На будынку Вярховіцкага крухмальнага завода назаўжды застыла лічба “1908”. Прадпрыемства, заснаванае як бровар паспяховым уладальнікам маёнтка Вярховічы панам Роттам, свой другі век сустрэла са значнымі пераменамі. Маю на ўвазе не змену выпускаемай прадукцыі (крухмал замест спірту тут пачалі вырабляць гадоў трыццаць назад) і не статус адкрытага акцыянернага таварыства (завод атрымаў яго 17 лістапада 2000-га), а пачатак доўгачаканых пераўтварэнняў. З плануемай вытворчасцю дадатковых – спадарожных – відаў прадукцыі.
У размове з цяперашнім дырэктарам прадпрыемства Паўлам Кіркевічам, якому акцыянеры даверылі гэтую пасаду паўтара года назад, пацікавілася, як урэшце ўдалося зрабіць крок у тым накірунку.
– За кошт прыбытку. Калі ў 2014-м было прададзена крыху больш за 400 тон крухмалу, дык з ураджаю бульбы 2015 года – 850 тон. У асноўным, дзякуючы пашырэнню геаграфіі паставак сыравіны. Бульбу на перапрацоўку, у тым ліку тэхнічных сартоў, вязуць да нас не толькі з Брэстчыны. Да таго ж летась уборка клубняў пачыналася пазней, што дало дадатковыя 10 працэнтаў крухмалу.
Асноўная праблема сёлета – зніжэнне крухмалістасці бульбы на чвэрць А гэта больш высокі сабекошт канчатковай прадукцыі, бо для атрымання той жа тоны крухмалу трэба перапрацаваць значна больш сыравіны. Таму і абмяркоўваюцца меры заахвочвання гаспадарнікаў да вырошчвання і тэхнічных сартоў бульбы. Маючы больш крухмалу, яна будзе каштаваць даражэй. Сёння ж пры крухмалістасці 15 працэнтаў за кілаграм бульбы любой тут плацяць 7 капеек, для насельніцтва – без уліку крухмалістасці – 5. Але вяскоўцы значна скарацілі свае соткі, дробную бульбу ў Вярховічы вязуць рэдка.
На 25 кастрычніка на прадпрыемстве перапрацавалі ўжо 3600 тон клубняў, у суткі – 15 тон. Праца наладжана ў дзве змены.Сярэдняя крухмалістасць усяго 13-15 працэнтаў пры аптымальнай ад 15 да 24. Тым не менш, з новага ўраджаю атрымалі ўжо 460 тон крухмалу.
Лагістыка працуе
Геаграфія паставак гатовай прадукцыі таксама пашыраецца. “Крухмальны” лагістычны ланцужок выводзіць на далёкае замежжа. Акрамя расійскіх рэгіёнаў, пра вярховіцкі крухмал ведаюць у Арменіі, Малдове, Украіне, Узбекістане, Кіргізіі. Шырокі аспект ужытку крухмалу вызначае і магчымыя рынкі збыту, бо ён выкарыстоўваецца ў харчовай, тэкстыльнай, хімічнай, фармацэўтычнай, папяровай і іншых галінах прамысловасці.
У сезон праца ў Вярховічах наладжана ў дзве змены, і сёння тут занята 30 чалавек. Пастаянную работу маюць 20 з іх. У тым ліку даглядаюць і гумусныя градкі ў асобным цэху – тое “ноу-хау” з выкарыстаннем вермікультуры (лац. vermіculus чарвячок) і адходаў перапрацоўкі з’явілася пры былым дырэктары прадпрыемства Мікалаю Панасюку. Зроблена спроба зацікавіць вярховіцкім гумусам палякаў, азнаямленчая партыя яго адпраўлена ў суседнюю краіну.
Нам бы безадходную вытворчасць…
Тэма адходаў – асобая, бо штодня з тэрыторыі вывозяць на 20-гектарны палетак прадпрыемства 10-15 аўтамашын з бульбяной мязгою, з якой выціснуць увесь крухмал немагчыма. Для корму жывёлы гаспадаркі бяруць мязгу неахвотна, лічаць, што надта клопатна са “скоропортом”. Аднак у Іванаўскі раён вывезена яго ўжо каля 300 тон. Праблема знікне, калі будзе абсталяваны малы цэх (памяшканне ёсць) для выпуску вільготнай і сыпучай мязгі. Апошнюю скарыстаюць і для прыгатавання камбікармоў, выраб якіх таксама плануюць наладзіць у Вярховічах. Адбылася папярэдняя дамоўленасць аб пастаўцы з Мінска адпаведных механізмаў.
На сённяшні дзень амаль усё абсталяванне на прадпрыемстве з нержавейкі. Павялічыўся аб’ём вытворчасці за кошт дадатковых ёмістасцей для адстойвання крухмальнага малачка. У маладога дырэктара шмат цікавых задумак, але ўсе яны падуладныя адной: наладзіць безадходную вытворчасць. І пакуль што асноўная доля прыбытку накіроўваецца на “пераўзбраенне” завода.
Галiна НОВIК. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
С коллективами электрических сетей и представительства Белгосстрах по Каменецкому району состоялись диалоговые площадки
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў сёння ў СШ №1 Каменца імя Л.С. Паеўскага
-
Тренинг для руководящего состава участковых избирательных комиссий прошел сегодня в Каменецком районе
-
Единый день информирования населения прошел сегодня в СШ №2 Каменца имени А.И. Самуйлика