Носьбіты святла

“Мы жывём, каб несці ў свет дабрыню і святло”. Так можна акрэсліць мэту, якой кіруюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але неабмежаванай здольнасцю дарыць цеплыню тым, хто побач. Варта толькі працягнуць руку, даверліва і шчыра, каб паказаць, што мы РОЎНЫЯ.

Вось і 5 снежня ў актавай зале Камянецкага гарадаскога Дома культуры было шматлюдна. З народы Міжнароднага дня інвалідаў тут ладзіўся канцэрт, які паказаў усю разнастайнасць талентаў, дадзеных гэтым людзям.

Спярша на сцэну выйшлі з ары­гінальнай кампазіцыяй, што дэманстравала і танцавальнае, і акцёрскае майстэрства выканаўцаў, вучні спецыяльнага класа Камянецкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, іх педагогі і бацькі.

Акрамя таго, канцэрт прапанаваў слухачам некалькі вакальных нумароў: наведвальніцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў пры ТЦСАН Ірына Ціханава і Людміла Алексяюк спявалі пра каханне, салісткі ГДК Аліна Гожук (прадстаўніца Беларускага таварыства інвалідаў па зроку) і Лілія Дорахава выканалі раманс, Руслан Кнір (БелТІЗ) часова пераўтварыўся, ні многа ні мала, у самаго Мікалая Баскава, а кіраўнік народнага аматарскага калектыву “Камянецкая скарбонка” Надзея Бягені ўнесла цікавую фальклорную нотку. На скрыпцы цудоўна сыграла хармайстар ГДК Юлія Ракуць.

Прыемную разнастайнасць надалі святу цёплыя вершаваныя радкі пра маму ў выкананні Ігара Мшара (аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў) і задорныя танцы “Капрыза”.

З упэўненасцю магу сказаць адно: з канцэрта ў той снежаньскі дзень усе гледачы і ўдзельнікі неслі дадому поўныя сэрцы дабрыні і святла.

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий