Вёска Перасек застаецца на карце жывым населеным пунктам дзякуючы некалькім адданым ёй людзям, што і на зіму застаюцца тут. Найперш гэта Любоў Андрэеўна Гусак. Як прыйшла сюды замуж у 1957-м, з той пары ніколі і не пакідала вёску, што ў кіламетры ад яе роднага Вялікага Лесу.
Любоў Андрэеўна Гусак
А лес тут сапраўды знатны, грыбны і ягадны. Не аднаму пакаленню памагаў выжыць, а то і схавацца ад супастата. Дзякуючы лесу ацалела і гэта прыгожая хата на ўскраіне Перасека, у якой сваю 90-ю зіму будзе сустракаць Андрэеўна. Дом збудаваў яе будучы свёкар напярэдадні вайны, і калі ў жніўні 1941-га выпадкова пачуў, што фашысты будуць паліць лясныя вёскі, разабраў новую хату, брус пранумераваў і развёз канём па лесе, схаваў пад елкамі…
Дзедаў дом з важкай гісторыяй і прыгожую сядзібу, акружаную лесам, цяпер трымаюць у парадку двое сыноў Андрэеўны, якая аўдавела ў 50 гадоў. Хоць і жывуць яны з сем’ямі адзін у Каменцы, другі ў Брэсце, але ў родную вёску едуць ахвотна (вось толькі часцей бы грэйдзіравалі дарогу ад Дварцоў да Перасека). Як умеюць, робяць усё, каб было цёпла і ўтульна матулі, да якой некалькі разоў на тыдні прыходзіць сацыяльны работнік. Побач жыве яе малодшая сястра з пляменніцай.
Аўталаўка спыняецца ля веснічак, і калі летам Андрэеўна яшчэ сама выходзіла за пакупкамі, дык цяпер а восьмай раніцы цёмна, і вадзіцель аўталаўкі сам заходзіць у хату за спісам патрэбнага ёй, а праз колькі хвілін прыносіць пакупкі… Пад рукой на стале самыя неабходныя лекі, ля крэсла – кошычак з тэлефонам і від з акна на дарагую сэрцу сялібу. Самоту добра гояць уменне спяваць царкоўныя песні, веданне малітваў на памяць, а то і чорна-белыя фотаздымкі, якія часам разглядае, – іх многа, і на іх яе маладосць.
Вярнуліся на пажарышча
У размове Любоў Андрэеўна не-не ды і вяртаецца да перажытага ў юнацтве, добра памятае 1941-ы, калі ў жніўні немцы палілі тутэйшыя вёскі, падазраючы кожнага ў сувязі з партызанамі, бо лес жа побач.
– Перад тым, як спаліць Вялікі Лес, дзе жыло больш за 300 чалавек, а ў Перасеку было звыш ста жыхароў, немцы загадалі ім выязджаць пад Кобрын, – расказвае Любоў Гусак. – Хто што змог, тое на фурманку паклаў, дзяцей на той скарб пасадзілі і паехалі ў невядомасць. Не паспеў абоз ад’ехаць і два кіламетры, як ззаду занялося на паўнеба полымя: гарэлі хаты і наша прыгожая царква, школа ў Вялікім Лесе, гарэў Перасек… Ля Кобрына, у Астраўлянах, нас распіхалі па хатах, не пытаючыся згоды гаспадароў. Але праз два месяцы мы з бабуляй уцяклі адтуль, пяшком прыйшлі ў Дварцы, дзе былі бацькі маёй мамы. Ды і тут праз які год давялося глядзець смерці ў вочы. Пасля таго, як былі спалены Лескі, немцы ўзяліся за Дварцы. І аднойчы выгналі ўсіх з хат на пляц, дзе цяпер спыняецца аўтобус, і аб’явілі, што жанчыны і дзеці будуць вывезены, а ўсе мужчыны расстраляны. Некалькі гадзін мы правялі ў жудасным чаканні пад наглядам аўтаматчыкаў, але знекуль узялася легкавушка з нейкім іхнім начальнікам, і праз гадзіну нас адпусцілі дадому… Час ад часу мы чулі пра партызан у нашых лясах, але сутыкацца з імі не давялося. Немцы спалілі Вішню, Дзедаўку, Броды, Тарасы… З надзеяй мы чакалі вызвалення ад фашыстаў. Але ж як дорага яно далося – столькі нашых салдат загінула! На ўскраіне Дварцоў іх пахавалі разам, а пасля вайны перавезлі ў брацкую магілу, што ў Каменцы… І ў наш Вялікі Лес не прыйшлі з фронту ажно васьмёра мужчын.
А сяляне вярнуліся на пажарышча, і пачалі будавацца на тым жа месцы, дзе раней стаялі іхнія хаты. Лес на будоўлю было дазволена пілаваць. У Вялікім Лесе, прыгадвае Андрэеўна, толькі адзін гаспадар паспеў зрабіць так, як яе будучы свёкар, – схаваў разабраную хату ў гушчары. Будаваліся цяжка. Мая сённяшняя суразмоўца так і пражыла жыццё з адным класам школьнай адукацыі, бо пасля вайны не было ў што абуцца-апрануцца ўвосень ды зімою…
Дзяўчаты працавалі, як мужчыны
З першага дня, як быў створаны калгас пасля няпростага абагульнення коней, клуняў і іншага, працавала ў паляводстве. Сеялі пакрысе ўсё, ды ўраджаі былі мізэрныя, як і плата за працадні. Але людзі настолькі рады былі, што страшная вайна завяршылася перамогай, – здавалася, усё адолеюць, зменяць жыццё да лепшага. Найбольш помніцца ёй работа з ільном. Мабыць, таму, што і звеннявой брыгады па вырошчванні лёну пазней была. Дзяўчаты самі на падводах вывозілі з кароўніка гной на поле, а пасля коней з плугам і бараной выходзілі з сеўнямі – лён жа сеялі ўручную…
Замуж у Перасек прыйшла ў 1957-м, і калі тут завяршылася будаўніцтва цагельнага завода (залежы гліны побач), пайшла працаваць загрузчыцай цэглы ў печ для выпальвання.
– Работа была цяжкай, не жаночай, але цэглу, як батоны, у печ закідвалі, рук пасля змены не чула. Каля прэса з сырцом па восем гадзін стаяла. А калі выгружалі цэглу з печы, дык гэта ўжо быў гарачы цэх. На гамоўцы часта працавалі – то была нарыхтоўка цэглы-сырцу на зіму… А дома ж чакалі дзеці, была ў нас вялікая гаспадарка. Але ж былі мы маладыя, усё здавалася па сілах.
Працаваў наш завод у тры змены, прывозілі людзей з навакольных вёсак і з Каменца. Былі тут магазін і лазня…
Пра цагельны завод і колішняе шматлюддзе ў Перасеку ўжо нічога не нагадвае. Лес заняў даўнія копанкі, адкуль бралі гліну, зелянее на месцы былых цэхаў. Лес і цішыня. Дзеля іх сюды, у родны Перасек, вярнулася з Брэста Валянціна Мікалаеўна Дзенісюк, калі выйшла на пенсію. У бацькоўскай хаце зіма не палохае – печ надзейная. Гарадскі “муравейнік”, кажа, не для яе. А ў суседстве з аленямі, якія любяць шукаць на агародзе капусту ды моркву, многа спакайней.
У чатырох хатах тут узімку гарыць святло. Не так даўно ў вёсцы зарэгістравалася маладая сям’я брастаўчан – купілі хату для дачы. А вось адмысловы плот ахінуў участак, адведзены для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. У сельвыканкаме ўдакладнілі, што з гэтай мэтай участкі прадастаўлены тром гаспадарам. Дзякуючы тым, хто і сёння цэніць гэтую мясціну, лясная вёска Перасек, мабыць, не знікне з карты Камянеччыны.
Галіна НОВІК.
Рэчыцкі сельсавет.
Это может быть интересно:
-
Единый день информирования населения прошел сегодня в СШ №2 Каменца имени А.И. Самуйлика
-
Профилактическая акция «Пешеход» прошла на территории Каменецкого района
-
Первые достижения юных дзюдоистов в новом году
-
Когда взрослые снова верят в чудо: новогодние поздравления принимал ОАО «Беловежский»
-
Рождество вновь собрало друзей в Каменецком РДК