Тры вучаніцы камянецкай школы паспяхова ўдзельнічалі ў інтэлектуальным тэлевізійным шоу

“Я ведаю!” Гэтыя два звыклыя для школьнікаў словы напачатку бягучага года набылі асаблівы сэнс для трох вучаніц СШ №2 Каменца. Сямікласніца Каця Шыманіца, Насця Іванюк з 5 класа і Насця Сцепанюк з 8-га (на здымку – злева направа) сталі ўдзельніцамі аднайменнай перадачы на Беларускім тэлебачанні.
У сталіцу разам з дзяўчынкамі выпра­ві­ліся іх педагогі: класны кіраўнік Святлана Хоміч, настаўніца малодшых класаў Алена Козел і педагог-псіхолаг Людміла Сцепанюк адпаведна.
Перш-наперш цікаўлюся ў дарослых, як жа можна трапіць у эфір да Георгія Калдуна… Спярша адбыўся школьны этап інтэлектуальнай гульні, які вызначыў сямёрку лепшых, чые даныя і багатыя “скар­бонкі” перамог былі адпраўлены на абласны адбор. Камісія, што вяла яго, аддала сваю перавагу Кацярыне і дзвюм Анас­тасіям. Што ж далей? Безумоўна, пад­рых­тоўка! Прычым, не толькі інтэлекту­аль­ная (прагляд ранейшых выпускаў “Я ведаю!”, паўтарэнне школьнай праграмы, пашырэнне кругагляду), але і творчая.

Загадзя ўсе ўдзельнікі атрымалі асаб­лівае “хатняе заданне” – зрабіць відэа­ро­лік-візітку. Да працэсу яго стварэння ах­вотна далучыліся аднакласнікі дзяўчат. Яны, дарэчы, актыўна і шчыра “хварэлі” за сябровак, хваляваліся і трымалі ку­лачкі, гледзячы на іх па тэлевізары (перадача з Насцяй Іванюк выйшла ў эфір 9 студзеня, з Кацяй Шыманіцай – 30-га, з Насцяй Сцепанюк – 13 лютага, сёння іх можна знайсці ў інтэрнэце).

З захапленнем удзельніцы тэлевікта­рыны падзяліліся са мной сваімі ўра­жан­нямі ад прыгожага будынка Белтэлера­дыёкампаніі, у якім пабывалі, і захап­ляльнай падрыхтоўкі да здымачнага пра­цэсу (не кожны ж дзень цябе па тэле­ві­зары паказваюць!). Перад пачаткам усе ўдзельнікі запоўнілі анкеты, вытрымкі з якіх агучваліся падчас гульні. Ім прапа­ноўвалася, напрыклад, ахарактарызаваць сябе адным сказам – задачка не са­мая простая нават для дарослага…
Быў час пазнаёміцца і з канкурэнтамі (хаця наўрад ці нашы дзяўчаты сталі б іх так называць). Насця Іванюк, напрыклад, паспела перамовіцца некалькімі словамі з Маргарытай Чагінай з Наваполацка, якая стала пераможцай той перадачы, і сёння падтрымлівае з ёй сувязь з дапамогай інстаграма. Дарэчы, сапернікі ў нашых дзяўчат былі вельмі дастойныя: і вучні сталічных гімназій, і дзеці, што ішлі на гульню выключна за перамогай…
А вось пагутарыць з харызматычным вядучым можна было толькі ў перапынках паміж турамі (камянчанкі дайшлі да трэцяга), і дзеці надзвычай ахвотна ка­рысталіся такой магчымасцю.

З трох названых вышэй перадач аса­біста я глядзела тую, у якой удзельнічала малодшая Насця, і мушу прызнаць, што некаторыя пытанні, агучаныя тады, пас­тавілі мяне ў тупік. І гэта я назірала за гульнёй у спакойнай абстаноўцы. А ўявіце толькі, як гэта – быць ТАМ, перад камерай! Калі неабходна думаць хутка, адначасова пераадольваючы хваляванне, а потым правільна фармуляваць свой адказ і нават абараняць яго. Няпроста… І нашы дзяўчаты справіліся!
Калі цікаўлюся, як зрэагавалі на “вылет” пасля другога тура (эмоцыі ў імп­равізаванай тэлевізійнай “настаўніцкай” былі недзіцячыя), абедзьве Насці і Каця зазначаюць, што пачуцці ўвесь час мя­няліся: спярша – радасць ад таго, што 2 туры пройдзеныя, потым – расчараванне да слёз з-за немагчымасці ўдзель­ні­чаць у трэцім, а на завяршэнне – задаволенасць: удзел таксама можна лічыць перамогай! Правільны падыход, ці не так?
А ў адказ на пытанне “Што патрэбна для таго, каб перамагчы ў такой вікта­ры­не?” удзельніцы называюць веды, хут­кую рэакцыю, здольнасць атрымліваць зада­вальненне ад працэсу гульні і інтуіцыю.
На памяць пра “Я ведаю!” у дзяўчат засталіся дыпломы, салодкія падарункі, кубкі, ручкі, блакноты і бранзалецікі з лагатыпам БТ. А яшчэ – бясцэнны вопыт.
– Такія віктарыны вучаць перамагаць і праігрываць, валодаць сваімі эмоцыямі, яс­на выказваць думкі, а яшчэ дапамагаюць спазнаць сябе, – зазначыла Людміла Сцепанюк, завяршаючы нашу гутарку. – Удзель­нічаць у іх безумоўна варта! Бо, як кажуць, лепш цэліцца ў дасканаласць і прамахнуцца, чым у нешта недасканалае і патрапіць.

І на заканчэнне вось вам некалькі пы­танняў з “Я ведаю!”. 1. Ці праўда, што слон баіцца мышэй? 2. Як расце ананас? 3. Да якой сям’і ад­но­сіцца скарпіён? Праверце: а вы ведаеце?
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.