Новости одной строкой

Пасадзі дрэва – ствары лес!

Добраахвотная акцыя пад назвай “Тыдзень лесу-2017” праходзіць у нашай краіне з 1 па 8 красавіка. Яна ладзіцца па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Галоўная мэта акцыі – прапаганда руплівага, беражлівага, паважлівага стаўлення да лесу як да нацыянальнага багацця нашай краіны, без якога чалавек не можа жыць. У бягучым годзе акцыя праводзіцца ўжо ў дзясяты раз. Да ўдзелу ў ёй запрашаюцца ўсе жадаючыя, гатовыя ўнесці свой пасільны ўклад у стварэнне новых лясоў Беларусі.

Зброю здалі

На тэрыторыі раёна прайшоў комплекс мерапрыемстваў па добраахвотнай здачы насельніцтвам няўлічанай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Падчас іх добраахвотна здадзены 3 гладкаствольныя стрэльбы, 35 боепрыпасаў да гладкаствольнай зброі, 5 боепрыпасаў да наразной. Да адміністрацыйнай адказнасці па арт.23.71 КаАП Рэспублікі Беларусь (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі) прыцягнуты жыхар Каленкавічаў, які незаконна захоўваў па месцы жыхарства часткі такой зброі. Камянецкі РАУС заклікае добраахвотна здаваць незарэгістраваную агнястрэльную зброю. Калі вам вядомыя факты незаконнага яе захоўвання, вы можаце звярнуцца ў райаддзел міліцыі па адрасе: г.Каменец, вул.8 Сакавіка, 1 ці паведаміць па тэлефонах: 21-2-02, 22-1-55.

Яго Вялікасць Тэатр

Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра ў СШ №1 Каменца адбылося прадстаўленне «Яго Вялікасць Тэатр!», на якое класныя кіраўнікі Наталля Верас і Алена Ваўчок запрасілі вучняў 5-11 класаў. Вядучыя Дар’я Храмцова і Максім Антанюк (9 клас) расказалі цікавыя факты з гісторыі тэатра і запрасілі на сцэну Яго Вялікасць Тэатр (ролю сыграў 11-класнік Аляксандр Міцковіч) і Муз: трагедыі – Мельпамену і камедыі – Талію (Ксенія Малажавая і Валерыя Вайцяховіч, 11 клас). Гледачы ўбачылі казку «Папялушка» на англійскай мове ў выкананні вучняў 5-ых класаў, сцэнкі з мюзікла «Вечары на хутары паблізу Дзіканькі» (7 і 10 класы) і з казкі «Снежная каралева» (5-ы і 7-ы). Ну, і які тэатр без «Рамэа і Джульеты»? Сцэнку з гэтай п,есы падарылі гледачам Ангеліна Неплах і Аляксандр Піскур (9 клас).

Добавить комментарий