Людміла Прымаковіч – дзяўчына, якая любіць фізіку

Нешматслоўнасць. Удумлівы, засяроджаны позірк. Выдатнае валоданне сабой. Усё гэта яна – вучаніца 10 класа Высокаўскай СШ Людміла Прымаковіч. Знаёмства з ёю пачалося для мяне задоўга да сустрэчы, калі даведалася аб адным цікавым факце са школьнай біяграфіі дзячыны, які гаворыць сам за сябе. У атэстаце Люды за 9 клас – толькі “дзясяткі”.

Цікаўлюся любімым школьным прадметам маёй гераіні і прадчуваю адказ: “Усе!” Між тым, выбіраючы профіль навучання, яна спынілася на фізіка-матэматычным. А ўжо між гэтымі дзвюма дысцыплінамі не вагаецца ніводнага імгнення: фізіка.

– Яна дае магчымасць растлумачыць усё на свеце, – расказвае пра свой выбар Люда.

Гэты няпросты прадмет дзяўчына вывучае пад пільным і ласкавым адначасова кіраўніцтвам Святланы Васілюк, якая “вельмі даступна і зразумела тлумачыць матэрыял” (цытую маю гераіню).

dav

Летась Людміла Прымаковіч заняла 1 месца ў раённай алімпіядзе па фізіцы, другое – у абласной, а з рэспубліканскай прывезла пахвальны водгук. Сёлета яна паўтарыла свой поспех на двух першых этапах і цяпер актыўна рыхтуецца да таго, які аб’яднае ўсіх лепшых юных фізікаў краіны, каб вызначыць самага лепшага (адбудзецца гэта 25 сакавіка).

Дарэчы, павінна зазначыць, што летась Люда заваявала яшчэ і 1 месца раённай алімпіяды па матэматыцы. Потым давялося выбіраць, куды ехаць “на вобласць”. Вось такая усебаковая адоранасць. (У свой час мая гераіня паспяхова выступіла на рэспубліканскім этапе алімпіяды па “Асновах бяспекі жыццядзейнасці”.)

– Люда – чалавек выключных здольнасцяў, – захоплена апісвае сваю вучаніцу настаўніца фізікі Святлана Васілюк, – і рэдкай працавітасці! Такіх цяпер мала. Яна ўмее канцэнтравацца, валодаць сабой, а гэта ў сукупнасці з ведамі – выдатная аснова для перамог. Сёння мы рыхтуемся да самай адказнай алімпіяды. Сустракаемся літаральна кожны дзень. На канікулах сядзелі над падручнікамі ад раніцы да вечара. Дзе вы яшчэ сустрэнеце такую адданасць сваёй мары? Люда паставіла перад сабой мэту і будзе ісці да яе, упарта, мэтанакіравана.

Пасля школы, дарэчы, Людміла Прымаковіч плануе паступаць на фізічны факультэт БДУ, а пасля яго марыць выкладаць у тым жа ўніверсітэце…

Цікаўлюся, чым яшчэ, акрамя фізікі, напоўнена жыццё дзесяцікласніцы. У яе ёсць час на факультатыў па рускай мове; музычную школу (нядаўна скончыла па класе фартэпіяна); інтэрнэт (нядрэнная крыніца інфармацыі). Пры любых абставінах вяртаецца да лепшай сяброўкі, што вучыцца ў ліцэі ў Брэсце; для малодшага брата Косцю, для якога стараецца быць строгай старэйшай сястрой. Яшчэ Люда захапляецца кулінарыяй (прыахвоціў тата) і медыцынай (уплыў мамы-фельчара “хуткай дапамогі”). На кніжнай паліцы не адлёжваюць бакі любімыя кнігі: “Майстар і Маргарыта” Булгакава, “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча і “Сабор Парыжскай Божай Маці” Гюго. І абавязкова хапае часу на… СЕКЦЫЮ ПА СТРАЛЬБЕ.

І гэта выглядае цалкам лагічна. Бо таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Няхай жа Люда Прымаковіч пацэліць дакладна ў “яблычак” у кожным са сваіх пачынанняў.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота аўтара.