Камянецкі Марцін Ідэн

Лёша Машчук нарадзіўся і вырас у Каменцы. Скончыў мясцовую гімназію. Бліжэй да 11 класа, як і любы выпускнік, пачаў задумвацца пра тое, куды паступаць пасля. Так як на працягу вучобы цікавасць выклікалі гісторыя і геаграфія, і былі здольнасці да замежных моў, Лёша вырашыў паспрабаваць свае сілы на геаграфічным факультэце БрДУ ім. А.С.Пушкіна. Выбраў спецыяльнасць, якая на той момант была яшчэ вельмі маладой, – “Турызм і гасціннасць”.

lesha-1

Але акрамя гісторыі і геаграфіі было яшчэ адно захапленне – музыка. Захапіла яна Лёшу яшчэ ў пачатковых класах, калі бацькі прапанавалі паспрабаваць вучыцца ў музычнай школе. Бацька Лёшы – настаўнік па класе баяна, а маці выкладала сальфеджыа, таму ўсё было вырашына даўно і абмеркаванню не падлягала. Як расказвае сам Лёша, спяваць пачаў яшчэ ў “музыкалцы”, у разнастайных хорах. А ў старэйшых класах ужо свядома пачаў слухаць розных выканаўцаў і думаць пра кар’еру музыкі.
Зараз Лёша працуе мэнеджарам у турыстычнай фірме і з’яўляецца салістам гурта “Martin Iden”.

Свая тусоўка. Гурт “раз”

– Што слухаў у той час, калі толькі пачаў задумвацца пра музычную кар’еру?
– Мабыць, як і ўсе падлеткі – “System of a Down”, “Three Days Grace”, “Tokio Hotel”. З цягам часу ўліўся ў музычную тусоўку Каменца. Нават такая была, як ні дзіўна.
– Як гэта выглядала?
– Вельмі сумна (смяецца).
– Як і калі ты зразумеў, што ёсць вялізнае жаданне паспрабаваць свае здольнасці ў якасці вакаліста?
– Калі ўжо пачаў вучыцца ва ўніверсітэце. На дзень першакурсніка трэба было нешта рабіць, паказаць творчы нумар, і я сказаў, што магу спяваць. Шмат каму тады спадабалася тое, як я гэта раблю, і, напэўна, той момант стаў вырашальным для маёй вакальнай кар’еры.
– Але ж зараз ты не сольны выканаўца…
– Так. На першым курсе трапіў у музычны гурт “BreatheInLife”. У канцы навучальнага года пазнаёміўся з тымі людзьмі, з якімі і пачалі іграць разам. Ужо праз некаторы час мы запісалі некалькі песен, і нават адбылося наша першае выступленне. Як мне здаецца, яно было не вельмі ўдалае.
– А чаму?
– Многія з нашага гурта на той момант былі яшчэ школьнікамі, ды і не ставала вопыту ў тым, як трымацца на сцэне. Можа таму мы крыху разгубіліся і адчувалі сябе няўпэўнена.
– Але ж вы працягнулі выступаць…
– Так. Нават у 2014 годзе ў Пружанах перамаглі ў рок-конкурсе, але атрымалася так, што большасці ўдзельнікаў гурта гэтая перамога была непатрэбная. Палову года пасля гэтай перамогі мы нават не рэпеціравалі, а я ўжо проста не мог без музыкі жыць і пачаў шукаць іншых музыкаў.

Гурт “два”

uc85rfqdozy

– Можна сказаць, што гурт распаўся?
– Так. Менавіта распаўся. Першапачаткова я думаў стварыць новы з нуля: набраць музыкаў, прыдумаць назву і гэтак далей. Але потым зразумеў, што зрабіць так амаль што немагчыма. Нягледзячы на тое, што Брэст – горад немаленькі, знайсці добрых музыкаў не так і проста. Некаторы час маніторыў сацыяльныя сеткі ў пошуках выканаўцаў, якім патрэбны я (усміхаецца). Потым убачыў, што адзін брэсцкі гурт шукае сабе вакаліста. Але калі быць сумленным, то магу сказаць, што гурт быў “гапарскі”, спявалі на рускай мове, але я ўсё ж такі вырашыў паспрабаваць свае сілы і напісаў гітарысту. Праз некаторы час мы пазнаёміліся асабіста. Нават было праслухоўванне, пасля чаго мне сказалі, што мяне бяруць. Так як у маёй галаве ўжо было сваё бачанне гурта, я ім адразу расказаў пра свае задумкі наконт мова песень, назвы і іншага.
– Атрымалася, што ты са сваім статутам прыйшоў?
– Можна і так сказаць (усміхаецца). І мы змянілі назву на “Martin Iden”, пачалі граць музыку іншага стылю і на англійскай мове.
– А што адбылося з тым першым гуртом?
– Нічога. Зараз кожны займаецца нечым сваім.
– А чаму ты вырашыў прапанаваць менавіта такую назву – “Martin Iden”?
– Старая назва, да майго прыходу у гурт, была “Dietest” і мне яна не вельмі падабалася. Так як я вялікі прыхільнік Джэка Лондана, і мне вельмі сімпатызуе яго герой Марцін Ідэн, я прапанаваў менавіта так назваць гурт.
– І што пачалося потым?
– Мы рабілі тэксты на англійскай мове і ўсё для таго, каб наша аўдыторыя стала як мага большай, нават у Беларусі. Рускамоўныя гурты, якія працуюць менавіта ў гэтым стылі, амаль ніхто не слухае. Таму быў толькі адзін шлях – пісаць і спяваць на англійскай.

Пра пірацтва і дэбютны альбом

np40c4p-eb4

– Як ты можаш ахарактарызаваць стыль вашага гурта?
– Сумесь хард-кору і рок-музыкі. Але ёсць і поп-элементы, фанк і гэтак далей.
– Як адбываўся запіс першага трэка? Ці лёгка знайсці ў Брэсце студыю для запісу музыкі і вакалу?
– Такіх у Брэсце ўсяго каля 3-4, але ж запіс вельмі дарагі, тым больш для гуртоў, якія вельмі мала выступаюць за грошы. Запісаць 2 гадзіны вакалу, напрыклад, можна за 30 рублёў. І гэта яшчэ з вялікай скідкай. Добры запіс і ўся пост-апрацоўка будзе каштаваць каля 1000 долараў. А калі пачаць прадаваць песню, то цана будзе вельмі невялікая – 1 долар. Ды і не факт, што кошт запісу акупіцца на прадажах, бо, часцей за ўсё, песню бясплатна спампуюць і будуць слухаць.
– А як асабіста ты ставішся да тых, хто займаецца пірацтвам? Хацеў бы, каб тваю музыку кралі?
– Калі б гэта дапамагала прасоўванню маёй музыкі – так, я быў бы не супраць. Калі гаварыць сумленна, я таксама крыху займаюся пірацтвам. На жаль, зараз няма тых магчымасцяў, каб набываць арыгінальны музычны кантэнт, тым больш, што слухаю я шмат чаго. І давялося б траціць вельмі шмат грошай. Насамрэч, зараз адбываецца такі працэс, калі людзі ўжо амаль не набываюць музыку, і асноўны заробак артыстаў – гэта канцэрты і прагляды відэа на YouTube. Але ж такая схема ў асноўным працуе толькі на поп-выканаўцаў. Для цяжкай музыкі, як наша, усё складаней, і няма адзінай схемы для прасоўвання свайго кантэнту на музычны рынак.
– Вернемся да пытання пра першы сінгл…
– Так… Мы яго запісалі, і магу сказаць, што ў Брэсце яго сустрэлі вельмі добра. Усе водгукі – выключна станоўчыя, і як мы потом даведаліся, сінгл трапіў у топ-50 песень Беларусі за той год (2015-ы – ред.) па версіі Belarus Underground Awards. Магу сказаць, што беларускую музыку менавіта такога напрамку вельмі шануюць за мяжой. Калі недзе напісана, што хард-кор з Беларусі, то ў гурта і іх трэкаў больш шансаў стаць папулярнымі, чым калі будзе напісана “хард-кор з Расіі”.
– Што адбывалася пасля таго, як выйшла першая песня?
– Мы запісалі і выпусцілі наш дэбютны міні-альбом з 5 песень. Пасля чаго пачаліся выступленні ў Брэсце, Мінску… І, вядома, працягвалі пісаць новую музыку.
– Не так даўно выйшаў ваш другі міні-альбом. У чым яго асаблівасць?
– Ён крыху лягчэйшы за першы. Больш разнастайны. Магу сказаць, што гэта – тая праца, якой я ганаруся. Пасля таго, як ён з’явіўся, нас пачалі клікаць на больш сур’ёзныя пляцоўкі і канцэрты.

А што далей?

– Якія планы на бліжэйшы час?
– Пачынаем пісаць новы альбом, і я думаю, што ён будзе паўнавартасны, улічваючы, што цяжкая музыка пакуль у зацішку. Спрабуем знайсці нешта новае, каб слухачу было цікава. Плюс да ўсяго гэтага ёсць вялікае жаданне запісаць нешта ў радыё-фармаце і зрабіць на рускай мове, напрыклад. Безумоўна, плануем паехаць у тур: Брэст, Віцебск, Мінск, Бабруйск… Магчыма, яшчэ ў Піцер і Маскву.
– Ці можа быць такое, што пасля запісу песні ў радыё-фармаце гурт зменіць свой стыль?
– Так, гэта можа здарыцца. На апошнім канцэрце мы ігралі кавер-версію песні гурта Lumen “Сид и Ненси”. І нам, і тым, хто прыйшоў на канцэрт, спадабалася выкананне ў такім стылі.
– А якую музыку слухае сам Аляксей Машчук?
– One Republic, Panic! At The Disco, Brendon Urie, Young Guns. Слухаю і поп-музыку. Напрыклад, спадабаўся апошні альбом Nathan Sykes.

Пра грошы і славу

– Ці зарабляе гурт грошы на канцэртах?
– Пакуль што мы не атрымлівалі грошай за выступленне. Было некалькі разоў, калі нам аплачвалі білеты на цягнік. Вось калі ўсё складзецца добра і мы паедзем у той тур, які плануем, то там атрымаецца крыху зарабіць.
– А ці не было ў цябе жадання выступаць сольна?
– Летам была такая думка. Хацеў зрабіць акустычны праект, але з гэтага пакуль нічога не атрымалася. У планах ёсць запіс песні, але пакуль не ведаю, будзе гэта на англійскай ці на рускай мове. У любым выпадку, прыярытэт пакуль – гэта гурт. А сольная праца – выхад за рамкі, па-за межы камфорту.
– Да чаго рухаецца “Martin”?
– Да славы (смяецца). Насамрэч, наша мэта – стаць вядомымі і паспяховымі выканаўцамі ў СНД.
– З музыкай, якую вы робіце, гэта рэальна?
– Так, рэальна. Галоўнае – прасоўванне гэтай музыкі. Можна запісаць вельмі якасны альбом, але ж без адпаведнага прасоўвання пра яго ніхто не даведаецца. Каб людзі даведаліся пра гурт, трэба ўкласці грошы ў рэкламу.

Стары шоўбізавы асяродак

– Чаго, на твой погляд, не хапае беларускай музыцы?
– Маркетынгу. Нават калі нашыя тэлеканалы спрабуюць рабіць нейкае музычнае шоу, па насычанасці і якасці яно саступае ўкраінскім альбо расійскім аналагічным прадуктам. Калі ў Расіі ёсць свае музычныя лэйблы, то у нас іх няма. Увесь шоўбізавы асяродак у Беларусі ўжо стары. Мабыць таму большасць артыстаў проста з’язжае на мяжу, у тую ж Расію, каб спяваць там. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба, кожны ведае, што гурты Nutekі і IOWA пачыналі менавіта на сваёй Радзіме, а потым пераехалі туды, дзе ёсць магчымасці.
– А твой гурт паехаў бы ў Маскву, калі б там прапанавалі дапамогу і паабяцалі зрабіць з вас зорак?
– Галоўнае – гэта матэрыял. Без яго музыкі нікому не будуць патрэбныя. Калі ён трапіць у рукі патрэбных людзей, то выйсці на новы ўзровень – не праблема. Але, акрамя раскруткі, патрэбны вобраз, каб знешні выгляд адпавядаў усім трэндам і самой музыцы, якую мы выконваем. І, вядома ж, на канцэртах павінна быць шоу. Зараз людзі не прыходзяць на канцэрты, каб проста паслухаць выканаўцу ўжывую. Большасць жадае шоу.

Падсумаванне

lesha-2

– Кім ты бачыш сябе праз 10 гадоў?
– Паспяховым мэнеджарам у сферы турызму і вакалістам музычнага гурта, на канцэрты якога ходзіць шмат людзей. І, канешне ж, мы ездзім у туры, як мінімум, 2 разы на год (усміхаецца).
– Кім хацелі б бачыць цябе бацькі праз 10 гадоў?
– Чалавекам, які нечага дасягнуў у гэтым жыцці.
– Якой ты бачыш Беларусь праз 10 гадоў?
– Квітнеючай. Ва ўсіх сэнсах (усміхаецца).
– Дзякуй вялікі за размову.
– Калі ласка!

Дзяніс ТРАЦЮК. Фота аўтара.

Добавить комментарий