У калектыве Камянюцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі сёння – 8 супрацоўнікаў. “Пра каго з іх напісаць у газету?” З такім пытаннем звярнулася да загадчыцы гэтай установы аховы здароўя, і Любоў Паўлаўна Самасюк, не раздумваючы ні хвіліны, назвала мне два прозвішчы… Давайце знаёміцца!
“У нас – асаблівыя людзі!”
Людміла Мікалаеўна Якубоўская – акушэрка Камянюцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

– Якім быў ваш шлях у прафесію?
– Пасля Камянюцкай сярэдняй школы паступіла ў Брэсцкае медыцынскае вучылішча…
– …а пасля яго заканчэння прыйшлі на работу ў амбулаторыю. Так?
– Не ўгадалі. (Усміхаецца.) Першым маім працоўным месцам стаў дзіцячы садок у родных Камянюках. Выконвала абавязкі старшай медсястры. Працуючы з дзецьмі, вырашыла атрымаць педагагічную адукацыю ў дадатак да медыцынскай. Вучылася ў педуніверсітэце ў Брэсце, адкуль выйшла з дыпломам і спецыяльнасцю “Настаўнік біялогіі”.
– Чаму ж цяпер вы не ў садку, не ў школе, а ў амбулаторыі?
– Тут у той час, амаль 30 гадоў таму, вызвалілася месца акушэркі. Адмовіцца ад яго не змагла. Аб чым не шкадую.
– Відавочна, любіце сваю работу?
– Люблю. Вельмі! У нас цудоўны калектыў. Асабліва пашанцавала з загадчыцай. Колькі разоў гаварыла пацыентам і яшчэ раз паўтару: калі наша Любоў Паўлаўна пойдзе на пенсію, ой як няпроста давядзецца! Яна ж у галаве трымае медыцынскую картку кожнага. І мы стараемся ў яе вучыцца. Увогуле, я вельмі люблю нашых камянюцкіх людзей. Яны – асаблівыя. Прыемна мець зносіны і з жыхарамі навакольных вёсак: Чвіркоў, Занавін, Белай, Селішча Малога і Вялікага, Пашукоў, Падбелы, Чарнакоў… Іх мы таксама абслугоўваем пасля таго, як зачыніліся два ФАПы.
– Што непасрэдна ўваходзіць у вашы абавязкі?
– Перш-наперш, прафілактычная і санітарна-асветніцкая работа, самая важная частка якой – папярэджанне анкалагічных захворванняў. У нас на ўліку стаяць усе цяжарныя. Калі пачынаюцца роды, перанакіроўваем жанчын у Каменец. Акрамя таго, праводжу гінекалагічны агляд, падчас якога выяўляю хворых і стараюся рабіць усё магчымае, каб дапамагчы ім справіцца з немаччу. А яшчэ раблю падваровы абход. Лепш папярэдзіць хваробу, чым яе лячыць. Дарэчы, сёння, адразу пасля нашай з вамі гутаркі, буду выпраўляцца ў дарогу. Паедзем разам з фельчарам на машыне, што належыць нашай амбулаторыі.
– Вы, напэўна, кожную сваю пацыентку ведаеце і ў твар, і па імені?
– А як жа! Магу нават сказаць, з чым тая ці іншая жанчына можа прыйсці да мяне на прыём. Усе пацыенткі маюць нумар майго мабільніка. Тэлефануюць у любы час – ніколі не адмаўляю ў дапамозе. Як жа інакш? Акрамя таго, да нас даволі часта звяртаюцца турысты, якія жывуць у чатырох камянюцкіх гасцініцах, паляўнічыя таксама калі што – адразу ў амбулаторыю. Работы дастаткова.
– Як бавіце вольны час? Яго ў вас, пэўна, няшмат…
– Выхадны маем адзін. Звычайна праводжу яго ў лесе з мужам за зборам грыбоў ды ягад. Ён у мяне на пенсіі, раней працаваў у паляўнічым аддзеле Нацыянальнага парка. Сын Мікіта з’яўляецца малодшым навуковым супрацоўнікам. Увогуле пушчу люблю без памяці! Яна – сакрэт маладосці. Калі еду некуды, заўсёды сумую па запаведным лесе, па Камянюках… Яшчэ з задавальненнем працую ў агародзе, разводжу кветкі, гатую смачныя стравы для любімых.
“Увага і клопат – цудадзейныя лекі”
Эдуард Кошман – фельчар амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Камянюках. Яго яднаюць з Людмілай Мікалаеўнай і агульная навучальная ўстанова, якую скончылі ў розны час (маю на ўвазе медвучылішча), і тыя самыя падваровыя абходы, што часта робяць разам. За спінай спецыяліста – 12 гадоў вопыту работы ў названай установе аховы здароўя. Чым жа яны былі напоўнены?

– Эдуард Уладзіміравіч, чаму вы вырашылі звязаць сваё жыццё з медыцынай?
– З дзіцячых гадоў не баяўся крыві, урачоў і ўколаў. (Усміхаецца.) А яшчэ ёсць у мяне добры сябар з Відамлі – Аляксей, старэйшы на два гады. Ён таксама носіць белы халат доктара і так захапляльна некалі распавёў пра гэтую прафесію, што я вырашыў: пайду ў мед! Працаваць з людзьмі, мне здаецца, лягчэй, чым з паперамі.
– Вы вядзеце прыём, робіце абход. Што яшчэ?
– Хаджу па выкліках на дом.
– Цяжка?
– Людзі ў нас нядрэнныя. Не асабліва назойлівыя. Прыемна з імі працаваць.
– Напэўна, часцей за ўсё на прыём завітваюць пажылыя людзі?
– Не сказаў бы. Палова нашага насельніцтва – людзі працаздольнага ўзросту. А з бабулямі і дзядулямі навучыўся знаходзіць агульную мову. Ведаеце, іх выслухаеш – лічы, на 70 працэнтаў вылечыў. Памерыш ціск – яшчэ 10 дадаецца. Увага і клопат – цудадзейныя лекі.
– Якімі якасцямі павінен валодаць фельчар, ды і ўвогуле любы медык, каб паспяхова працаваць?
– Міласэрнасцю, у першую чаргу. Па-другое, пацыента трэба сустракаць з усмешкай, добрым, пазітыўным настроем. Усе праблемы варта пакідаць дома.
– Ці маеце хобі – адпачынак для душы?
– Рыбалка! З сябрамі збіраемся вялікай кампаніяй і – у дарогу. Ловім круглы год. Хутка канчаткова ўступіць у свае правы зіма – чакаем з нецярпеннем!
Это может быть интересно:
-
Пятага сакавіка сёлета Кандрату Крапіве споўнілася б 130 гадоў
-
Комментарий сенатора Александра Карпицкого, главного врача Брестской областной клинической больницы
-
Первое заседание ОПЦ в Каменце: конкретно, предметно и по делу
-
Плачет вся Каменецкая библиотека: прощай, мурлыка
-
Две школы каменецкого района стали участниками «звездного» эксперимента