“Толькі шануючы продкаў, можна дбаць пра нашчадкаў”.
Эдуард ПЕРАГУДА.
Падведзены вынікі раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Мой род, мая сям’я”. Сярод пераможцаў – вучні 10 і 8 класаў Пагранічнай СШ Ірына і Яўгеній Ваўрынюкі. Іх кіраўнік – настаўнік гісторыі Вячаслаў Ваўрынюк.
Даследчая работа называецца “Імёны і прозвішчы майго роду”. Яна ўключае ў сябе генеалагічнае дасье (прозвішча, імя, імя па бацьку, гады жыцця, месцы нараджэння і пражывання, прафесія кожнага члена сям’і – ажно да – уявіце толькі! – прапрапрапрадзядулі) і звесткі аб сямейных рэліквіях (фатаграфіі, дакумент-пасаг, пасведчанне аб шлюбе, напісанае ад рукі на старонцы са школьнага сшытка ў клетку, разнастайныя медалі і пасведчанні аб узнагароджанні імі (“Медаль мацярынства”, 1953 г., “За отвагу на пожаре”, 1974 г., “Ветеран труда”, 1980 г.) і іншае).
У якасці дадатка да даследавання выступілі дзве ранейшыя работы: “Імёны і прозвішчы майго роду”, за якую 8-класніца Ірына Ваўранюк атрымала ў 2014/2015 навучальным годзе Дыплом I ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў па прадметах “З навукай у будучыню” і пахвальны водгук на абласной, і “Гісторыя ў сямейных рэліквіях” (яна і аўтар – 9-класніца Ірына Ваўранюк – адзначаны Дыпломам II ступені той жа раённай канферэнцыі ў секцыі гісторыка-грамадазнаўчых дысцыплін у 2015/2016 навучальным годзе). Кіраўніком другой даследчай работы быў зноў жа Вячаслаў Ваўрынюк, а працаваць над першай яму і Ірыне дапамагала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Ваўранюк (вось які сямейны падрад!).
Вашай увазе – вытрымкі з работы “Імёны і прозвішчы майго роду”.
“Пра свайго прапрадзеда я яшчэ нешта ведаю, а далей, як кажуць, цьмяна. А так хочацца зазірнуць у мінулае, так хочацца ведаць, якім быў, што рабіў, як глядзеў на свет мой прашчур, чым ён адрозніваўся ад мяне, ад нас; што ў нас з ім агульнага, што робіць нас і сёння роднымі, блізкімі”.
“Радавод па бацьку. Я, Ваўрынюк Ірына Вячаславаўна, і мой брат Яўгеній з’яўляемся прадстаўнікамі першага пакалення роду.
Мой бацька – Ваўрынюк Вячаслаў Уладзіміравіч – нарадзіўся ў мястэчку Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Працуе настаўнікам гісторыі ў нашай школе.
Дзядуля, Ваўрынюк Уладзімір Васільевіч, – пенсіянер. Больш за 20 гадоў працаваў дырэктарам школы. Бабуля – Ваўрынюк (Аніська) Людміла Яўгеньеўна – усё жыццё была настаўніцай пачатковай школы…” (Па гэтай лініі ёсць звесткі аб продках да сёмага пакалення. – Н.Н.)
“Радавод па маці. Мая матуля, Карнач Вольга Іванаўна, нарадзілася ў Бярозаўскім раёне, вёска Шылінок. Працуе настаўнікам у Пагранічнай школе. Тут пазнаёмілася з маім татам і выйшла за яго замуж. Дзядуля з бабуляй усё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы… (Ёсць звесткі аб продках да пятага пакалення. – Н.Н.)
“Высветліўшы паходжанне імёнаў майго роду, я прыйшла да высновы, што большасць іх кананічныя, прыйшлі з грэчаскай, лацінскай, яўрэйскай і славянскіх моў. Імя Аляксандр сустракаецца 11 разоў, Таццяна – 7, Кацярына і Іван – 6, Уладзімір – 5, Яўгеній, Анастасія, Марыя – 4, Любоў, Максім, Васілій, Вольга, Людміла, Мікалай – 3, Ірына, Вікторыя, Ганна, Ягор, Дар’я, Аляксандра, Міхаіл, Мікіта, Віталій, Алеся, Ульяна, Валянціна, Аксана, Алена, Станіслаў – 2. 47 імёнаў ужываюцца толькі аднойчы”.
“Цікавая заканамернасць выявілася пры аналізе. Ёсць імёны, якія сустракаюцца толькі ў старэйшага пакалення (бабулі і прабабулі, дзядулі і прадзядулі): Мілання, Еўдакія, Праскоўя, Юстына, Фама, Трыфан, Ціхан, Феадосій, Усцін, Станіслаў, а ёсць імёны, якія сустракаюцца толькі ў наш час: Кіра, Віта, Марк, Вікторыя, Іна, Данііл, Уладзіслаў, Аліна, Вадзім, Віталій, Арцём, Маргарыта”.
“Мною быў сабраны матэрыял па 36 прозвішчах нашага роду. Прааналізаваўшы іх, вылучыла наступныя групы: утвораныя ад кананічных імёнаў (найбольшая група – Астапчук, Піліпчук, Клімчук, Панасюк, Ваўрынюк, Сідарэнка, Давыдзенка, Власаў, Самсонаў, Аніська, Федынка…), утвораныя ад мірскіх імёнаў (Салавей, Жаваранак, Козел, Валканава, Кулікова, Каткавец), прафесійныя (Пушкар, Бандарка, Гайдукевіч, Байкова, Казачук, Бетэня), па асабістых характарыстыках (Кароткіх, Карнаухаў, Карнач), патранімічныя (Аляхновіч), адтэрытарыяльныя (Падгайскі, Браілоўскі)”.
“Ніжэй прыводжу характарыстыку прозвішчаў… (Узяты не ўсе. – Н.Н.)
АЛЯХНОВІЧ. Прозвішча ўзыходзіць да хрысцільных мужчынскіх імёнаў Аляксей і Аляксандр, якія ў перакладзе з грэчаскай мовы азначаюць «абаронца людзей». У аснову прозвішча легла вытворная форма – Алех. Словаўтваральны ланцужок: Алех + овіч– Аляхновіч.
БАЙКОЎ. Такую мянушку давалі чалавеку, які любіў і ўмеў баяць, апавядаць казкі, былі і небыліцы. Бай + оў – Байкоў.
БАНДАРКА. Ад прозвішча Бондар. Бондарам у старыну называлі бачара – рамесніка, які вырабляў бочкі. Бондар+ка – Бандарка.
БАРТАШ. Асновай паслужыла аналагічнае свецкае імя. Наяўнасць другога імені была своеасаблівай данінай старажытнай славянскай традыцыі – даваць чалавеку два імені, каб схаваць галоўнае – царкоўнае – ад “нечысці” і “злых духаў”. Хутчэй за ўсё яно ўтварылася ад грэчаскага імя Барталамеа (“сын старца”), дакладней, ад яго прастамоўнай формы “Барташ”, якая замацавалася ў чэшскай і некаторых іншых мовах. Менш верагоднай уяўляецца этымалагічная сувязь гэтага прозвішча з венгерскім словам “bartor” – “храбры”. Яшчэ адна версія паходжання – з вугорскай мовы прыйшло гэта прозвішча ад імя Барташ. А ў аснове імя слова “барат” – сябар, прыяцель.
БЯЦЕНЯ. Утворана ад слова “бецень”. На Русі беценем называлі духмяную травяністую расліну сямейства парасонавых. Магчыма, такое прозвішча мог атрымаць збіральнік траў, знахар ці кулінар, які выкарыстоўваў гэтую расліну ў якасці прыправы.
БРАІЛОЎСКІ. Ад назвы города Браілоў у Румыніі на рацэ Дунай. Браілоў+скі – Браілоўскі.
ВАЎРЫНЮК. Асновай прозвішча паслужыла царкоўнае чэшскае імя Ваўрынюкес, якое з’яўляецца аналагам рускага хрысцільнага мужчынскага імені Лаўрэнцій, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “ўвянчаны лаўровым вянком” або “жыхар горада Лаўрэнцьеў”. Ваўрынюк – гэта імя па бацьку другога парадку: Ваўрынюк – сын Ваўрына – унук Ваўра. Ваўр – Ваўрын+юк – Ваўрынюк.
ГАЙДУКЕВІЧ. Некалі, у часы прыгону, былі на Украіне і Беларусі ў панскіх маёнтках слугі або паганятыя, якім даручалася наглядаць, як працуе прыгонны люд. Калі дрэнна, ён іх падганяў, крычучы: «Гайда!», і пагражаў, а то і сцёбаў бізуном або плёткай. Словы «гайда!» і «гайдук» прыйшлі з Вугоршчыны, з Балканаў. Але там так называлі яшчэ і партызанаў-паўстанцаў, якія змагаліся супраць феадальнага прыгнёту. Слова «гайдук» і запісвалася прозвішчам для тых, хто быў паганятым ці паўстанцам. У старабеларускай мове сустракаецца гайдук як слуга падчас парадных выездаў багатых паноў або лёгка ўзброены салдат-пехацінец. Гайдук+ евіч – Гайдукевіч.
КАРНАУХАЎ. «Абкарнаў ён мяне», – гаворым мы, калі надта коратка нас падстрыгае цырульнік. Але абкарнаць вуха – гэта ўжо горш. Карнаухі – чалавек з адрэзаным ці знявечаным вухам. Карна-ць +ух-а +аў – Карнаухаў.
КАРОТКІХ. Пачынаецца з прозвішча Кароткі. Звычайна так старажытныя славяне называлі чалавека маленькага росту. Згодна з другой версіяй, гэтае прозвішча звязана з іменем сібірскага злога духа Карачуна. Згодна звычаю, які існаваў на Русі, подобныя імёны даваліся дзецям з мэтай аховы ад злых сіл.
КЛІМЧУК. Адносіцца да распаўсюджаных украінскіх прозвішчаў, утвораных ад хрысцільнага імені Кліменцій (у перакладзе з грэчаскай мовы – «міласцівы» ці «вінаградная лаза»). Клім+чук – Клімчук.
КОЗЕЛ. Прозвішча-мянушка. Лічыцца, што гэта вельмі настойлівы, нават упарты чалавек.
КУЛІКОЎ. Уваходзіць у групу так званых «птушыных» прозвішчаў і паходзіць ад назвы птушкі «кулік». Хутчэй за ўсё, продак, які валодаў гэтым прозвішчам, быў так названы па нейкіх знешніх прыкметах, па падабенству з птушкай (длінныя ногі). Кулік+оў– Кулікоў.
МАЕЎСКІ. Такое прозвішча давалі чалавеку, які нарадзіўся ў маі, або ішоў у гэтым месяцы ў армію, ды не меў прозвішча, або жаніўся вясновай парой. Наогул, па прыкмеце, звязанай з маем. Магчыма, што прозвішча Маеўскі ўтворана ад дзеяслова «маяць», гэта значыць, «марыць, мучыць, стамляць». У такім выпадку Маем называлі неспакойнага, мітуслівага чалавека. Май+ +скі –Маеўскі.
ПАДГАЙСКІ. Хутчэй за ўсё паходзіць ад тапоніма Падгай. Гэтая назва ўтворана ад слова «гай», якое азначае «дуброва, чарналессе; невялікі не хвойны лес». Магчыма, утворана ад імя Гай, што азначае “народжаны зямлёй”. Па другой версіі такое прозвішча меў чалавек, які жыў каля гаю. Пад+гай+скі – Падгайскі.
ПУШКАР. Ад мірскога імені Пушка, якое паказвае на род дзейнасці продка. Пушкаром на Русі называлі альбо артылерыста, альбо рабочага на заводзе, які займаўся адлівам пушак.
САЛАВЕЙ. За аснову ўзята мірское імя Салавей, што азначае – пеўчая птушка, голас якой у славянскай народнай творчасці лічыцца эталонам. Такое прозвішча маглі мець людзі, якія вельмі добра спявалі.
САМСОНАЎ. Прозвішча ўтворана ад хрысцільнага імені Самсон, якое ў перакладзе са старажытнаяўрэйскай азначае «сонечны». Самсон+аў – Самсонаў.
ТРУШЫНА. Ад царкоўнага імені Трыфан, якое ўтворана ад старажытнагрэчаскага слова “tryphon” – “ласкавы”. У аснову ж прозвішча легла простамоўная форма гэтага імені – Труша. Труш+ ын+а- Трушына.
ФЕЦІСКІН. Прозвішча ўтворана ад царкоўнага імені Феакціст (са старажытна грэчаскай Theoktistos – «багамі створаны»), а, больш дакладна, ад яго спрошчанай прастамоўнай формы – Феціска. Феціска, з цягам часу атрымаў прозвішча Феціскін. Феціск +ін– Феціскін”.
Чытаючы гэтыя вытрымкі, нехта, магчыма, знайшоў сярод прозвішчаў сваё, а нехта задумаўся над тым, каб скласці свой радавод. Скончыць гэты матэрыял, думаю, варта словамі, з якіх пачынаецца даследчая работа Ірыны і Яўгенія Ваўрынюкоў… «Французскі вучоны Мартэн зрабіў цікавыя падлікі: у кожнага з нас – маці і бацька, 2 дзяды і дзве бабулі, 8 пра… і 16 прапра… У дзясятым пакаленні ў нас аказваецца па 1024 продкі! Яны на працягу 300 гадоў ляпілі аднаго цябе, мяне, яго, яе…» Яны заслужылі тое, каб іх памяталі.
Падрыхтавала Настасся НАРЭЙКА. Фота з сямейнага архіва ВАЎРЫНЮКОЎ.
Это может быть интересно:
-
На территории области проходит специальная программа «Детство без насилия»
-
Акция МЧС «За безопасность вместе» стартовала на Каменетчине
-
Банан, баньян и…кукуруза: что между ними общего?
-
В сельской местности можно снять деньги с карты. Но есть одно «но»
-
Не оставайся равнодушным – помоги одиноким людям Каменетчины