Моладзь на старонках раённай газеты

Штогадовы раённы конкурс маладых журналістаў пад такой назвай летась паказаў, што ў мясцовай журналістыкі, прынамсі, юнай, – жаночы твар. Усе тры пераможцы – дзяўчаты, таленавітыя, здольныя, са сваім поглядам на тое, што адбываецца побач.

Першае месца журы ў складзе 6 чалавек аднадушна прысудзіла вучаніцы 11 класа СШ №2 Каменца Анастасіі Аніскевіч. Летась яна напісала ў газету аб тым, як удзельнічала ў злёце актыўнай рэабілітацыі інвалідаў-калясачнікаў на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

– Мне хацелася паказаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць жыць актыўна, цікава, разнастайна. Злёт быў для мяне бясцэнным вопытам, – дзеліцца Насця. – Пісала ўпершыню, таму звярталася да аднаго з арганізатараў – Яўгенія Шаўко, каб удакладніць звесткі, ні ў чым не памыліцца.

Запытала, ці ёсць у нашага юнага карэспандэнта тэмы для новых матэрыялаў.
– Ёсць. Напісала б пра тое, што нядаўна ў кантэйнеры са смеццем, што знаходзіцца побач з вуліцай, дзе жыву, знайшлі выкінутых жывых (!) кацянят. Мы з мамай і татам забралі іх дадому, бо нельга ж так з жывымі істотамі!

Дарэчы, чулая душа Насці знаходзіць выражэнне не толькі ў творах публіцыстычных. Магчыма, хутка мы прачытаем і мастацкія празаічныя творы яе аўтарства…

Другое месца заняла вучаніца 10 класа гімназіі г.Каменец Анастасія Яноўская. З ёй чытачы раёнкі добра знаёмыя, асабліва тыя, хто цікавіцца дабрачыннасцю. Чаму? Бо літаральна ўсе свае матэрыялы для газеты Насця піша пра валанцёрства. Яна ўваходзіць у склад атрада “Дабрадзеі”, што дзейнічае пры цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі райцэнтра.

– Свае заметкі пра наша валанцёрскае жыццё пішу заўсёды ахвотна, раюся з нашым кі­раўніком – Аляксандрай Сяргееўнай Дацкевіч, імкнуся, каб людзі, прачытаўшы мой тэкст, вырашылі самі зрабіць нешта добрае для тых, хто побач.

Насця ўжо задумваецца над выбарам будучай прафесіі. Вагаецца паміж некалькімі варыянтамі, прычым адзін з іх – журналістыка. І гэта прыемна.

Трэцяе месца ў конкурсе прысуджана Кацярыне Саванчук, вучаніцы 8 класа Воўчынскай СШ. Яе матэрыял, змешчаны на старонках газеты ў 2016-м, прысвячаўся Масленіцы.

– У нашай школе з нагоды свята было наладжана цікавае мерапрыемства, – успамінае Каця. – Так ярка яно прайшло, што мне закарцела распавесці ўсяму раёну пра гэту падзею. А хто ў такой справе лепшы памочнік, калі не раёнка? Напісала, адаслала – надрукавалі. Гэта была першая мая спроба пяра.

Дзяўчына, дарэчы, марыць стаць фармацэўтам…

Абедзве Анастасіі атрымалі заслужаныя ўзнагароды (дыпломы і скарбонкі) ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сувеніры ад райкама ГА “БРСМ”, блакноты ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і падпіску на 3 месяцы на “Навіны Камянеччыны”) 22 лютага ў памяшканні Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя У.М.Ігнатоўскага, а Кацярыне падарунак і дыплом уручаць пазней у школе, дзе яна вучыцца. Віншуем!

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

Добавить комментарий