Аўтографы і лісты ад знакамітых беларускіх пісьменнікаў ёсць у калекцыі жыхаркі Белавежскага

Пісьменнікі Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Алесь Пісьмянкоў, Леанід Левановіч, Вольга Іпатава, Уладзімір Ліпскі, Уладзімір Юрэвіч і Леанід Дранько-Майсюк, родзічы беларускага класіка Максіма Гарэцкага: дачка Галіна і пляменнік Радзім, дачка Адама Бабарэкі… Што звязвае ўсіх гэтых людзей, акрамя прамых адносін да літаратуры? Ды тое, што падпісаныя імі кнігі і напісаныя імі лісты ашчадна захоўваюцца ў багатай калекцыі Ганны Корсак з Белавежскага.

Яна пасялілася ў гэтым зна­камітым аграгарадку Камянеччыны ў 2013-м, перабраў­шы­ся з Віцебскай вобласці блі­жэй да дачкі-брастаўчанкі, якой так неабходна была тады падмога ў выхаванні нованароджаных двайнятак. З вёскі Таргуны, дзе 37 гадоў (!) адпрацавала ў базавай школе нас­таў­ніцай беларускай мовы і літа­ратуры, Ганна Парфенаўна прывезла не толькі шмат каштоў­ных успамінаў, але і матэрыяльныя іх сведчанні – усе тыя кнігі, канверты, лісты і вінша­вальныя паштоўкі, якія вы бачыце на фатаграфіі.
Шчырую любоў да роднай мовы Ганна Корсак прывівала сваім вучням не толькі падчас школьных урокаў, але і на занятках этнаграфічнага гуртка “Спадчына”, праз які прайшло нямала дзяцей (у тым ліку і дзве дачкі самой настаў­ні­цы). Варта адзначыць таксама той факт, што шасцёра яе вуч­няў сталі педагогамі – выкладаюць беларускую мову, адзін – рэдактарам Докшыцкай ра­ённай газеты, а яшчэ адзін – начальнікам аддзела па адука­цыі мясцовага райвыканкама…

Як жа з’явіліся ў калекцыі Ганны Корсак першыя каш­тоў­насці?

Гэта было наканавана. Хаця б з той прычыны, што малавядомыя на той час Таргуны былі самым цесным чынам звязаны з выбітнай асобай нашага класіка Максіма Гарэцкага. Яго любімая жонка Леаніла, паплечніца і дарадчыца, была родам менавіта з гэтага маленькага куточка на Віцебшчыне.
Ганна Парфенаўна не магла пакінуць такі значны факт без увагі і ў год 100-гадовага юбі­лею пісьменніка выправілася ў яго родную Багацькаўку, дзе тады было вырашана ладзіць штогадовыя Гарэцкія чытанні. Спярша настаўніца была іх слухачом, потым – удзельнікам. Падчас мерапрыемстваў па­знаё­­мілася з пляменнікам Мак­сі­ма Гарэцкага, геолагам, чле­нам-карэспандэнтам Акадэ­міі навук Беларусі Радзімам Гарэц­кім, а вось да Галіны Максі­маў­ны Гарэцкай паехала па ўласнай ініцыятыве ажно ў Санкт-Пе­цярбург. Пазней дачка пісь­мен­ніка завітала ў Беларусь, у ма­ленькія Таргуны, дзе ў 1993-м намаганнямі Ганны Корсак шырока святкаваў­ся 100-гадовы юбілей Леані­лы Гарэцкай.

На глебе глыбокай павагі да беларушчыны зарадзілася і доўгае, часам праверанае сяб­роўства з Нілам Гілевічам, Ян­кам Брылём, Алесем Пісьмян­ковым, з якімі Ганна Парфе­наўна доўга перапісвалася, мае ўсе выдадзеныя імі кнігі з дарчымі надпісамі.
Калі цікаўлюся, які ў калек­цыянеркі самы дарагі сэрцу аўтограф, яна без роздумаў працягвае “Родных дзяцей” Гілевіча. І ўзгадвае, як у 2016-м паехала на магілу паэта на Каль­варыйскія могілкі ў Мінску, спытала, дзе яе знайсці, і пачула ў адказ: “Ідзіце туды і туды, пабачыце дом з кветак”. І там сапраўды быў цэлы “дом”…
Сваю невыказную любоў да роднага слова Ганна Корсак тлумачыць, у тым ліку, і ўплы­вам матулі, якая скончыла толькі 4 класы польскай школы, але, нягледзячы на гэта, усё жыццё вяла асабісты дзён­нік і ведала на памяць палову твораў Адама Міцкевіча.
У імкненні да захавання роднай мовы падтрымліваў Ганну Парфенаўну і яе муж, дырэктар той самай Таргуноўскай БШ, перадалося гэта ў спадчыну і дочкам – на чарзе 6 унукаў. І, мяркуючы па тым, што кожнае лета яны праводзяць у бабулі, беларуская мова хутка стане для іх сваёй.

Пра тое пісьмо

Ёсць у калекцыі Ганны Корсак і яшчэ адно незвычайнае пісьмо, пра якое менавіта ў лютым расказаць будзе асаб­ліва дарэчы, бо зусім нядаў­на, 27 студзеня, адзначалася 76-я гадавіна вызвалення вязняў Асвенцыма. Сярод іх была і Зінаіда Лішакова, наша зямлячка з Віцебшчыны, “любі­мая (чытай – самая вынослівая) пацыентка” доктара Менгеле. У свой час яна напісала адкрытае пісьмо сыну свайго ката, і яно выйшла ў газеце “Извес­тия” (да гэтага ніхто адкрыта не гаварыў пра тое, што адбывалася за сценамі канцлагера).
“О, я хорошо помню вашего отца. Я хотела бы забыть его, но, увы, никогда не смогу сделать этого…
Мне удалось выжить. Я вер­нулась домой. Мама, увидев мое тело (пасля эксперы­мен­таў “Доктара Смерць”. – рэд.), упала, как подкошенная. Ее парализовало. Двадцать один год пролежала она без движения, каждый день проклиная вашего отца…
Да, я живу. Но у меня нет семьи, нет детей, и кожа моя осталась такой же, какой сделал ее палач Освенцима Йозеф Менгеле”.
Якім жа чынам звязаны жанчына, што напісала гэтыя страшныя словы, і Ганна Корсак? Зноў праз газету… У канцы 80-х мінулага стагоддзя Ганна Парфенаўна прачытала ін­тэрв’ю Зінаіды Лішаковай, у якім тая засмучалася з прычыны немагчымасці купіць неабходныя ёй лекі.
– Я знайшла тую “Карбак­сілазу” і выслала Зінаідзе, – успамінае Ганна Парфенаўна. – А потым, у сакавіку 1987-га, прыйшоў ліст з удзячнасцю, з яго мне асабліва запомніліся такія радкі: “Как подумаешь, так уже и смысла нет никакого лечиться. Старость пришла. В ап­реле (7) будет 64 года. Целая вечность. А сам акт смерти все равно страшен. А в этом году особенно я занепала. Вместо человека остался мешок с диаг­нозами. Последние силы уходят с космической быстротой”.
Ліст як рэліквія захоўваецца сярод кніг, побач з пажаў­це­лымі ад часу дакументамі перыяду Вялікай Айчыннай, вы­дадзенымі родзічу Ганны Кор­сак. Бо патрэбна памятаць.

Сёння Ганна Парфенаўна працягвае шмат чытаць па-беларуску (асабліва даспадобы эпісталярны жанр і дзён­нікі), часта наведвае мясцовую бібліятэку і любімымі аў­тарамі лічыць Сяргея Грахоў­скага (асабліва – аповесць “Зо­на маўчання”) з Нілам Гілеві­чам. Думаецца, яе калекцыя будзе расці і далей. Каб саграваць душу і далучаць да беларускасці.
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.

Калі вы, паважаныя чытачы, таксама збіраеце нешта цікавае і гатовы пазнаёміць іншых са сваёй калекцыяй, пішыце нам на электронны адрас nk@kamenec.by ці ў сацыяльных сетках. Будзем рады!