Навіны адным радком

І вучоба, і праца

16 сакавіка адбыўся чарговы Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Інфармацыйныя групы райвыканкама накіраваліся ў працоўныя калектывы раёна, дзе расказалі пра самыя актуальныя на сёння тэмы. Гэта, у прыватнасці, – адукацыя як прыярытэтны накірунак сацыяльнай палітыкі дзяржавы (асобна і паглыблена разглядаліся арганізацыя шостага школьнага дня, падтрымка адораных вучняў і студэнтаў, экспарт беларускіх адукацыйных паслуг, а таксама ўступная кампанія бягучага года); дзейнасць прафсаюзных арганізацый вобласці і раёна, накіраваная на абарону правоў працоўных. Дакладчыкі ахвотна адказвалі на пытанні і прыводзілі прыклады, што ілюстравалі названыя тэмы.

Перамога Ангеліны

10 сакавіка выхаванка нядзельнай школы пры Сімяонаўскім храме Каменца Ангеліна Баброва прыняла ўдзел у мерапрыемствах з нагоды святкавання Дня праваслаўнай кнігі, што праходзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Там ёй, пераможцы конкурсу даследчых работ навучэнцаў, прымеркаванага да 500-годдзя выдання Бібліі Францыскам Скарынам, быў уручаны дыплом трэцяй ступені. Падзяку атрымала навуковы кіраўнік дзяўчынкі Вера Філосаф, педагог нядзельнай школы.

Час, каб пачуць Зямлю

У апошнюю суботу месяца, 25 сакавіка, з 20.30 да 21.30 увесь свет адключае святло, паказваючы свае экалагічную адказнасць і клопат пра навакольнае асяроддзе. У мінулым годзе ў акцыі прынялі ўдзел 178 краін, на гадзіну згасла падсветка больш за 12000 архітэктурных аб’ектаў, праведзены больш за 2 млн. публічных акцый. Каманда арганізатараў Гадзіны Зямлі ў Беларусі запрашае і жыхароў Камянеччыны прыняць удзел у ёй і адключыць святло і непатрэбныя прылады на 60 хвілін.

Трапеза любові ў Высокім

Царква Узвіжання Крыжа Гасподняга запрашае на Трапезу любові 21 сакавіка, напярэдадні дня сарака Севасційскіх пакутнікаў. Трапеза будзе ўяўляць сабою дэгустацыю посных страў з духоўнай гутаркай на тэму «Заўсёды радуйцеся». Галоўным пачастункам, безумоўна, стануць “жаваранкі”, прыгатаваныя са стапрацэнтнай любові, паветранай мукі і дзвюх разыначак (кожны госць атрымае сваю птушачку). Дадаткам да стала стануць майстар-класы па выпечцы, прэзентацыі, выступленне студыі «Радасць мая»….

Сяўба: першая тысяча гектараў

Падрыхтоўка глебы, і адначасова – закрыццё вільгаці, у разгары. Найбольш шпаркімі тэмпамі – у “Відамлянскім”: тут больш за 500 га падрыхтавана да яравой сяўбы. Адначасова ў поле выходзяць сеяльныя агрэгаты. На ўчарашні дзень зерневыя і зернебабовыя пасеяны ўжо больш як на паўтысячы гектараў, у т. л. авёс – на 440 га. У пяці гаспадарках распачата сяўба і аднагадовых траў, якім увогуле адводзіцца 4,5 тыс. га. Набліжаецца да завяршэння падкормка азотнымі азімага рапсу, а трэць азімых зерневых іх яшчэ чакаюць. Толькі ў “Белавежскім” яны падкормлены на ўсёй плошчы.

Добавить комментарий