Выстава “Гісторыя ў цэгле” адкрылася 16 лістапада ў Камянецкай вежы. З гэтай нагоды ў першую экскурсійную групу ўвайшлі прадстаўнікі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, філіялам якога з’яўляецца наш помнік гісторыі (сярод іх быў і дырэктар Аляксей Міцюкоў).
24 экспанаты са сваёй прыватнай калекцыі, сярод якіх – цэгла, пячная кафля і плітка для падлогі, ласкава прадставілі на агляд камянчанам жыхары Брэста Іван Чайчыц і Сяргей Грынь.
– Яшчэ ўлетку Іван Чайчыц зрабіў нашаму філіялу такую прапанову, – узгадвае дырэктар Таццяна Казулька. – На той час з “Гісторыяй у цэгле” можна было пазнаёміцца ў навукова-тэхнічным універсітэце абласнога цэнтра, што я і зрабіла. Там, дарэчы, экспанатаў было больш – 60, дазваляла памяшканне. З вялікім задавальненнем дала калекцыянерам згоду на супрацоўніцтва, вось толькі давялося перанесці адкрыццё на больш позні час з прычыны рамонту, які перажываў на той момант наш філіял музея. Думаю, пачакаць было варта. Атрымалася цікава. Тым больш, што існуе цесная ўзаемасувязь паміж выставай і вежай. Сярод экспанатаў сёння – некалькі цаглін-пальчатак, з падобных нашы продкі і ўзвялі нязломную Камянецкую вежу.
Экспанаты размясціліся на першым паверсе музея. Ёсць тут і квадратная цэгла, і вялікапамерная, і керамічная з Брэст-Літоўскага цагельнага завода, і вогнетрывалая з надпісамі “Парыж” ды “Лондан” на лацініцы, і саляная (“смак” поўнасцю адпавядае назве), і пальчаткі, пра якія гаварылася раней. Апошнія атрымалі сваю назву з-за 2 ці 3 бароздак, якія майстар рабіў пальцамі для лепшага счаплення цаглін паміж сабой. Акрамя таго, можна паглядзець на цагліну ў драўлянай форме з адбіткам чалавечай рукі. А яшчэ прадстаўлены некалькі экспанатаў, на якіх пакінулі сляды сваіх лап воўк, кацяня і сабака ці капытоў – дзік і касуля. Таксама да ўвагі гледача – узоры пячной кафлі, плітка для падлогі і частка дэкаратыўнай аздобы каміна. Прынамсі, не буду пералічваць усяго, каб вам было цікава завітаць на выставу.
Першыя складнікі будучай калекцыі Іван Чайчыц і Сяргей Грынь адшукалі ва ўласных агародах, далей – болей. Неабыякавым да гісторыі брастаўчанам пачалі дапамагаць іншыя жыхары Брэста, несучы свае цікавыя знаходкі.
Дарэчы, цэгла, выстаўленая сёння ў нашым філіяле абласнога краязнаўчага музея, па сваёй якасці вельмі моцна апярэджвае сучасную. Яна не крышыцца з цягам часу, яе немагчыма зламаць. Таму і не дзівіць нікога той факт, што Камянецкая вежа прастаяла стагоддзі і прастаіць, без сумненняў, яшчэ столькі ж.
Вам стала цікава? То далучайцеся да вывучэння гісторыі, што застыла ў цэгле. У вас ёсць месяц на гэта.
Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
50 бывших работников ОАО «Беловежский» поздравили с Днем пожилых людей
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе
-
Об установлении средних нормативов потребления тепловой энергии на подогрев 1 кубического метра воды
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМАХ Г.КАМЕНЦА
-
Афиша мероприятий в Каменецком районе 5-9 октября (+кинотеатр)