Як у Зяньках карту прэзентавалі

У мінулую суботу маленькая вёсачка Зянькі, што ў Войскім сельсавеце, сустракала гасцей. А нагодай для іх прыезду стала адкрыццё стэнда, на якім адлюстраваны адразу тры ўнікальныя карты!

Па-сямейнаму цёплае мерапрыемства пачалося са знаёмства мясцовых жыхароў з гасцямі з райцэнтра і навакольных вёсак. Cлова для прывітання ўзяў старшыня мясцовага сельвыканкама Віктар Міхайлоўскі, падзякаваўшы стваральнікам стэнда і арганізатарам сустрэчы за нялёгкую працу. Сярод іх – Іна Хоміч, для якой Зянькі – малая радзіма. Дзяўчынкай Іна нярэдка прыязджала сюды да бабулі, распытвала пра мясцовыя словы, нешта запісвала. Ужо замужняй задумалася: чаму б не пераўтварыць сабраны матэрыял у нейкі праект? Тым больш, што у Стойлах (Пружаншчына) гаспадары аграсядзібы Аляксандр і Ларыса Быцко нешта падобнае ўжо зрабілі: адным колерам пазначылі на карце вёскі дамы, якія існуюць, іншым – тыя, што зніклі.

– Задумалася тады: а чаму такога няма у нас? – расказвае журналістка і аўтар канцэпцыі. – Муж падтрымаў маю ідэю і прапанаваў стварыць карту. Тым больш, што для яе амаль усё было гатова… Праект даўся нам лёгка і цікава. Напрыклад, мастак Ілья Шамілаў, малюючы тыповыя хаты на другой карце, так захапіўся справай, што змог адлюстраваць усе асаблівасці кожнага дома, іх індывідуальнасць.

 Сёння на гатовым стэндзе – тры карты. На першай, зверху, відаць, якія страты прынёс Зянькам пажар у ліпені 1944-га, калі вёску, адступаючы, спалілі немцы. Гарэлі пераважна крытыя саломай хаты, пабудаваныя ў пачатку 1920-х, пасля яртання людзей з расійскага бежанцтва.

На другой карце пазначаны гады будаўніцтва кожнай хаты ў Зяньках з 1945-га па наш час. Паказана, якім каштоўным гістарычным багаццем з’яўляецца кожны дом. Уважлівы сузіральнік можа даведацца, колькі часу аднаўлялася тая ці іншая хата, хто яе гаспадар.

На трэцяй карце, унізе, занатаваныя моўны, гістарычны і этнаграфічны скарбы Зянькоў – назвы прыродных мясцін вакол вёскі – каля 50 тапонімаў агульнымі намаганнямі далі назвы літаральна ўсяму.

Галоўным экспертам падчас работы над картамі стала карэнная жыхарка Зянькоў Ганна Зянчук (па-вясковаму – «баба Гандзя»). Яна, 87-гадовая, і сёння выдатна помніць усё, што звязана з вёскай.

На адваротным баку стэнда размешчаны надпіс-тлумачэнне да карт на мясцовым дыялекце, беларускай і англійскай мовах:

Зянькі, як і ўсе беларускія вёскі, незворотна мяняюцца. Цяпер іх жыхары не жывуць з зямлі, не ходзяць ў калгасы ды і вогуле падзяліліся на пастаянных жыхароў і дачнікаў, якія прыязджаюць на родавыя ці набытыя вотчыны толькі ў цёплы сезон. І тым, і другім будзе цікава, што можа вёска пра сябе рассказаць.

Прэзентацыя стэнда з картамі адбылася дзякуючы агульным намаганням зянькоўцаў старшыні сельвыканкама. А тэхнічную і фінансавую падтрымку праекта забяспечыў муж Іны Алег Сцепанюк, які жыве цяпер у Зяньках.

Невялікае свята, што стала без перабольшвання гістарычнай падзеяй, з прысутнымі раздзялілі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Варгін” з Мінска. Яны дапамаглі стварыць цудоўны настрой народнымі мелодыямі і танцамі.

А якое ж свята без пачастункаў? Пад старым вязам за сталом сабраліся тыя, хто цікавіцца не толькі мінулым Зянькоў, але і іх будучыняй. Як сям’я. А дрэва, здавалася, паказвала сваім шматгадовым існаваннем, як трэба трымацца роднай зямлі – моцна, аддана, з кожным годам усё больш паглыбляючыся і чапляючыся за сваю гісторыю.

Наталля КАЎПАНЬКА.

Фота аўтара.


Что нанесено на этой карте, узнаете в субботнем номере «НК».

Наталия КОВПАНЬКО.