Камянеччына на карце Гродзенскай губерніі

Тутэйшыя старажылы без падручнікаў гісторыі добра ведалі, што ў свой час наш край уваходзіў у склад Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Адсюль у 1915-м іх бацькі і дзяды выбіраліся ў бежанства  ў глыб Расіі, а праз шэсць гадоў вярнуліся ўжо ў Беластоцкае ваяводства, утворанае ў 1921-м пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавору.

У верасні 1801 года паводле ўка­за Аляксандра I на карце з’яві­ла­ся Гродзенская губерня як адмі­ністрацыйна-тэрытарыяльная ад­зінка замест Літоўскай губерні (пасля трэцяга падзелу Рэчы Пас­палітай у 1795-м з яе часткі, якая перайшла да Расійскай імперыі, праз год была створана Сло­нім­ская губерня, а яшчэ праз год яе злучылі з Віленскай пад назвай “Літоўская”; праз пяць год яна была аддзелена ад Віленскай і перайменавана ў Гродзенскую).

Тэрыторыя сучаснай Камянеччыны апынулася на стыку Брэсц­кага і Пружанскага паветаў. У яе ўваходзілі часткова або цалкам Вайскоўская, Вярховіцкая, Воўчын­ская, Высока-Літоўская, Дварцоў­ская, Дзмітровіцкая, Жыцінская, Каменец-Літоўская, Палавецкая, Рагачская, Ратайчыцкая, Турнянская воласці Брэсцкага павета і чатыры – Пружанскага, у т. л. Сухапольская. Высока-Літоўск, Воў­чын, Вярховічы, Каменец-Літоўск, Расна мелі статус мястэчак, якія выдзяляліся кірмашамі і крамамі, складам насельніцтва (мяшчанская абшчына пераважна ў яўрэ­яў, сялянская – у беларусаў).

Формай гаспадарання на зямлі было ў асноўным падворнае землекарыстанне, пры якім аб’ектам уласнасці распараджаецца сялян­скі двор. Аднак у выніку недас­татковай забяспечанасці сялян зямлёй таварнасць іх гаспадарак была нізкай. Народныя хваляван­ні ўзнікалі ў вёсках і мястэчках, у т. л. і ў Каменцы, сяляне часам ад­маўляліся выконваць панскія па­віннасці. Аднак нарастаючы рух за зямлю і волю на некаторы час быў спынены нашэсцем напалео­наўскай арміі, якая абрушыла свае першыя ўдары на Беларусь. У чэрвені 1812-га французы занялі Каменец-Літоўск (увогуле хацелі ператварыць наш край у тылавую базу сваёй арміі). Але насельніц­тва хавала харчы, жывёлу, фураж у лясах; у Белавежскай пушчы разгарнуўся партызанскі рух… Супастата прагналі, ды тая вайна прынесла шмат бяды: сельская гаспадарка прыйшла ў заняпад, рэзка зменшылася колькасць на­сельніцтва, бо людзі гінулі, па­мі­ралі ад голаду і эпідэмій…
На фоне такога бедства паў­сюд­на зноў пачала нарастаць не­за­да­воленасць сялян сваім стано­ві­шчам, што ўрэшце прывяло да адмены прыгоннага права. Але за памешчыкамі прызнавалася ўлас­насць на ўсю іх дарэформенную зямлю, і толькі частка яе адво­дзілася сялянам за выкуп. І хоць пасля паўстанняў былі зні­жаны выкупныя плацяжы за яе, колькасць заможных сялян не па­вялічва­ла­ся: сялянскія сем’і раслі, адбы­ваў­ся ўнутрысямейны пера­дзел, і зям­лі новым сем’ям зноў не хапала…

На пачатку 19 ст. Каменец-Лі­тоўск належаў графу Віельгорска­му (пазней перайшоў да генерал-лейтэнанта Гальберга). Насельніц­тва тагачаснага мястэчка складалася з сялян, купцоў, краўцоў, ка­валёў, муляроў, хлебапёкаў, печні­коў. Настаў час зараджэння капі­талістычных адносін. Хоць і марудна, але ў мястэчках разві­ва­ліся рамяство і гандаль. На Камянеччыне яшчэ ў дарэформенны перыяд працавалі некалькі суконных заводаў, цагельныя, па апрацоўцы скур, вінакурныя, а пазней – крухмальныя, бо плошчы пад бульбу пашыраліся.
Значны ўплыў на эканоміку нашага краю аказала будаўніцтва чыгункі: у 1873-м быў здадзены ў эксплуатацыю яе ўчас­так Маларыта – Брэст – Высокае. Цэнтрам па адпраўцы сельгас­прадукцыі стала станцыя Высо­ка-Літоўск.
Асноўнымі пастаўшчыкамі сы­равіны на перапрацоўку і таварнай прадукцыі былі памешчыкі. Некаторыя з іх змаглі ператварыць свае маёнткі ва ўзорныя гаспадаркі. Менавіта такім быў высока-літоўскі маёнтак графіні Марыі Патоцкай, які спецыяліза­ваўся на атрыманні элітнага насення збожжа, траў і караняпло­даў. Яе селекцыйная гаспадарка ў другой палове 19 ст. лічылася ці не лепшай у Расіі, была вядома далёка за яе межамі. У жывёлага­доўлі найбольшых поспехаў да­сягнуў Іван Ротт, які гаспадарыў у маёнтку Вярховічы і меў ферму элітных кароў швіцкай пароды (паходжанне са Швейцарыі), браў удзел у выстаўках у Маскве, Варшаве, Вільні.
У 1902 – 1903 гадах Сталыпін П.А. займаў пасаду Гродзенскага губернатара і ўжо тады выказ­ваўся за рассяленне сялян на ху­тары, каб пазбавіцца ад цераспа­лосіцы. Праўда, сталыпінская аг­рарная рэформа праходзіла з цяж­касцю. У той жа час у Высока-Лі­тоўску Гродзенскае сельгастава­рыства адкрыла склад сельскагаспадарчых машын і прылад…

Сістэма народнай адукацыі на той час абмяжоўвалася царкоў­на-прыходскімі школамі, школа­мі граматнасці і народнымі вучы­лі­шчамі – апошнія ўтрымліваліся за кошт казны і збораў з насель­ніцтва.
Медыцынскую дапамогу аказ­ва­лі некалькі ўрачоў, якія пра­ца­валі прыватна ў Высока-Літоўску і Ка­менцы-Літоўску. Там жа былі і ап­тэ­кі. Графіня Патоцкая ў Вы­сокім на свае грошы ўтрымлі­вала бальні­цу на 20 ложкаў, а ў Каменцы была казённая лячэб­ніца, у Вярховічах – урачэбны прыёмны пакой.

У складзе Гродзенскай губерні наш край зведаў нямала гіста­рыч­ных падзей, у т. л. паўстанні супраць царскай улады, водгалас першай расійскай рэвалюцыі 1905 года, калі пайшлі чуткі аб пераходзе зямлі з рук памешчыкаў да сялян, што справакавала іх непа­корлівасць ажно да сутычак з войскам; сусветная вайна, якая пачалася ў жніўні 1914-га, для ж­ы­хароў Камянеччыны азначала пас­таўкі прадуктаў і коней для арміі, удзел у тылавых работах, разві­танне з гаспадарамі сямействаў, якіх прызывалі ў царскую армію, а яшчэ – бежанства, з якога вяр­нуліся далёка не ўсе.
Гродзенская губерня як адмі­ністрацыйна-тэрытарыяльная ад­зінка спыніла існаванне ў 1918-м з прычыны акупацыі (часовай) кайзераўскімі войскамі…
Галіна НОВІК,
углядалася ў гісторыю за смугою стагоддзяў.