Камянчанка Анастасія Раманюк – пра мары, мовы, Веру і святло

 У 2017-м, напярэдадні апошняга школьнага званка, мне пашчасціла пазнаёміцца з выпускніцай СШ №2 Каменца Анастасіяй Раманюк. Сёння яна – студэнтка трэцяга курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а гэта азначае, што мары здзяйсняюцца, калі вельмі жадаць і старанна працаваць! Чым цяпер жыве наша зямлячка? Запытаем…

– Якія замежныя мовы ты вывучаеш? Англійскую (гэта памятаю з інтэрв’ю трох­гадовай даўніны) і… Чым яны табе імпаніруюць?

– Англійская – мая асноў­ная мова, у мінулым годзе крыху вывучала іспанскую, а ў гэтым у мяне пачалася другая абавязковая для вывучэння – нямецкая. Выбіраючы яе, разважала практычна – проста паставіла перад сабой пытанне: “Дзе і якім чынам я змагу гэтую мову выкарыстоўваць?” У выніку спынілася на нямецкай. У той час яна здавалася мне грубай, агрэсіўнай, а яшчэ старшакурснікі палохалі тым, што кафедра бязлітасная. Але, тым не менш, цяпер заканчваецца першы год вывучэння, і з упэўненасцю магу сказаць, што вельмі задаволеная! Цяпер мне падабаецца гучанне гэтай мовы!

– Якую яшчэ хацелася б за­своіць?

– Над гэтым яшчэ не задумвалася, бо для таго, каб вывучыць мову належным чынам, неабходна выдаткаваць на гэта шмат часу, прыкласці максімум намаганняў. Але, у цэлым, думаю, спынілася б на якой-небудзь з еўрапейскіх моў: да азіяцкай культуры не­як не цягне…

ПРА ПРАФЕСІЮ

– Магчыма, даводзілася выязджаць за межы нашай краіны на моўную практыку (калі яшчэ была магчымасць)?

– На жаль, не, але ў мяне быў незабыўны вопыт падчас другіх Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Перад імі мы пісалі вя­лізны тэст на ўзровень ведання англійскай мовы. Відаць, мой вынік быў нядрэнны, бо мне дасталася адна з самых ціка­вых і ў той жа час складаных пазіцый на міжнародным спар­тыўным форуме. Я была у ней­кім сэнсе журналістам!

Работа заключалася ў тым, што назірала за гульнёй у настольны тэніс, развіццём падзей, вывучала біяграфіі спарт­сменаў, іх рэйтынгі, паражэн­ні і перамогі, і на аснове гэтага складала пытанні для інтэр­в’ю. На англійскай мове, вядома ж. Пасля завяршэння гуль­ні ішла ў зону для інтэрв’ю і гутарыла са спартсменамі. Колькі розных акцэнтаў я пачула та­ды! Да таго ж, сказаць, што дыялогі былі эмацыяналь­ны­мі – не сказаць нічога! Здаралася ўсё: ад слёз да ламання ракеткі аб уласную галаву. (Ус­міхаецца.)

 

Далей я апрацоўвала запі­сы з дыктафона і пісала артыкулы. Пасля праверкі самыя цікавыя з іх публікаваліся. Спярша было складана прыдумваць небанальныя пытан­ні, але, на шчасце, у нас быў выдатны кіраўнік. Па нацыя­наль­насці Петэр – швед, працуе ў Лондане журналістам і вельмі часта наведвае падобнага роду мерапрыемствы па ўсім свеце. Ведае некалькі замежных моў. Ён даваў нам каш­тоўныя парады, падказваў, а самае галоўнае – рабіў гэта ўсё максімальна ненадакуч­лі­ва, і яго словы заўсёды неслі выключна рэкамендацыйны, а не загадны характар. Петэр давяраў нам самыя складаныя і адказныя інтэрв’ю, заўсёды быў побач.

Таксама ў нашай маленькай камандзе працаваў хлопец – напалову француз, напалову англічанін. Яго мова была як бальзам на душу, хоць і з цяжкасцю спярша прывыкалі да яе тэмпу. Яшчэ запомніўся адзін спартсмен з Іспаніі, ве-е-ельмі таварыскі і эмацыянальны, у сваю англійскую мову ён часам устаўляў іспанскія словы. Добра, што мой узровень іспанскай дапамог поўнасцю разумець яго.

– Ці была ў цябе педага­гічная практыка ў школе?

– Яна ў нас на 5 курсе. Але ўжо спрабую сябе ў ролі нас­таўніка. Займаюся з малодшы­мі школьнікамі. Не магу сказаць, што гэта лёгка, ніколі не думала, што гэта лёгка, і цяпер пастаянна ў тым пераконваюся. На шчасце, у маім жыц­ці сустракаліся сапраўдныя, проста выдатныя настаўнікі і выкладчыкі, на якіх хацелася быць падобнай. Таму думаю, што спраўляюся нармальна. Але імкнуцца, безумоўна, ёсць куды!

– Ці падпрацоўваеш ты недзе?

– Мне вельмі пашанцавала, што ніколі не было праб­лем з грашыма. Маю ўсё неабходнае дзякуючы бацькам. З дзеткамі займаюся выключна са спартыўнага інтарэсу. Проста хацела паглядзець, як гэта. Да таго ж, калі некаму нешта тлумачыш, сам гэта лепш разумееш. Ну і, у рэшце рэшт, магу крышку падназбіраць на здзяйсненне якой-небудзь маленькай мары. Чаму б і не?

– Не шкадуеш аб выбары прафесіі?

– Не, не і яшчэ раз не! У ін­шым месцы абсалютна сябе не бачу. Ды і куды цяпер без ведання замежных моў?

– Кім марыш працаваць пасля ВНУ?

– Гэта пытанне ўсё яшчэ адкрытае. Ёсць розныя варыянты, але яшчэ не знайшла ідэ­альны для сябе. Каб дакладна зразумець, дзе тваё месца, трэба многае паспрабаваць. Уласна, гэтым цяпер і займаюся.

– Ці цягне вярнуцца працаваць у Каменец?

– Не, хочацца далей разві­вацца, а ў вялікім горадзе для гэтага нашмат больш магчымасцей.

ПРА КАМЕНЕЦ І СТАЛІЦУ

– Сумуеш па родным горадзе? Школе? Ці часта пры­язджаеш?

– Каменец для мяне самае роднае месца. У нейкім з філь­маў чула такую фразу: “самыя яркія зоркі ў горадзе дзяцін­ства”. І гэта сапраўды так. Кожны раз, калі прыязджаю, знаходжу час для прагулкі па го­радзе. І мне вельмі прыемна глядзець, як ён прыгажэе. На жаль, выбірацца атрымліва­ецца не так часта – раз на месяц. Што ж тычыцца школы, я бясконца рада, што вучылася менавіта там, бо ўспа­міны толькі самыя прыемныя. Люб­лю на зімовых канікулах за­ходзіць у госці, сустракацца з настаўнікамі. Здаралася, што планавала зазірнуць літа­раль­на на гадзінку, а знікала на 4. І нягледзячы на змену не­каль­кіх пакаленняў, у школе ўсё яшчэ нас помняць. (Усміхаецца.)

– Падтрымліваеш сувязь з сябрамі школьных гадоў?

– Сказаць, што моцна сябруем і часта маем зносіны, не магу. Ува ўсіх свае справы і мэты. Але ёсць некалькі чалавек, з якімі часта стэлефа­ноў­ваемся і бачымся. Думаю, пасля школы наша сувязь стала толькі мацнейшай. Галоўнае – не згубіцца.

– Знайшла шмат новых сяброў?

– Новых знаёмстваў, безу­моўна, вялізная колькасць. Ну а сяброў шмат не бывае – адназначна! Асабіста я вельмі часта лаўлю сябе на думцы, што мяне атачаюць выдатныя і непаўторныя людзі! У кожнага ёсць чаму вучыцца.

– Дзе ты жывеш?

– У інтэрнаце ў студэнцкай вёсцы. Умовы тут выдатныя! І раён таксама – усё, што патрэбна, у крокавай даступнасці.

– Як табе Мінск? Ці змагла палюбіць яго? Ці можаш сказаць, што ён цяпер ТВОЙ горад?

– Перад паступленнем вель­мі баялася гэтага чужога, мі­туслівага горада. Але мне ха­піла года, каб закахацца і зразумець, што ён не такі ўжо і вялікі. Гадзіны часцей за ўсё дастаткова, каб дабрацца да пэўнага, нават далёкага, месца. Больш за ўсё я люблю начны Мінск, часта гуляю ўвечары, а часам проста саджуся ў аўто­бус ці тралейбус і катаюся па горадзе ў прыцемках. Добры час для таго, каб раскласці ўсе свае думкі па палічках. Сказаць, што гэта на сто працэнтаў мой горад, яшчэ не магу, бо параў­наць практычна няма з чым.

ПРА ЗАХАПЛЕННІ І НЕ ТОЛЬКІ…

– Чым напаўняеш вольны час?

– Яго амаль няма. Але пры першай жа магчымасці іду гуляць, часам бяру з сабой фотаапарат ці тэлефон. Людзі, што даўно са мной знаёмыя, ведаюць маю бязмежную лю­боў да той пары, калі садзіцца сонца. Гэта можна зразумець і па маёй старонцы ў Instagram, дзе яго вельмі шмат.

– Напэўна, тваё грамадскае жыццё па-ранейшаму вельмі разнастайнае… Ці ёсць у ім месца валанцёрству? Можа, з’явіліся новыя актыўнасці?

– Яно сапраўды разнастайнае. Я – у актыве факультэта… Што тычыцца валанцёрства, то заўсёды для гэтага адкрытая, але магчымасцей не вельмі шмат.

– Ці застаецца ў цябе час для спеваў?

– Уявіць сябе без іх проста не магу! З першага курса займаюся ў музычнай студыі нашага ўніверсітэта, удзельні­чаю ў канцэртах і цікавых праектах. А яшчэ ў нашым інтэрна­таў­скім пакоі ёсць гітара. Часам пасля складанага дня яна дапамагае мне “выгаварыцца”. Суседкі любяць (ва ўсялякім разе, кажуць так, калі я спяваю) і часта прыходзяць паслухаць.

– Ці пішаш вершы і пес­ні, як раней? Калі так, то як яны выраслі разам з табой?

– У гэтым рэчышчы маё раз­віццё прыпынілася. У галаве заўсёды вялізная колькасць думак, але сабраць іх разам мне пакуль не пад сілу. Стала чытаць больш вершаў іншых лю­дзей і запамінаць тыя, якія мне блізкія.

– Што зараз чытаеш?

– Літаральна ўчора завяршыла “Выбар” Нікаласа Спаркса. Люблю чытаць, як кажуць, “взахлеб”, таму часцей выдзяляю некалькі дзён і цалкам прысвячаю іх новай гісторыі з кніжных старонак. На жаль, гэта часцей за ўсё адбываецца на канікулах…

– Раней ты спявала ў цар­коўным хоры камянецкага храма. Ці ходзіш на службы ў Мінску? Што кліча цябе да Бога?

– Я і цяпер спяваю, калі пры­язджаю дадому. Хор і службы ў нашай царкве – гэта тое, па чым бясконца сумую. У Мінску таксама хаджу ў храм. Ён зна­ходзіцца вельмі блізка – літа­ральна праз дарогу. Я там ужо “свая”, па вялікіх святах, калі шмат людзей, просяць дапамагчы. Там утварылася свая так званая “маладзёжка”, і кожны тыдзень мы збіраемся.

– Якім быў твой Вялік­дзень сёлета, у сённяшняй няпростай сітуацыі?

– Асаблівым. І, шчыра кажу­чы, крыху сумным. Па-пер­шае, я была далёка ад дома і бліз­кіх людзей. Па-другое, прый­шлося ўстрымацца ад паходу ў храм. Але дзякуючы нашаму бацюшку айцу Сергію і яго па­моч­ні­кам з роднага камянецкага храма вялася трансляцыя службы. Гэта было самым вя­лікім падарункам! Знаёмыя воклічы і напевы далі мне адчуванне прысутнасці. Ледзь стрымлі­ва­лася, каб не пачаць падпяваць, была ўжо глыбокая ноч.

– Як гэта – быць дарослай?

– Цікава, але складана! Я не магу назваць сябе зусім дарослым чалавекам. Мне здаецца, што я недзе на мяжы поўнага сталення. Без парад і падтрымкі бацькоў дакладна не справілася б!

– Што параіш школьні­кам, якім паступаць у бягучым годзе?

– Рабіце ўсё, што ў вашых сі­лах! Старайцеся, імкніцеся. Але не хвалюйцеся, калі неш­та ідзе не так. Жыццё проста ўносіць свае змены, каб у рэшце рэшт вы апынуліся на сваім месцы і сталі тымі, кім павінны быць!

ПРА АКТУАЛЬНАЕ

– І пытанне, без якога зараз, на жаль, ніяк… Чым жы­ве Мінск у сённяшняй сіту­ацыі?

– Увесь горад падзяліўся на дзве часткі: тых, хто яшчэ не зразумеў сур’ёзнасці таго, што адбываецца, і тых, хто старанна выконвае ўсе меры засцярогі. Калі раней ты ішоў у масцы, людзі адназначна ­думалі, што з табой нешта не так. А цяпер усё наадварот: коса зірнуць, калі не апрануў маску ў грамадскім месцы. Маскі ўвогуле асобная тэма. У аптэках іх разбіраюць за хві­ліны. Добра, што мама-швачка ў свой час навучыла мяне трымаць іголку ў руках. Мы з дзяўчатамі з інтэрната купілі тканіны і бінту, нашылі масак на ўвесь блок. Насілі іх, калі яшчэ ездзілі ўва ўніверсітэт, цяпер мы на дыстанцыйным навучанні. Усе вялікія магазі­ны Мінска абавязалі павесіць дазатары з антысептыкамі, але радавацца не трэба. У некаторых дазатарах наліта вада…

На самой справе, карціна так сабе, аптымізму не пры­носіць. Але мы можам менш наведваць грамадскія месцы, выконваць правілы гігіены і не забіваць сабе галаву ўсёй гэтай сітуацыяй. Бо гэта можа паўплываць на псіхіку. Асабіс­та я магу знайсці ў тым, што адбываецца, адзін вялікі плюс. У шалёным рытме жыцця мы сталі забываць, што сапраўды важна, сталі атрымліваць менш задавальнення ад звычайных рэчаў і ўспрымаць усё, як належнае. Мы перасталі цаніць жывыя зносіны…. Сённяшняя сітуацыя, на мой погляд, – узрушэнне для чалавечай свя­домасці. І цяпер усё, чаго я хачу, – гэта прыехаць дадому і сабраць усіх сваіх родных і блізкіх. Хачу без страху гуляць па вуліцах і дыхаць паветрам, што становіцца ўсё больш цёп­лым. Гэтыя, здавалася б, дро­бязі цяпер могуць зрабіць мяне па-сапраўднаму шчаслівай!

👤 Настасся НАРЭЙКА.