Наталля Дзямчук назапашвае залатую саломку, каб потым стварыць з яе сонечныя цуды

Метадыст Камянецкага раённага Дома культуры па народнай творчасці і фальклоры Наталля Дзямчук вось ужо пяць гадоў запар кожнае лета – з канца чэрвеня да пачатку ліпеня – назапашвае залатую саломку, каб потым стварыць з яе сонечныя цуды, ад якіх (у самым прамым сэнсе!) ідзе цеплыня…

Брылі і абручы, вянкі і картузы, кошыкі і шкатулкі, кветкі і птушкі, коні з доўгімі грывамі і традыцыйныя “павукі”, вазы і пано, мініяцюрныя лапці і званочкі, навагоднія ёлкі і сувенірныя сэрцы, венікі-абярэгі… Усё гэта можна змайстраваць з саломкі – варта толькі займець жаданне. Як займела яго некалі Наталля Аляксееўна. Убачыла чароўныя вырабы з залацістага прыроднага матэрыялу – такія прыгожыя, такія цёплыя! – і вырашыла паспрабаваць. Знайшла ў Камянецкай бібліятэцы кнігі Вольгі Лабачэўскай і Таццяны Рэпінай, паглыбілася ў вывучэнне.

Пазней звярнулася па дапамогу да інтэрнэта, які падарыў знаёмства з чароўным саламяным светам майстрыхі Ларысы Гурджый, на чыім сайце можна знайсці шмат цікавага і карыснага.

Так, спрабуючы і памыляючыся, Наталля Аляксееўна назапасіла дастаткова вопыту, каб сёння перадаваць свае веды іншым. Для дзяцей яна вядзе ў раённым Доме культуры заняткі гуртка “Чароўная саломка” (іх наведваюць 5 дзяўчынак і 1 хлопчык). Прычым, кожны юны майстар працуе над работай, выбранай на свой густ. Адзін стварае шкатулку, другі – капялюш…

Цягнуцца да саломапляцення і людзі больш сталыя ды вопытныя. Шэсць жанчын “залатога ўзросту” ахвотна ходзяць пераймаць вопыт Наталлі Аляксееўны. Напрыклад, сёння адна з яе вучаніц, Валянціна Арсенцьеўна Маскалёва, завяршае шыкоўную высокую вазу, якая ў хуткім часе стане падарункам для любімай нявесткі.

Цікаўлюся тым, як нарыхтоўваюць саломку.
– Галоўнае – зрабіць гэта своечасова, – тлумачыць Наталля Аляксееўна. – Аднак ёсць фактары, на якія мы паўплываць не можам. Напрыклад, мінулы год, багаты на дажджы, “папсаваў” шмат матэрыялу – саломка доўга мокла і ў выніку рэчы, зробленыя з яе, набылі не вельмі эстэтычны колер з адценнем зялёнага.

Сам працэс нарыхтоўкі такі: зразаю сцябліны, прывожу дадому, раскладваю іх пад адкрытым небам на 2-3 дні. Тут таксама важна сачыць за прагнозам надвор’я. Адзін дождж – яшчэ не страшна, а вось два для будучай саломкі – ужо дрэнна. Пасля абразаю каласкі, разбіраю сцябліну на каленцы.

Потым нашы загатоўкі неабходна адбяліць. Для гэтага дадаю ў ваду перакіс вадароду, нашатырны спірт і крыху сілікатнага клею. У атрыманым растворы кіпячу саломку, пасля тройчы прамываю і высушваю. Для залацістага колеру можна праварыць яе яшчэ і ў содзе.

Сухія саломінкі сарцірую па даўжыні і звязваю снапкамі, якія пасля можна паспяхова захоўваць у сухім месцы на працягу некалькіх гадоў.

– А непасрэдна перад работай?
– Саломку яшчэ раз адмочваю ў вадзе.

– З чаго пачынаецца саломапляценне?
– З падрыхтоўкі загатовак: ланцужкоў, што плятуцца з дзвюх саломін, і зубатак – з чатырох. Першыя ідуць у ход, калі майструем кошык або галаўны ўбор, другія – для дэкору хвастоў птушак, доўгіх грыў коней, пялёсткаў кветак.

Дарэчы, на адну вялікую кветку (на здымку – у вазе справа) ідзе 140 (!) саломін.

Сёння Наталля Дзямчук працуе адначасова над некалькімі творамі. Прычым дома ў яе няма ніводнага саламянага вырабу.

– Як жа так?
– Усё раздарыла. Калі чалавек убачыў нешта, зробленае тваімі рукамі, і шчыра захапіўся, як можна не падарыць упадабаную рэч? (Усміхаецца.) Хіба толькі велікодны кошык на месцы – хаджу з ім у царкву.

– Носіце яшчэ нешта саламянае ў жыцці паўсядзённым?
– Капялюш – усё лета. Акрамя таго, у маёй сумцы заўсёды ёсць невялікі сувенір – званочак ці кветка – а раптам некаму падару?

– Чым вам імпануе саломапляценне?
– Гэта вельмі цёплае, жывое рамяство. Ажно свеціцца знутры! А яшчэ ў ім ёсць нешта сімвалічнае. Прынамсі, нашы продкі верылі. Напрыклад, сцвярджалі яны, саламяны “павук” бароніць ад негатыву, таму яго вешалі на Каляды ў чырвоны кут, а потым спальвалі, каб вызваліць месца новаму. Над калыскай немаўляці таксама вісеў гэты выраб з саломкі. Сёння ж яго варыянт невялікага памеру размяшчаюць пад люстрай.

Што тычыцца мініяцюрных лапцікаў, то іх вешалі злева ад уваходных дзвярэй, каб дрэнным людзям дарогі ў дом не было.

– А званочкі?
– Імі патрэбна “пазвінець” і сказаць: “Звон-перезвон, все плохое из дома вон”.

– Як ставяцца родныя да вашага захаплення саломкай?
– Цалкам станоўча. Малодшая дачка Таня дапамагае з нарыхтоўкай і перавозкай, ды і сама любіць плесці.

– Ці кожны зможа авалодаць мастацт­вам саломапляцення?
– О, кожны!

– Так і цягне паспрабаваць!

А вас, паважаныя чытачы?

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий