам больш не была таемнай. Давялося шчыра расказваць усе падрабязнасці гэтай гісторыі.

Высветлілася, што малады чалавек набыў без мэты продажу іншым, толькі для ўласнага ўжывання, не менш за 0,65 г рэчыва расліннага паходжання карычневага колеру, якое ўтрымлівала асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. Пакецік чакаў свайго гаспадара ў зямлі на адной з вуліц Брэста. Знаходку абвінавачаны паспрабаваў там жа, “не адходзячы ад касы”, а потым, калі “паплыў”, вырашыў прагуляцца па абласным цэнтры, схаваўшы наркотык у кішэню джынсаў (магчыма, хацелася прыгод?).

Пешая прагулка хутка перацякла ў аўтобусную: спярша па Брэсце, потым у накірунку Каменца. Ужо дома ўзнікла пільная неабходнасць недзе прыхаваць спайс, выдатным месцам маладому чалавеку падаўся падвал дома, дзе ён жыў. Знайшоўшы схованку, абвінавачаны вырашыў “адзначыць” гэта новай порцыяй “вясёленькай сумесі”.

Раніцай наступнага дня маладога чалавека зноў, нібыта магнітам, пацягнула ў той самы падвал. З мэтаю зразумелай. Ён пакурыў яшчэ… А што было далей, узгадаць не змог. Пра гэта з усімі падрабязнасцямі падчас следства расказала згаданая напачатку артыкула бабуля. Відавочна, падвальнае адкрыццё ёй давялося запіваць карвалолам.

Абвінавачаны ахвотна расказаў пра папярэднія ўласнай адключцы падзеі,дзе набыў спайс, як ужываў яго. Малады чалавек поўнасцю прызнаў сваю віну, аб здзейсненым глыбока шкадуе. Вось толькі… позна.

Віна кваліфікаваная па ч.1 арт.328 КК РБ (“Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”). Абвінавачанаму прысуджана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады. Што ж, часу на роздум будзе больш чым дастаткова. Мяркуй, аналізуй, рабі высновы. Якія яны будуць? Спадзяюся, карысныя.

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий