Сад у «Макараве-Агра» займае 50 гектараў. Тут працуе пастаянная брыгада з шасці чалавек, і мэтанакіраваная работа на чале з аграномам Раманам Селіверставым дазваляе весці свой, садовы, улік: чым і калі апрацаваныя яблычныя і грушавыя дрэвы, як перазімавалі, ці добра цвілі, якія і калі з’яўляюцца шкоднікі, якая ўраджайнасць. Сёлета яна вышэй, чым у мінулым годзе, але і леташняга ўраджаю неяблычнага года хапіла для рэалізацыі амаль да сакавіка. Уласнае фруктасховішча на дзве камеры з рэгулюемым мікракліматам, збудаванае паводле дзяржаўнай праграмы “Садаводства”, дазваляе захоўваць яблыкі даволі доўга.
Рэаліі цяперашняга часу такія, што без хімічнай падтрымкі саду проста не выстаяць. У Макараве за сезон праводзяць восем апрацовак, што ўтрая менш, чым у прамысловых садах за мяжой. І лабараторны аналіз макараўскіх яблык пацвярджае адсутнасць у пладах накопленай “хіміі”.
У садзе, якому гадоў дзесяць, пераважаюць познія гатункі. Таму невысокія яблыні – крону фарміруюць шляхам рэгулярнай абрэзкі – і ў кастрычніку ўсыпаныя чырванабокімі пладамі. Больш раннія ўжо прадаюць, у тым ліку на восеньскіх кірмашах, – брастаўчане згадалі смак макараўскіх яблык у мінулую суботу.
Аптовыя купцы з Брэста едуць сюды па таварныя фрукты, іх адпраўляюць у гандлёвую сетку раёна, у санаторную школу ў Высокім. Летась тутэйшыя яблыкі спажывалі адпачываючыя ў санаторыі “Белая Вежа”. Імі частуюцца навучэнцы Высокаўскага каледжа, з якім гаспадарка даўно наладзіла “шэфскія” сувязі.
З новага ўраджаю ўжо рэалізавана больш за пяць тон яблык. Сёлетняя цана (на кірмашы іх прадавалі па 55 капеек за 1 кг) задавальняе пакупнікоў, але не вельмі – гаспадарку. Аб прыбытковасці саду гаворкі няма, хоць у час жорсткіх рынкавых адносін гэта асноўны крытэрый мэтазгоднасці таго ці іншага занятку. Аднак, яблыні моцна ўхапіліся за зямлю, яны ведаюць, што такое мясцовы клімат, і яны, пэўна, выжывуць. Не ўсё ж у гэтым свеце вымяраецца штогадовым прыбыткам.
Галіна НОВІК. Фота Наталлі ГРЫЦУК.
Это может быть интересно:
-
На производстве «Беловежских сыров» побывали высокопоставленные гости
-
В ОАО «АгроНива» Каменецкого района открыли крупную МТФ после реконструкции
-
«Один район – один проект». Каменетчина – не исключение
-
Каменчане и «Многомамы Бреста» подарили ПСО «Юго-Запад» поисковые фонари
-
Фиолетовый картофель «Вайлдберриз» вывели белорусские ученые