Завітаўшы ў Дом самастойнага сумеснага пражывання для пенсіянераў на базе філіяла Камянецкага ТЦСАН у Дзмітровічах, адразу заўважаю перамены, што адбыліся тут з часу апошняга візіту ў снежні летась. І справа не столькі ў паху нядаўна заваранага чаю, не ў вуркатанні пральнай машыны, што працуе сабе цішком і нікому не перашкаджае, не ў гуках музыкі, што ліюцца з тэлевізара. Галоўнае тут іншае – відавочная абжытасць і без таго утульных памяшканняў. Адразу зразумела: першыя насельнікі дома ўжо наладзілі тут свой побыт і гатовы падзяліцца ўражаннямі.
Знаёмімся з трыма жанчынамі “залатога” ўзросту Валянцінай Мікалаеўнай, Лідзіяй Ігнацьеўнай і Тамарай Данілаўнай, а таксама з адзіным (пакуль што) мужчынам у такім “кветніку” – Міхаілам Рыгоравічам. Для размовы выбіраем прасторны пакой, падзелены на дзве зоны: для прыёму ежы і для адпачынку перад тэлеэкранам. Бабулі і дзядуля, даведаўшыся, што я з раёнкі, паказваюць нумар “НК”, дзе ў калонцы навін сельсаветаў бачылі сябе на фота, і пазней (забягу наперад) мне ўсё ж удаецца сфатаграфаваць іх усіх разам за чаем з зефіркамі.
Пакуль запісваю ўражанні насельнікаў дома, на кухні побач завіхаецца загадчык Таццяна Натчук, пра якую яны гавораць з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю. Згадваюць і прыбіральшчыцу Святлану Ганчарэвіч. “Пра што іх ні папросіш, заўсёды дапамогуць!”
На століку побач – шашачная дошка і лато. На тумбе пад тэлевізарам – акуратны аркуш паперы, на якім вялікімі лічбамі запісаны нумары найбольш любімых каналаў бабуль і дзядулі: гумарыстычны, “Дамашні” і той, што паказвае “канцэрт па заяўках” (так тут называюць перадачу з віншаваннямі). Не застаюцца без увагі гледачоў і фільмы. Так, Міхаіл Рыгоравіч зазначае, што “ў іх прыгожыя песні, слухаючы якія, прыемна ўспамінаць сваю маладосць”. Усё ўбачанае на экране абавязкова абмяркоўваецца – добра, што ёсць кампанія. Не абыходзіцца і без чытання: тут і часопісы, і газеты (сярод іншых – наша, падораная на наваселле), і кнігі, якія прыносяць з мясцовай бібліятэкі яе ўважлівыя супрацоўнікі. “Асабліва любім тыя, што духоўнага зместу”, – зазначае адна з бабуль.
Дарэчы, Міхаіл Рыгоравіч часта ходзіць на службу ў мясцовую царкву. Ці будзе яна, па тэлефоне кожны раз загадзя цікавіцца загадчык дома.
– Наш Рыгоравіч, дарэчы, як пераехаў сюды, кінуў курыць, – з гонарам за дзядулю расказвае дырэктар Камянецкага ТЦСАН Алена Шаблінская, дзякуючы якой і адбылася мая экскурсія па доме. – Спярша выходзіў на вуліцу з цыгарэтай, але нашы “дзяўчаты” хуценька яго ад гэтай шкоднай звычкі адвучылі.
Міхаіл Рыгоравіч ківае, згаджаючыся, і ахвотна адказвае на маё пытанне пра яго ўражанні ад жыцця ў новым агульным доме:
– Тут вельмі добра! Кормяць, як у рэстаране. Праўда, сумна трохі. Магчыма, з тае прычыны, што няма ў нас больш мужчын. Вось бы хто прыехаў! Мы б разам у шашкі гулялі, у даміно… Потым, як пацяплее, думаецца, стане весялей – можна будзе на вуліцу выходзіць. Сустрэлі нас тут, як родных. Як сваіх бабуль і дзядуль. Жывём дружна, не сварымся. Кожны скажа, што тут добра. Дзе лепшае месца знойдзеш? Нідзе.
Насельнікаў дома сумеснага пражывання часта наведваюць з гасцінцамі і ўвагай іх родныя і блізкія, раз за разам звініць стацыянарны тэлефон, перадаючы прывітанні і цёплыя словы, якія не менш каштоўныя за ўсе іншыя даброты нашага жыцця. Вось і да Тамары Данілаўны зусім нядаўна тэлефанавала сяброўка Ніна з Брэста…
Дарэчы, вельмі сціплую Тамару Данілаўну тут хваляць за яе кулінарны талент. А Валянціна Мікалаеўна дадае:
– Данілаўна наша вельмі дабрадушная. І пагутарыць, і выслухае, і параіць. Рада, што жыву з ёй у адным пакоі!
– Як вам самой падабаецца тут? – пытаюся. – Вы, наколькі ведаю, засяліліся пазней за іншых.
– Я ў нашым доме з 1 лютага, астатнія – з 6 студзеня. Тут вельмі цёпла, добра, утульна. Жыві ды радуйся! Толькі б здароўечка мацнейшага – і нічога больш для шчасця не трэба. Як прыехала сюды, адразу зразумела, што трапіла ў рай! Догляд добры, і памыцца можна, і адзенне памыць у любы час, і салодкім пачаставацца – усё свабодна. І ўрачы да нас прыходзяць часта, сочаць, дапамагаюць. Вось мы з Данілаўнай кашлялі нядаўна, то доктар выпісала таблеткі – як рукой зняло. А Паўлаўна наша прынесла настойку на сасновых шышках, мёдзе і лімоне. Усім па лыжачцы, як дзецям, выдавала. Вельмі смачна! І карысна. А пахла як! Увогуле ежы нам хапае. Я дык нават паправілася! Відаць, таму, што за кампанію і есці весялей, а дома, помню, неяк не хацелася. Усяго нам тут хапае. Адно толькі шкада, што людзей мала. Можа, баяцца прыязджаць?
– А як вы даведаліся пра гэты дом?
– Расказалі сацыяльныя работнікі Алена Білевіч і Людміла Багамолава, што прыходзілі да мяне па 5 разоў на тыдзень. Можна іх пахваліць у газеце? – з надзеяй у голасе пытаецца Валянціна Мікалаеўна, і адмовіць ёй немагчыма. – Яны мне, як дочкі былі. А Люда гатавала вельмі смачна! Даведаўшыся пра дом, я патэлефанавала сюды (нумар 6-73-03. – рэд.). Падняла трубку наша Паўлаўна, усё растлумачыла – і вось, я тут. Не трэба баяцца!
Калі думаеце, што шмат дакументаў давядзецца збіраць, то скажу, што ўсе свае аформіла за 1 дзень. Калі страшна, што не зможаце самі дабрацца ў Дзмітровічы, то дарма: ёсць жа таксі! Я так і прыехала. Мы вельмі чакаем новых суседзяў. Разам нам будзе весялей. Прыязджайце! Тут вельмі добра! Мы вас сустрэнем!
І як не адгукнуцца на такое запрашэнне? Месцы ў доме сумеснага самастойнага пражывання яшчэ ёсць. Далучайцеся!
Настасся НАРЭЙКА