11 ліпеня адзначаецца самае смачнае свята ў свеце – Міжнародны дзень шакаладу. Нехта наладжвае “салодкую” вечарынку, нехта набывае ў краме вялі-і-ікую каробку любімых цукерак, нехта пячэ шакаладны пірог з начынкай з шакаладу пад шакаладнай глазурай, а я… іду ў цырульню. Нелагічна? Памыляецеся! І ўсё таму, што ў Каменцы працуе тая, што так і называецца – “Шакалад”…
З яе гаспадыняй, індывідуальным прадпрымальнікам, цырульнікам і майстрам па манікюры Аксанай Лінік, мы гаварылі пра работу, сямейныя каштоўнасці і, зразумела, пра шакалад. Вось як гэта было…
– Як і калі пачынаўся ваш маленькі бізнес?
– Мінулым летам адкрыла сваё ІП.
– Дзе працавалі да той пары? У іншай цырульні?
– Не. Была – у розны час – бухгалтарам і эканамістам ў раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
– Нечакана…
– Гэта праўда. Некалі, яшчэ да адкрыцця цырульні, я заўсёды рабіла сабе манікюр сама. Атрымлівалася нядрэнна. Сяброўкі, мама, сястра і нават тата ў чаргу запісваліся. (Усміхаецца.) Гэты занятак мне падабаўся, таму і вырашыла пайсці на курсы. Наведвала семінары ў Брэсце, дзе асвойвала роспіс пазногцяў, акрылавую лепку і іншыя прафесійныя моманты.
– Каб быць добрым майстрам па манікюры, неабходна мець здольнасці да малявання?
– Неабавязкова. Галоўнае – уседлівасць, стараннасць, акуратнасць.
Вось без чаго сапраўды не абысціся, дык гэта без мастацкага густу. Ён дапамагае ствараць кампазіцыю будучага малюнка.
– Што сёння модна “насіць” на пазногцях?
– Цяпер у фаворы – мінімалізм.
– Які від манікюру робіце асабліва ахвотна? Вясельны… Паўсядзённы…
– Не магу выбраць нейкі адзін. Ва ўсякім выпадку імкнуся да крэатыву, арыгінальнасці.
– У вас, напэўна, ёсць пастаянныя кліенткі?
– Як без іх? Запіс сёння – на месяц наперад.
– Ваша цырульня размяшчаецца непасрэдна ў доме, дзе жывеце з сям’ёй. Гэта зручна?
– Безумоўна. Дарэчы, увесь рамонт тут рабіўся сваімі сіламі, потам і крывёю, калі можна так сказаць. Муж вельмі стараўся. Цяпер у нас усё, як трэба. І санітарныя нормы выконваюцца, і супраць пажарныя, і касавы апарат маецца. І абсталяванне ёсць, тое-сёе яшчэ набудзем.
– З вамі разам, як разумею, працуе яшчэ і цырульнік?
– Так. Толькі на дадзены момант яго пакуль няма. Шукаем. Сама я хутчэй цырульнікаматар, хоць дыплом і маю.
– Якім патрабаванням павінен адпавядаць ваш будучы супрацоўнік?
– Добра было б, каб меў разрад не ніжэйшы за чацвёрты. Нам патрэбна падтрымліваць зададзены папярэдне ўзровень. І без навыка працы не абысціся. Прычым, наша цырульня разлічана і на жанчын, і на мужчын, і на дзяцей.
– Раскажыце падрабязней пра сваю сям’ю.
– Мой муж Вячаслаў працуе ў міліцыі, ён – оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку. У нас трое дзетак: старэйшаму Антону ўжо 15, Мацвею – 8, а самаму рухаваму члену нашай сям’і, Марце, – 4.
– У вашай дзяўчынкі рэдкае імя. Чаму менавіта такое?
– Дачушка нарадзілася ў лістападзе. Дзень, памятаю, быў тады пахмурны. А мне, шчаслівай, так хацелася сонейка і вясны! Вось і вырашыла: наша дзяўчынка будзе Мартай!
– Як ваша сям’я бавіць вольны час?
– Звычайна выбіраемся ў Брэст на выхадных. Гуляем па прыгожай вуліцы Савецкай, частуемся піцай, ходзім на набярэжную, катаемся на цеплаходзе. Я заўсёды гавару: нас шмат, таму нам
весела! Калі ж застаемся дома, ладзім барбекю. На такія пасядзелкі любяць прыходзіць мае бацькі.
– Ці ёсць у вас іншыя захапленні, акрамя работы?
– Галоўнае захапленне – сям’я. Акрамя таго, з задавальненнем вяду дом, ён у нас зараз дабудоўваецца. Люблю працаваць у агародзе…
– Але… Агарод і манікюр – гэта неяк не спалучаецца.
– Наадварот! Дарэчы, усё ў ім раблю без пальчатак. І нічога – пазногці ў парадку.
– Калі вяртацца да незвычайнай назвы вашай цырульні… Чаму так?
– Папершае, проста люблю шакалад. А падругое, мне хацелася прыдумаць такую назву, каб яна была арыгінальная, нязбітая, незвычайная. Акрамя таго, прысутнічае адмысловая гульня слоў. Уявіце. Прыходзіць да мяне кліентка. Ёй тэлефануе муж, пытаецца: “Дарагая, ты дзе?” А яна: “У “Шакаладзе”.
– Які шакалад любіце самі?
– Малочны!
– У вашым доме, напэўна, заўсёды ёсць цукеркі…
– Ваша праўда. Мы ўсе – аматары салодкага.
– Напэўна, разам пьеце чай з шакаладам за круглым сталом?
– Як вы здагадаліся? (Усміхаецца.)
– І апошняе пытанне. Што патрэбна, каб усё ў жыцці было ў шакаладзе?
– Сямейны дабрабыт, здароўе блізкіх, сяброўства і мір. Тады будуць і настрой, і энтузіязм. А без гэтага ніякі шакалад не дапаможа…
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара і з сямейнага архіву Лінікаў.