Гетман Павел Сапега – уладальнік Высокага

У Камянецкім раёне ёсць мноства маляўнічых мясцін са сваёй непаўторнай гісторыяй. Адна з такіх мясцін – горад Высокае. Яго жыхары могуць ганарыцца тым, што іх родны горад доўгі час быў рэзідэнцыяй “некаранаваных каралёў” Вялікага княства Літоўскага – Сапегаў.

Упершыню ў гістарычных дакументах горад згадваецца ў XIV ст., у адной з хронік ёсць сведчанне, што князь Гедымiн на некаторы час затрымаўся ў “Высоком Городе”. У 1494 г. вялікі князь Літоўскі Аляксандр падарыў Высокаму Магдэбургскае права (права на самакіраванне). Некаторы час горад быў каралеўска-княжацкiм уладаннем. У 1511 г. кароль Польшчы і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт I Стары перадаў Высокае ў пажыццёвае карыстанне мужу Ядвігі Гальшанскай – маршалку Вялікага княства Літоўскага Яну Багдану Храптовiчу па мянушцы Лiтавор. У далейшым горад на працягу стагоддзяў быў у арэндзе або валоданні магнатаў. Аднак, нельга сказаць, што магнаты, якія валодалі Высокім, перашкаджалі яго развіццю. Хутчэй наадварот, яны многа зрабілі для эканамічнага і культурнага развіцця горада.

Макет замка

Горад не раз мяняў гаспадароў: у розны час ім валодалі Вахноўскiя, Пяткевiчы, Хлявiцкiя, Войны. Пакуль у 1647 г. не адбылася значная падзея ў гісторыі Высокага: знакаміты арыстакрат, віцебскі ваявода Павел Ян Сапега купіў яго разам з вёскамі Лумна, Статычы, Расно, Зубаче і Войновка ў Лукаша Войны за 6000 злотых.

Каля руін замка на фоне ўязной брамы. Падчас Першай сусветнай вайны.
Усярэдзіне брамы (перад рэстаўрацыяй)

Павел Ян Сапега (1609 – 30 снежня 1665 гг.) – дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай. Прадстаўнік роду Сапегаў, герба «Ліс» – аднаго з найбагацейшых і ўплывовых сямействаў у ВКЛ.

Герб “Ліс”

Сапегі лічыліся дру­гім па значэнні (пасля Радзі­вілаў) магнацкім родам ВКЛ. Павел Сапега – малодшы (чацвёрты) сын усвяцкага старасты Яна Пятра Сапегі. Адукацыю атрымаў у Брандэнбургу. Ваенную кар’еру пачаў у 1633 г. пад Смаленскам у чыне гусарскага ротмістра. Пачынаючы з 1646 г. займаў пасаду ваяводы Віцебскага. У 1651 г. удзельнічаў у Берасцецкай бітве супраць запарожскіх казакоў і крымскіх татараў. Павел Сапега быў двойчы жанаты: першай яго жонкай была Соф’я Зяновіч, другой – Ганна Барбара Копец. Ад першага шлюбу ў яго было двое дзяцей. Ад другога – восем.

Ян Павел Сапега. Малюнак Войцеха Герсана

З 1647 г. пачынаецца новы перыяд у жыцці Высокага і яго жыхароў, звязаны, у немалой ступені, з будаўніцтвам і існаваннем Высокаўскага замка. Месца для яго Павел Сапега абраў на правым беразе ракі Пульва. Найбольш умацаванай часткай замка была ўязная брама, акружаная па баках трохвугольнымі бастыёнамі. Да палаца прымыкаў рэгулярны парк. Замак моцна пацярпеў падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг. Падчас яе бліскуча праявіў сябе Павел Ян Сапега. Сваёй апорнай базай ён зрабіў Берасце. Горад быў умацаваны і пера­тварыўся ў першакласную крэпасць з моцным гарнізонам. У Берасці Сапега фарміраваў баяздольнае войска за свае ўласныя сродкі – у агульным ліку на гэта было выдаткавана 600 тысяч злотых.

Актыўная дзейнасць Паўла Яна Сапегі прынесла свой плён. 23 лістапада 1655 г. недалёка ад Берасця была здабыта перамога над маскоўскімі войскамі пад кіраўніцтвам Урусава і Барацiнскага. Сярод трафеяў пераможцам дастаўся крыж, які даў ваяводам цар Аляксей Міхайлавіч. Урусаў адступіў да вёскі Вярховічы. Тут, пад Вярховічамі, 27 лістапада 1655 г. войска Паўла Сапегі яшчэ раз нанесла паражэнне маскоўскаму войску. Левае крыло царскай арміі было цалкам разбіта, а сам Урусаў са штандарам збег з поля бою. Такім чынам, Урусаў і Барацiнскi не змаглі дасягнуць галоўнай мэты свайго паходу: захапіць важны ў стратэгічным плане горад – Берасце. А ў Вялікім Княстве Літоўскім з’явіўся новы правадыр, гатовы весці за сабою да перамог. І гэта быў Павел Ян Сапега.

У лютым 1656 г. Павел Сапега заняў пасаду гетмана Вялікага княства Літоўскага. На гэтай ніве ён праявіў сябе як выдатны палітык і вайскоўца. Атрымаў нямала перамог над шведамі, маскавiтамi, венграмі, украінскімі казакамі, нават ледзь не захапіў у палон шведскага караля Карла Густава. Але яго галоўнай бітвай стала бітва пад Ляхавічамі, якая адбылася 28 чэрвеня 1660 г. Падчас яе была разгромлена 24-тысячная групоўка ваяводы Івана Хаванскага. Войска Сапегі, разам з саюзным і польскім корпусам, на­лічвала 14 тысяч чалавек. Тым не менш, гетман ВКЛ атрымаў упэўненую перамогу. Перамога пад Палонкай мела велізарнае значэнне. Цяпер стратэгічная ініцыятыва перайшла да войска Вялікага княства Літоўскага. Неўзабаве былі вызвалены Наўгародак (Навагрудак) і Менск. Аднак, нягледзячы на поспехі ліцвінаў, вайна працягвалася яшчэ доўгія гады і скончылася толькі ў 1667 г. 20 студзеня 1667 г. паміж Маскоўскай дзяр­жавай і Рэччу Паспалітай было заключана перамір’е на 13,5 года – да ліпеня 1680-га, пасля чаго прадугледжвалася заключэнне вечнага міру. Згодна з умовамі перамір’я Маскоўскай дзяржаве адыходзілі Смаленскае і Чарнігаўскае ваяводствы, Старадубскі павет і Левабярэжная Украіна. І ўсё ж мэта Аляксея Міхайлавіча – захапіць усё Вялікае Княства Літоўскае – не была дасягнута.

Вайна 1654-1667 гг. прынесла Вялікаму княству Літоўскаму страшныя разбурэнні. На тэрыторыі Беларусі, у межах яе сучаснай тэрыторыі, колькасць насельніцтва скарацілася больш чым напалову: калі перад вайной тут пражывала 2 мільёны 900 тысяч чалавек, дык на 1667 г. засталося каля 1 мільёна 350 тысяч. Аднак, не варта вінаваціць у гэтай трагічнай вайне рускі народ. У ёй былі вінаваты перш за ўсё маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч “Цiшайшы” і значная част­ка баяр. Выканаўцамі волі цара былі яго ваяводы: Трубяцкі, Хаванскi, Чаркаскi, Шарамецьеў, Урусаў і г. д. Але, тым не менш, нам трэба памятаць пра гэтую вайну, адначасова трагічную і гераічную…

І адным з галоўных герояў вайны 1654-1667 гг. быў Павел Сапега, у перамозе над ворагамі была вялікая заслуга вялікага гетмана. Маскоўскія войскі пасля бітвы пад Палонкай цярпелі паражэнне за паражэннем. Павел Сапега не дажыў да 1667 г. Ваенныя паходы, барацьба з палітычнымі сапернікамі падарвалі яго здароўе. Ён памёр 30 снежня 1665 г. у Ружанах. Пахаваны ў Бярозе ў касцёле картэзіянцаў. На жаль, цяпер мала хто памятае пра гэтага сапраўднага патрыёта сваёй Радзімы. А дарма – менавіта дзякуючы яму Рэч Паспалітая не была захоплена ні маскавiтамi, ні шведамі ў гэты найскладанейшы для краіны перыяд, калі даводзілася змагацца адначасова са шматлікімі ворагамі за незалежнасць сваёй зямлі. Нездарма ж гэты перыяд у гісторыі Рэчы Паспалітай атрымаў назву «Патоп»…

Сяргей ГРЫНЧУК, гicторык. Фота Аляксандра СТРОКАЧА.

Добавить комментарий