Камянюцкая “Хвіліна славы”

Чым багатая Белавежская пушча? Ледзь толькі пачуўшы гэта пытанне, кожны назаве пракаветныя дубы, магутных зуброў, неабсяжныя плошчы некранутага лесу… Усё так, ды вось толькі ёсць у Нацыянальнага парка яшчэ адзін скарб, самы каштоўны, – людзі. Прычым паспяховыя яны не толькі ў паўсядзенных сваіх рабочых клопатах, але і… на сцэне з мікрафонам у руках. Не верыце? Тады вам варта было завітаць 5 сакавіка ў Камянюцкі сельскі цэнтр рамёстваў і культуры.

10 спевакоў атрымалі ў гэты дзень сваю жаданую “хвіліну славы”, а з ёй – падтрымку калег у глядзельнай зале і бяздоннае мора апладысментаў. У творчым конкурсе сярод супрацоўнікаў Нацыянальнага парка прынялі ўдзел: Анастасія Назарук (бухгалтар), Ірына Бульчук (загадчык турыстычнага комплексу “Перароў”), Аляксандр Нігірыш (будаўнік), Сяргей Бурачэўскі (станочнік цэха пера­працоўкі драўніны Камянюкі)), Вольга Мышленік (інжынер па рэалізацыі аддзела збыту і матэрыяльнага забеспячэння), Во­льга Зарэцкая (супрацоўніца ка­фэ “Сосны”), Таццяна Дзенісюк (адміністратар гасцініцы №2), Аляксандра Дземянчук (дыспетчар інфармацыйна-турыстычнага пункта “Перароў”), Мікалай Мартысюк (электраманцёр) і Аляксей Кузняцоў (электраманцёр).

Перад журы, у склад якога ўвайшлі генеральны дырэктар ДПУ “Нацыянальны парк “Белавежская пушча” Аляксандр Буры, старшыня абласнога прафсаюза работнікаў лесу Аксана Шамякова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Громік і старшыня Камянюцкага сельвыканкама Сяргей Багалейша, канкурсанты выканалі па дзве песні.

Вядучымі “Хвіліны славы” па-камянюцку сталі Антон Каляда і Сяргей Кунц (шоу-дуэт “ДаблФрэш”), якія, прадстаўляючы артыстаў, зачытвалі самыя цікавыя моманты з анкет, запоўненых апошнімі загадзя. Некаторыя расказвалі пра сябе самі, часцей за ўсё – у вершаванай форме, часам – з выкарыстаннем слайдаў.
Рэпертуар уражваў разнастайнасцю. Былі і шчымлівыя лірычныя балады (“Помолимся за родителей”, “Город, которого нет”), і народныя матывы, і маладзёжныя песні (Паліны Гагарынай і MBANDа), і знакамітыя хіты Рыгора Лепса і Сафіі Ратару. Многія спевакі выступалі ў дуэце ці трыа (з сябрамі і роднымі), аздаблялі свае нумары танцавальнымі элементамі (як Аляксандр Нігірыш, чыя дачка Юля паказала яшчэ і элементы з ак­рабатыкі).

Уразіла тое, як шчыра падтрымлівалі сваіх таленавітых калег слухачы (і з Камянецкага, і з Пружанскага раёнаў, дарэчы). Ад гучных “Брава!” і “Малайчына!” твары артыстаў расквечваліся ўдзячнымі ўсмешкамі. На тэ­лефон здымалі таксама многія, каб потым пераглядаць самыя цікавыя моманты і захапляцца: якая багатая талентамі запаветная пушча!
У перапынку паміж двума “кругамі” “Хвіліны славы” вядучыя Антон і Сяргей дадалі ў свой знешні выгляд і настрой у зале крыху мексіканскіх матываў. Разам з імі, дасціпнымі і вясёлымі, слухачы ахвотна танцавалі ды спявалі. Усё свята, дарэчы, было прымеркаванае да Міжнароднага жаночага дня.
Журы, безумоўна, было няпроста вызначаць лепшых хаця б з той прычыны, што лепшымі былі ўсе. Удзельнікі перамаглі свае комплексы, страх перад сцэнай і сарамлівасць. Аднак… Конкурс ёсць конкурс. У выніку былі агучаны імёны трох пераможцаў “Хвіліны славы”, а ўсе астатнія ўдзельнікі былі адзначаны ў асобных намінацыях. Усе без выключэння атрымалі прэміі і кветкі.

У намінацыі “За артыстызм” адзначаны Анастасія Назарук і Ірына Бульчук, “За душэўнасць” – Аляксандра Дземянчук, “За вернасць народным традыцыям” – Вольга Зарэцкая і Таццяна Дзенісюк, “За ўмацаванне сямейных традыцый” – Аляксандр Нігірыш і яго дачка Юлечка, “За смеласць і мужнасць” – Аляксей Кузняцоў. На ганаровым трэцім месцы размясціўся Мікалай Мартысюк, другім – Сяргей Бурачэўскі. І пераможцай “Хвіліны славы” стала Вольга Мышленік, дзве яе песні – хуткая і лірычная – проста зачаравалі і слухачоў, і журы.

Старшыня журы Аляксандр Бу­ры падзякаваў усіх удзельнікаў за свята і зазначыў, што Нацыя­нальны парк па праву можа ганарыцца сваімі супрацоўнікамі – працавітымі, добрымі, шчырымі, таленавітымі, творчымі людзьмі.
“Хвіліна славы” была арганізавана пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй ДПУ “НП “Белавежская пушча” пры садзеянні Камя-
нюцкага сельскага цэнтра рамёстваў і культуры.

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Сяргея БУШЧУКА.

Добавить комментарий