Наша пераможная чацвёрка

Сёння знаёмлю вас, паважаныя чытачы, яшчэ з чатырма пераможцамі нашай віктарыны “Каменец: знаёмы і незнаёмы”. Гэтыя прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва з радасцю прынялі заслужаныя падарункі, а таксама расказалі крыху аб сабе і тым, чаму цікавяцца краязнаўствам…

Анастасія КАРПЫЗА і Дар’я БУКАЧ (вучаніцы 10 і 11 класаў СШ №2 адпаведна, сяброўкі):
– Мы даўно сябруем з газетай, прыходзілі на заняткі фотаклуба пры рэдакцыі, таму і зацікавіліся віктарынай адразу ж, калі толькі ўбачылі яе на старонцы. Шукалі адказы разам. Як? Кнігу “Памяць” адкрывалі, інтэрнэт-сайты таксама. Апошняе, дарэчы, не дало вынікаў і толькі ўзмацніла наша імкненне разгадаць усе загадкі і таямніцы гісторыі роднага горада.
Самым простым для нас было пытанне, што тычылася вялікага дасягнення Максіма Ліцкевіча. Хто ж пра яго не ведае? Складаней за ўсё вызначаліся са спектаклем, які ставілі ў Каменцы падчас фестывалю “Белая вежа”.
Калі адказы былі знойдзеныя, адправілі іх па электроннай пошце. Краязнаўчая работа была вельмі цікавай!

Анастасія Карпыза.                                                                                       Дар’я Букач.

Марына НІГІРЫШ (бібліятэкар аддзела абслугоўвання Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя У. Ігнатоўскага):
– З раёнкай сябрую даўно, бацькі заў­сёды выпісвалі яе, працягваюць і сёння – чытаем усе разам. Чым зацікавіла віктарына? Магчымасцю праверыць свае веды. На некаторыя пытанні магла адказаць адразу, напрыклад, на тое, што тычылася царквы. Тое-сёе шукала ў Су­светнай павуціне, іншыя рэчы – у кнігах. Да таго ж, калі працуеш у бібліятэцы і нямала інфармацыі праходзіць праз цябе, нешта абавязкова запамінаецца, а потым усплывае… Дапамагла яшчэ і логіка – куды без яе? Некаторыя моманты помніла з уласнага дзяцінства.
Цяпер, аналізуючы зробленае, разумею, што памылілася ў пытанні наконт набегаў крыжакоў. Іх было тры, а мне падалося – чатыры. А з “Макбэтам”, якога ставілі ў нашым горадзе, было проста – ніколькі не сумнявалася ў адказе, бо недзе чула пра гэтую падзею. (Марына Віктараўна адзіная з усіх удзельнікаў правільна адказала на пытанне аб тым, які спектакль быў пастаўлены некалі першым у межах фестывалю “Белая вежа” ў Каменцы. – аўт.)

Ірына ІВАХНЕНКА (касір на Беларускай чыгунцы ў Мінску):
– Удзел у віктарыне для мяне – чыстая выпадковасць! Прыехала да мамы ў Каменец, узяла газету, каб паглядзець, што цікавага адбываецца ў раёне. А тут – пытанні пра гісторыю горада! Гэта адразу прыцягнула маю ўвагу.
Не скажу, што ўсё было проста, таму займела памочніка – майго дзядзьку Міхаіла. Абмяркоўвалі з ім кожнае пытанне. Адказы на тыя, што пра старыя назвы вуліц і сучасных пісьменнікаў, я, шчыра прызнаюся, не ведала. Крыху сорамна з гэтай прычыны, ды і ўвогуле, думаю, патрэбна больш цікавіцца жыццём сваёй малой радзімы. Без падмогі дзядзькі наўрад ці знайшла б правільныя адказы. Дзякую яму шчыра!
Я вучылася ў свой час у Дзмітровіцкай СШ, і гісторыя была для мяне адным з самых цікавых прадметаў дзякуючы класнаму кіраўніку Тамары Міхайлаўне Шыбко. Яна сапраўды шмат часу праводзіла з намі, старалася выцягваць у экскурсійныя паездкі, паходы. Я і цяпер не сяджу на месцы, пры кожнай магчымасці выбіраюся ў новае падарожжа!

Марына Нігірыш.                                                   Ірына Івахненка.

* * *
З усіх нашых пераможцаў пакуль што засталіся без падарункаў Ілона Раковіч і Юля Данілюк. З нецярпеннем чакаем іх у рэдакцыі і абвязкова раскажам пра гэтых абазнаных у гісторыі роднага краю людзей на старонках раёнкі. Да сустрэчы!

Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара і з архіва пераможцаў.

Добавить комментарий