15 верасня – Дзень бібліятэк.
Мінаюць гады, мяняюцца абставіны, і часам можа здавацца, што адлегласць паміж надрукаваным на паперы словам і яго зацікаўленым чытачом становіцца ўсё большай і большай. Цяпер можна скачаць з Інтэрнэта любое выданне і чытаць яго з манітора – куды прасцей? Аднак, бібліятэкар Камянюцкай сельскай бібліятэкі Раіса Рамашка з упэўненасцю гаворыць: папяровыя кнігі будуць заўсёды, а той, хто чытаў іх, будзе чытаць і надалей. Не верыць ёй не выпадае, як чалавеку, што аддаў рабоце ў храме кнігі амаль 35 гадоў жыцця.
Сёння сельская бібліятэка ў аграгарадку Камянюкі складаецца са шматфункцыянальнага банка прававой і дзелавой інфармацыі, утульнай чытальнай залы і абанемента, багатага на выданні на любы густ. Акрамя Раісы Міхайлаўны (дарэчы, паэткі і актыўнага пазаштатнага аўтара “НК”), тут працуе яшчэ і яе дачка Аксана Маркевіч – выконвае абавязкі загадчыка. Вось такі маленькі калектыў, “дамашні” ў самым прамым сэнсе гэтага слова.
Раіса Рамашка абслугоўвае наведвальнікаў чытальнай залы, бо, як сама тлумачыць, вельмі любіць наладжваць зносіны з людзьмі, а таксама рыхтаваць цікавыя мерапрыемствы.
Аксана Валер’еўна, у сваю чаргу, гаспадарыць на абанеменце. “Мне па густу працаваць з каталогамі, – дзеліцца яна. – Адчуваю, што гэта адназначна маё”.
Маці і дачка прыйшлі ў агульную прафесію рознымі шляхамі. Вось як гэта было…
Раіса Міхайлаўна нарадзілася ў вёсцы Плянта, адкуль яшчэ дзяўчынкай пераехала разам з бацькамі ў Камянюкі. Двойчы спрабавала паступіць у медвучылішча, але няўдала, за што цяпер дзякуе лёсу ад усяго сэрца. Калі з марамі аб белым халаце ўрача было скончана, мама параіла юнай Раісе вывучыцца на бібліятэкара, бо гэта – “самая ціхая работа, якую толькі можна ўявіць”. Былі і іншыя парады, напрыклад, паспрабаваць сябе ў якасці культработніка, але… Прыцягненне кнігі пачало дзейнічаць, і ратунку ад яго ўжо не было. Завочна Раіса Міхайлаўна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. У свой час была загадчыкам, а потым перадала гэтую адказную пасаду дачцэ.
Аксана Валер’еўна таксама не адразу адчула сваё пакліканне. Спярша яна атрымала дыплом вязальшчыцы пасля трох гадоў навучання на Брэсцкай панчошна-шкарпэткавай фабрыцы. Безумоўна, нярэдка бавіла час на
мамінай рабоце і неаднаразова чула ад яшчэ адной супрацоўніцы бібліятэкі Ганны Мікалаеўны Кандрашук наступныя словы: “Вучыся, Аксана, нашай рабоце, пайду на пенсію – зоймеш маё месца”. Так, у 2001 годзе і сталася, завочна жанчына скончыла тую ж навучальную ўстанову, што і маці.
Сёння работа бібліятэкі – гэта не толькі выдача кніг. Яна мусіць быць культурным цэнтрам аграгарадка і выдатна спраўляецца з гэтай задачай. Напрыклад, толькі за бягучы год тут праведзена нямала цікавых мерапрыемстваў: вячоркі “Хай свята прыйдзе ў кожны дом” (з нагоды Года культуры яны прысвячаліся абрадам, святам і традыцыям нашага народа); вечарына паэзіі “Я слову роднаму адданы ўсёй душой” (да Міжнароднага дня роднай мовы); прэзентацыя выставы вышытых карцін Аксаны Маркевіч “Мелодыя душы” (так-так, яна яшчэ і вышывае дробным крыжам, і вяжа кручком, і асвоіла арыгамі); свята для дзяцей і іх бацькоў “Сям’я, сагрэтая любоўю, заўсёды надзейная і моцная” (да Дня сям’і)… Акрамя таго, сельская бібліятэка брала ўдзел у Днях горада ў Каменцы і роднага аграгарадка.
Не магла не адбіцца на рабоце храма кнігі ў Камянюках і непасрэдная блізкасць Белавежскай пушчы. Бібліятэка з экалагічным ухілам ужо сёння працуе па мэтавай праграме фарміравання экалагічнай свядомасці юных чытачоў на 2016-2020 гг. Гэтая свядомасць складаецца з ведаў па экалогіі, якія
можна пачэрпнуць, зразумела ж, з кніг, ацэнкі экалагічнай сітуацыі і экалагічных паводзін.
Для дасягнення пастаўленай мэты дасканала вывучаны кніжны фонд для таго, каб вызначыць, што ён можа прапанаваць юнаму чытачу па экалагічнай тэматыцы, тут ладзяцца тэматычныя выставы, Дні адчыненых дзвярэй, вядзецца выдавецкая дзейнасць, вынікам якой становяцца памяткі, буклеты, закладкі, праходзяць экалагічныя турніры, КВН, экскурсіі, акцыі. Акрамя таго, у бібліятэцы дзейнічае аматарскае аб’яднанне “Юны эколаг”, у якім пад кіраўніцтвам Аксаны Маркевіч займаюцца 12 дзяцей.
Нямала ўвагі надаецца і краязнаўчай рабоце, вынікі якой замацоўваюцца на паперы. Так, напрыклад, заведзены спецы-яльныя папкі, у якіх сабраны матэрыялы пра Камянюцкі сельсавет і населеныя пункты на яго тэрыторыі. Асобна захоўваюцца занатаваныя ад мясцовых жыхароў звесткі аб гісторыі Камянюкаў. Ды ўсяго не пера лічыш! Вось толькі некалькі назваў папак-даследаванняў: “Экалагічныя праблемы Белавеж-
скага краю”, “Рэдкія расліны Белавежскай пушчы”… Не згубяцца ў часе і літаратурныя творы мясцовых жыхароў (дзяцей і дарослых) аб Радзіме і прыродзе, а таксама паданні і легенды аб паходжанні назваў мясцовых вёсак – усё гэта захоўвае бібліятэка. Яна цесна супрацоўнічае не толькі з Нацыянальным паркам, але і з цэнтрам рамёстваў і культуры, мясцовымі сельскім Саветам, СШ і школай мастацтваў.
Аказвае бібліятэка і платныя паслугі. Акрамя доступу да камерцыйнага фонду кніжных навінак, гэта яшчэ і паслугі банка прававой і дзелавой інфармацыі, ксеракопіі, раздрукоўкі, дастаўкі выданняў дадому, выдачы на рукі тых, што захоўваюцца ў чытальнай зале.
І галоўнае багацце Камянюцкай сельскай бібліятэкі, безумоўна, – гэта чытачы (іх – 1270, 400 – дзеці). Аксана Маркевіч і Раіса Рамашка ведаюць на зубок густы кожнага. Яны і пагутарыць заўсёды гатовы, і падтрымаць, і дапамагчы. Па маёй просьбе бібліятэкары стварылі своеасаблівую “Дошку гонару”, на якую занеслі імёны лепшых сваіх аматараў кніг.
Цікаўлюся, што часцей за ўсё чытаюць жыхары Камянюцкага сельсавета.
– Звычайна дамскія раманы, дэтэктывы, кнігі ваеннай тэматыкі, – пералічвае Раіса Міхайлаўна. – Апошнім раю Алексіевіч. Бяруць у ахвоту таксама і класіку: нехта знаёміцца ўпершыню, нехта перачытвае. Моладзь выбірае кнігі з серыі “Сталкер”. Чытаюць, што прыемна, і на беларускай мове. Любяць людзі таксама і перыёдыку.
– Ці ёсць тыя, што прыходзяць у чытальную залу штосуботу, каб пагартаць раёнку?
– Ёсць, безумоўна, і такія.
– Што ўвогуле, на ваш погляд, прыводзіць чалавека ў бібліятэку?
– Жаданне адпачыць у цішыні, пад шоргат старонак…
У наступным годзе Камянюцкая сельская бібліятэка адзначыць сваё 65-годдзе. Няхай жа даўжэй яна застаецца тым месцам, дзе яднаюцца кнігі і іх чытачы, кнігі і мы!
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
В преддверии Дня народного единства в Каменце прошла диалоговая площадка
-
На Каменетчине прошла благотворительная кампания «Соберем детей в школу»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
На Каменетчине проходит плановый учебный сбор с военнообязанными территориальных войск района