Так казалі нашыя продкі, сустракаючы гэта свята, адно з любімых. Як яе, Масленіцу, толькі не называлі: і “сумленнай”, і “шырокай», і нават “разорительницей”. Вядома ж, святкавалі шырока і наядаліся як мага болей, бо наперадзе – пост.
У мінулую нядзелю ў Амелянцы было шумна, смачна і весела. На пляцоўцы перад Домам культуры разгарнуліся сапраўдныя Масленічныя гулянні, удзел у якіх маглі прыняць жыхары вёскі і госці, якія спецыяльна наведалі Амелянец, каб адсвяткаваць пачатак Масленіцы.
Калектыў ДК падрыхтаваў тэатралізаваную праграму, героямі якой сталі галоўныя дзеючыя асобы старадаўняга свята: Зіма (ролю выконвала Сняжана Ільіна), Вясна (Юлія Ліманько), птушкі (Маша Калядзюк і Даша Насевіч), скамарохі (Насця Алехнік і Крысціна Піўнюк), дзед Талаш (Павел Кендысь) і баба (Галіна Таргоня), Дзяды Марозы (Арцём Тарасюк і Максім Дудар), фурман (Аляксандр Піўнюк) ды, вядома, Масленіца (Святлана Самусевіч). Больш як гадзіну героі высвятлялі адносіны паміж сабой, клікалі вясну і танцавалі разам з гледачамі. Не абышлося і без гульняў. Традыцыйнымі забавамі на Масленічным тыдні ў нашых продкаў былі паяданне бліноў на хуткасць, кіданне валёнка, катанне на санях. Вось і ў Амелянцы было практычна гэтак жа. Прыемным сюрпрызам стала выступленне народнага аматарскага калектыву “Камянецкая скарбонка”.
Святочны тыдзень
Масленіца святкуецца 7 дзён: з панядзелка па нядзелю на тыдні, што папярэднічае пачатку Вялікага посту. Увесь тыдзень дзеліцца на два перыяды: Вузкая Масленіца і Шырокая Масленіца. У першыя 3 дні гаспадыням можна займацца хатнімі справамі, прыбіраць. З чацвярга ўсе работы спыняліся. Дазвалялася толькі забаўляцца і пячы бліны.
Панядзелак – “Сустрэча”. Першы дзень называецца менавіта так, бо ў панядзелак сустракалі Масленіцу і пачыналі пячы бліны. Першы з іх па традыцыі аддавалі жабракам і бедным альбо пакідалі на парозе як даніну павагі да сваіх продкаў. Менавіта ў гэты дзень рабілі пудзіла Масленіцы з саломы і іншых падручных матэрыялаў, насаджвалі на кол і вазілі на санках па вуліцах, пасля чаго выстаўлялі на ўсеагульны агляд на галоўнай вуліцы або плошчы вёскі да нядзелі.
Аўторак – “Зайгрышы”. Аўторак традыцыйна быў днём гульняў і забаў. Весялосць пачыналася з раніцы, каталіся на санках, ледзяных горках, каруселях. Па вуліцах хадзілі скамарохі, забаўляючы народ. У гэты дзень клікалі родных і знаёмых на бліны. Зайгрышы былі днём сватаўства ў вёсках. Маладыя людзі прыглядаліся адно да аднаго.
Серада – “Лакамка”. У сераду па традыцыі зяць прыходзіў да цешчы на бліны, якія яна рыхтавала спецыяльна для яго і павінна была ўдосталь накарміць госця. Ад гэтага звычая пайшоў выраз «Прыйшоў зяць, дзе смятаны ўзяць?»
Чацвер – “Разгул”. З гэтага дня пачыналася Шырокая Масленіца. У чацвер звычайна праходзілі кулачныя баі і гульні «сценка на сценку», у якіх маладыя людзі паказвалі сваю сілу, красуючыся перад дзяўчатамі і нявестамі. Дзеці і моладзь хадзілі па хатах з бубнам, ражкамі, балалайкамі, спяваючы калядкі. Іх ахвотна частавалі прысмакамі, перадавалі прывітанні і паклоны іх бацькам і сваякам.
Пятніца – “Цешчыны вячоркі”. У гэты дзень зяць запрашаў цешчу да сябе на бліны. Бліны пякла дачка – жонка зяця, які павінен быў прадэманстраваць сваё добрае стаўленне да цешчы і яе блізкіх. Сямейныя вячоркі замацоўвалі адносіны паміж роднымі, а агульная весялосць нагадвала аб хуткім набліжэнні доўгачаканых вясны і цяпла.
Субота – “Залоўкіны вячоркі”. Цяпер ужо нявестка з пашанай запрашала сваякоў мужа ў дом на бліны. Калі сёстры мужа былі незамужнімі, нявестка запрашала сваіх незамужніх сябровак на агульныя вячоркі. Калі ж наадварот, нявестка клікала сваю замужнюю радню.
Нядзеля – “Провады Масленіцы”, Даравальная нядзеля. У гэты дзень блізкія людзі просяць адзін у аднаго прабачэння за ўсе нанесеныя за год непрыемнасці і крыўды. Таксама ў Даравальную нядзелю было прынята хадзіць на могілкі і памінаць памерлых сваякоў.
Падрыхтаваў Дзяніс ТРАЦЮК.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
В Каменецком районе начнет курсировать новый автобусный маршрут
-
В Долбизно прошел сельский сход с представителем областного управления МЧС
-
В Высоковской городской больнице грандиозные изменения. Что здесь делают?
-
В Высоком прошел региональный фестиваль для граждан пожилого возраста «Мы вместе»
-
Ветераны “Беловежских сыров” вернулись на производство. Зачем?