У мінулую пятніцу, 17 лістапада, напярэдадні свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – у раённым Доме культуры сабраліся галоўныя героі урачыстасці.
Іграў духавы аркестр Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў, які дарыў прысутным адчуванне свята.
На выставу з яго нагоды прадукцыю прывезлі ААТ “Белавежскі”, “Аграпрадукт”, “Белавежскія сыры”, фермерскія гаспадаркі “Бугаграінвест”, “Млыноўскае”. Узоры ўраджаю гэтага года прадставілі гаспадаркі “АграНіва”, “Усход-Каменец”, “АлександрыяАгра”, “АграПелішча”, “Макарава-Агра”, “АграТурна”…
Пасля уступнага слова вядучых пад апладысменты залы на сцэну вынеслі сімвал ураджаю – вялікі каравай. У кожным акрайчыку хлеба штодзенная праца хлебаробаў. Яго па традыцыі ўручылі старшыні раённага выканаўчага камітэта Валянціну Зайчуку.
З віншавальным словам ён звярнуўся да працаўнікоў гаспадарак. Падкрэсліў, што намаганні камянецкіх аграрыяў вартыя пашаны – раён па выніках абласных спаборніцтваў заняў трэцяе месца на ўборцы зерневых і зернебабовых, а таксама – па вытворчасці алейнага насення рапсу:
– Наш раён на працягу трох апошніх гадоў – пераможца рэспубліканскага спаборніцтва сярод раёнаў за дасягненне высокіх паказчыкаў у эфектыўнасці работы сельскай гаспадаркі. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы гэтага года аграрыі паспяхова справіліся са сваёй задачай. Мы ўжо зрабілі годны зачын: пасеяна азімага рапсу больш на 1 тысячу гектараў у параўнанні з мінулым годам. Наступныя дзевяць месяцаў мы павінны добра працаваць, каб даказаць, што раён годны прыняць абласны фестываль-свята «Дажынкі». Таксама адна з галоўных задач – павышэнне заработнай платы.
У раёне вырашаюцца праблемы эфектыўнага развіцця раслінаводства і жывёлагадоўлі, закупляецца новая высокапрадукцыйная тэхніка. Старшыня райвыканкама адзначыў працу СААТ «Белавежскія сыры», аб’ёмы перапрацоўкі якога за дзевяць месяцаў гэтага года выраслі на 12%. Так, хлебазавод райспажыўтаварыства асвоіў 13 новых відаў вырабаў; павялічыў больш як удвая экспарт прадукцыі да ўзроўню мінулага года ТАА “Аграпрадукт”. Нядрэнныя паказчыкі маюць Вярховіцкі крухмальны завод, Камянецкі райаграсэрвіс, прадпрыемства меліярацыйных сістэм…
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Нігерыш у сваім звароце да працаўнікоў сяла пажадала ім новых працоўных поспехаў, эканамічнай стабільнасці, дабрабыту і здароўя: “Не будзе на сталах дароў нялёгкай працы сельскіх жыхароў – не будзе сацыяльнага і эканамічнага дабрабыту ў краіне. Людзі, якія заняты ў сельскай гаспадарцы, – моцныя духам, не баяцца працы, часам без выхадных і адпачынку, ведаюць сваю справу”.
Падзякаваў за значны ўклад у эканоміку раёна механізатараў і жывёлаводаў, кіраўнікоў, спецыялістаў сельгасарганізацый і райсельгасхарча, усіх працаўнікоў вёскі і іх сем’і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вячаслаў Кавальчук.
Для віншаванняў на сцэну падымаліся загадчык сацыяльна-эканамічнага аддзела Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Бараноўскі, а таксама старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, – Аксана Высагроцкая, раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК – Ірына Дуднікава, раённага аграпрамысловага саюза – Віктар Бобр, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» – Людміла Жураўлёва, першы сакратар РК ГА «БРСМ» – Марына Слуцкая.
У спісе свята – больш за семдзесят узнагароджаных, якія годна працавалі на палях і фермах. На сцэну падымаліся лепшыя з лепшых работнікаў гаспадарак і прадпрыемстваў, прымалі заслужаныя ўшанаванні за перамогу ў раённым спаборніцтве (імёны ўзнагароджаных – у №46 «НК»).
Своеасаблівым падарункам стала канцэртная праграма –ярка выступілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дамоў культуры раёна.
Наталля Каўпанька.
Фота Мікалая ШУМА.