Сёлета маленькая камянчанка Насця Скалковіч ідзе ў першы клас. Напярэдадні доўгачаканага Дня ведаў мы прапанавалі ёй фотасесію для раёнкі. Пакуль дзяўчынка ахвотна пазіравала ў форме, з бантам, букетам гладыёлусаў і шчаслівай усмешкай, я пагутарыла з яе мамай Таццянай Валер’еўнай.
– Першакласніцай якой школы стане 1 Верасня ваша Насця?
– Сярэдняй, што пад нумарам 2.
– Што адчуваеце як мама?
– Вялікае хваляванне! Часам здаецца, што гэта я ў першы клас іду. Дарэчы, і сама вучылася ў свой час у той жа самай навучальнай установе.
– Колькі вучняў будзе ў класе дачкі?
– Дваццаць. Прычым, адзін з будучых аднакласнікаў – суседскі хлопчык Арцём. Ён і Насця даўно сябруюць, марылі пайсці ў адну школу і ў адзін клас. Мара спраўдзілася. Магчыма, стануць суседзямі яшчэ і па парце.
– Вы ўжо пазнаёміліся з першай настаўніцай?
– Безумоўна! Гэта – важны момант.
– Рыхтаваліся да школы загадзя?
– А як жа? Насця ўжо ведае ўсе літары і лічбы. Акрамя таго, расказала ёй пра правілы паводзін на ўроках. Потым настаўніца дапоўніць.
– Да рэжыму таксама паступова прывучаеце?
– Даю выспацца. Цяпер жа канікулы! Думаю, з раннім пад’ёмам у нас не будзе праблем. Насця вельмі хоча ў школу, а гэта – цудоўны стымул. Ёй цікава – столькі новага!
– Памятаеце сваё 1 Верасня?
– Прыгадваецца, як адзінаццацікласнікі – такія дарослыя! – вялі нас, пачаткоўцаў, за руку. Ад іх мы атрымалі ў падарунак кнігі. А яшчэ у той дзень кожнаму прышпілілі да формы акцябрацкі значок…
– Усёй сям’ёй паведзяце сваю першаклашку ў школу?
– Гэта абавязкова!
З Днём ведаў цябе, Насця!
Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Республиканский профсоюзный правовой прием граждан состоится 27 февраля
-
Здоровье — наша главная ценность: в СШ №2 г. Каменца прошла информационно-образовательная акция
-
Каменчанин Сергей Сидорук реализовал свою мечу и теперь работает в «Белавиа»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
О ремонтах в ЦРБ и поставках нового медоборудования рассказали в Брестском облисполкоме