Настаўнікі прымалі віншаванні…

Штогод у першую нядзелю кастрычніка ўся краіна ўшаноўвае педагогаў. Не выключэнне – і бягучы 2016-ы. Сёлета, 30 верасня, з нагоды цудоўнага свята – Дня нас­таўніка – у Камянецкім гарадскім Доме культуры сабралася шмат прадстаўнікоў гэтай пачэснай і адказнай прафесіі.

Пачыналася праграма святкавання з выставы-конкурсу (з дэгустацыяй!) “Маё смачнае хобі”, яе арганізаваў раённы вучэбна-метадычны кабінет аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў фае ДК. Свае пачастункі прадста­вілі 25 устаноў адукацыі раёна. Якіх толькі страў тут не было! І здобныя вырабы, і мяса, і каўбасы, і вырабы з гародніны і садавіны, і розныя бутэрброды, і гарачы шакалад, і яшчэ шмат-шмат чаго! Дарэчы, уся гэтая “смачная прыгажосць” бы­ла прыгатавана работнікамі ўстаноў адукацыі раёна. Ох, як цяжка было журы выставы-конкурсу вызначыць пераможцаў – самых-самых!

Пасля гадзіны на выставе ўрачыстая сустрэча педагогаў прадоўжылася на сцэне. Напачатку прысутныя зрабілі невялікі экскурс у мінулае: вядучыя прыгадалі, калі ўпершыню ўзнікла гэтае свята – Дзень настаўніка.

Словы шчырай падзякі ўсім педагогам за талент, мудрасць, сардэчнасць, разуменне, імкненне аддаць вучням цеплыню сваёй душы, часцінку свайго сэрца гучалі ад старшыні райвыканкама Валянціна Зайчука, старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Нігерыш, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктара Грыцука і старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалая Сергіевіча.

eda3

Больш за 40 работнікаў устаноў адукацыі атрымалі ўзнагароды – ганаровыя граматы і лісты падзякі. За шматгадовае супрацоўніцтва, значны ўклад у рэалізацыю статутавых задач галіновага прафсаюза і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння Граматай раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі таксама быў узнагароджаны і Уладзімір Мартынец, старшыня савета Камянецка-Жабінкаўскай арганізацыйнай структуры добраах­вотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту. За стварэнне ўмоў для падтрымкі, аховы і зберажэння самабытнай культуры Берасцейшчыны, папулярызацыю яе сярод дзяцей і моладзі, ажыццяўленне дыялогу культур паміж рознымі пакаленнямі і носьбітамі Ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама ўзнагароджаны і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Высокае.

Затым былі падведзены вынікі выставы “Маё смачнае хобі”. Вельмі дапамаглі ў правядзенні яе раённыя камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і арганізацыя РГА «Белая Русь» і яе старшыня Людміла Жураўлёва.

eda2

Па рашэнні журы пераможцай у намінацыі “І мяска, і каўбаска” стала Пелішчанская СШ, “Салодкае жыццё” – Каленкавіцкая БШ, “За самую цікавую фантазію” – Камянецкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Усім ім уручаны каштоўныя падарункі ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

eda1

Дыпломам пераможцы ў намінацыі “Хата славіцца не вугламі, а пірагамі” адзначана Вярховіцкая СШ, “Арт-клас” (за лепшае мастацкае выкананне) – Белавежскі яслі-сад, “За папулярызацыю нацыянальнай кухні” – Камянюцкі яслі-сад, “За лепшае аўтарскае суправаджэнне” – Вайскоўская СШ, “Чакаем у госці” – Амелянецкая СШ. Усе названыя ўстановы адукацыі займелі яшчэ і каштоўныя падарункі ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»

Яшчэ тры школы атрымалі дыпломы пераможцы і грашовыя сертыфікаты на 30 рублёў: у намінацыі “Кухня народаў свету” – Стаўская БШ, “Вершаваная страва” – СШ №2 г.Каменец, “Восеньскі калейдаскоп” – Высокаўская СШ.

eda4

Працягам нашай сустрэчы стала падвядзенне вынікаў конкурсу па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі ў 2016 годзе “Прыгажэй стане Камянеччына мая” і раённай спартакіяды школьнікаў 2015/2016 навучальнага года. На гэтым першая, урачыстая, частка святочнага мерапрыемства скончылася, а працягам яе і прыемным падарункам для ўсіх прысутных стала канцэртная праграма, падрыхтаваная ГДК.

Надзея КІРЫЛЮК, загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета. Фота Івана КАРАГОДЫ.

Добавить комментарий