Лэдзі на аўто. Алена Шаўрына

Ніводная пераможца камянецкага конкурсу “АўтаЛэдзі” (няхай іх і было толькі дзве) не абмінула яшчэ раёнкі. Летась мы пісалі пра Марыну Баніну. А на гэты раз галоўнай гераіняй майго аповяду стала Алена Шаўрына.

У раённы цэнтр яна пераехала з Гомеля ў 1991 годзе ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС. Пайшла ў СШ №2, пасля якой вучылася спярша ў Брэсцкім чыгуначным каледжы, потым – у Расійскім дзяржаўным сацыяльным
універсітэце ў Мінску. Менавіта вышэйшая адукацыя і вызначыла будучы працоўны шлях.

Елена Шаврина. Авто-Леди-2016
Елена Шаврина. Авто-Леди-2016

РАБОТА
З кастрычніка 2015-га Алена Шаўрына працуе спецыялістам па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў пры Камянецкім ТЦСАН. Арганізоўвае для сваіх падапечных разнастайныя мерапрыемствы, паходы ў кіно і спартыўны комплекс, дзе можна пагуляць у тэніс. Вядзе заняткі двух гурткоў: “Мой камп’ютар”, “Салон прыгажосці” (для дзяўчат) і пасяджэнні клуба “Сузор’е надзей” – для бацькоў маладых інвалідаў.

– Я для маіх рабят і настаўнік, і сябар, і часам псіхолаг, хаця ў цэнтры ёсць свой, прафесійны, – распавядае Алена. – Зносіны будуюцца даволі проста, бо нашы юнакі і дзяўчаты вельмі адкрытыя, шчырыя. Заўсёды, што б ні было, вераць у дабро. Гэтаму варта ў іх павучыцца.

Акрамя таго, у абавязкі спецыяліста ўваходзіць абследаванне ўмоў жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў раёне, нярэдка выпадае дапамагаць ім, накіроўваць пэўнае пытанне ў неабходную інстанцыю.

ДОМ
У кастрычніку сёлета Алена і яе муж Аляксандр, які працуе ў райвыканкаме, адзначаць алавянае вяселле. У сям’і падрастае чатырохгадовы сынок, пра якога мама можа расказваць бясконца.
– Кірыл – вельмі рухавы хлопчык, ніколі не сядзіць на месцы. Ды і як, калі столькі ў яго абавязкаў? Сын пастаянна клапоціцца пра нашых хатніх гадаванцаў. Штораніцы перш-наперш спяшаецца карміць любімага ката Сямёна, які, дарэчы, жыве з намі столькі ж, колькі існуе сям’я, – 10 гадоў. Своеасаблівы талісман…
Акрамя таго, Кірыл сочыць і за парадкам у акварыуме. Да слова, наш вусаты-паласаты цудоўна ўжываецца ў адной кватэры з рыбкамі, увогуле на іх не зважае. Відаць таму, што накормлены заўсёды добра і своечасова. (Усміхаецца.)

Забаўляцца маленькі Кірыл Шаўрын любіць і з машынкамі, і за камп’ютарам. Ідзе ў нагу з часам, з новымі тэхналогіямі, але і пра традыцыі не забывае. У шэрагу сваіх захапленняў Алена называе кіно і развядзенне архідэй. Гэтых вытанчаных раслін у яе ўжо 12. Акрамя таго, прыносіць задавальненне і работа
ў агародзе.

АЎТО
“Фальксваген Шаран”, які лёгка давёз Алену Шаўрыну да перамогі ў конкурсе “АўтаЛэдзі-2016”, маладая жанчына ведае ўжо на зубок. Таму ўдзельнічаць у конкурсе выказала жаданне сама. Расказала аб задумцы на рабоце, папрасіла парады ў падборы вобразу. Абмяркоўваліся і Міні Маус, і Багіра… А потым адна з супрацоўніц паглядзела на Алену і сказала: “Давай ты будзеш Пэпі!” Так і вырашылі. Да таго ж, і аўтамабіль сямейнага класа, вялікі і выцягнуты, нагадваў нечым каня, на якім раз’язджала (а часам і сама насіла яго) гераіня Астрыд Ліндгрэн.
– Шчыра дзякую сваёй групе падтрымкі, што складалася з калег! Без іх я не перамагла б! – гаворыць Алена. – Асабліва ўдзячная дырэктару нашага цэнтра Алене Шаблінскай. Гэта наша агульнае дасягненне!

Што ж… Конкурс скончыўся. Жыццё працягваецца. Машына Алены зноў ездзіць па вуліцах нашага горада. І спадарам з ДАІ трэба быць гатовымі да таго, што, спыніўшы той самы “Фальксваген Шаран” для праверкі дакументаў, яны могуць убачыць за рулём “АўтаЛэдзі-2016”.

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий