Ёсць у Ляхавіцкім раёне на Брэстчыне вёска з незвычайнай назваю Мыслабаж… Якія адносіны мае яна да Камянеччыны? Ды самыя непасрэдныя! Гэта – маленькая радзіма сённяшняй гераіні чарговай “Чараўніцы” – Ганны Пуцілавай, што працуе аператарам у аддзяленні паштовай сувязі Камянюкі.
Пасля міні-фотасесіі ля навагодняй ёлкі, што ўпрыгожвае памяшканне АПС, мы гутарым з маладой жанчынай і пачынаем, вядома, з той дарожкі-пуцявіны, што ў красавіку мінулага года звязала яе загадкавы Мыслабаж і наш пушчанскі аграгарадок.
У свой час Ганна скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Бухгалтар”, але заглыбіцца ў няпросты свет фінансавых аперацый не змагла. Выйшла замуж за ваеннаслужачага і паехала туды, куды яго накіравалі, – на Камянеччыну. На новым месцы прайшла навучанне, якое дазволіла атрымаць работу на пошце.
Раней сям’я Пуцілавых жыла ў Камянюках, цяпер жа перабраліся ў Каменец, дзе 4-гадовы сын Паўлік ходзіць у дзіцячы сад. Цікаўлюся, ці думала Ганна пра “паштовую” работу непасрэдна ў райцэнтры, на што чую ў адказ: “Мне вельмі падабаецца тут, у нашым дружным калектыве”. Ён, дарэчы, складаецца сёння з загадчыка АПС, аператара сувязі і трох паштальёнаў.
Падчас сваёй працы Ганна пастаянна – у зносінах з людзьмі. Гэта часам няпроста, і ў любой сітуацыі галоўныя яе памочнікі – цярпенне і лагоднасць. З цёплаю ўсмешкай расказвае пра сваіх пастаянных наведвальнікаў, якіх ужо ведае і ў твар, і па імені. “Бабулі мяне то дачушкай, то ўнучачкай называюць, – прыгадвае яна цёплыя словы ў свой адрас і ахвотна апісвае звычайны працоўны дзень аператара сувязі: – Еду з Каменца на аўтобусе ў 8.00, якраз паспяваю. Усе праблемы і дрэнны настрой – з кім не здараецца? – пакідаю за дзвярыма нашага аддзялення і… заўсёды гатовая дапамагчы кожнаму, хто да нас завітае”.
Ад работы пераходзім да сямейнага жыцця. Цікаўлюся, на чым грунтуецца агульнае шчасце Аляксандра, Ганны і Паўліка Пуцілавых.
– Стараюся знайсці падыход і да мужа, і да сына. Усе разам шукаем кампраміс, вучымся дамаўляцца.
– Што папрасіў ваш хлопчык на Новы год?
– Аўтавоз, – усміхаецца Ганна. – І жаданне здзейснілася.
– Дзед Мароз пастараўся?
– А як жа? Ён жа ў Белавежскай пушчы жыве – тут жа недалёка!
– Захоўваеце веру Паўліка ў цуды?
– Стараемся. Ёлку, напрыклад, дома ўжо прыбралі. Я сказала малому, што зімовы чараўнік у наступным годзе яшчэ адну прынясе. Прыгажэйшую! Жывую!
– Як сустракалі новы 2018-ы?
– У коле сямейнікаў.
– Што загадалі пад бой курантаў самі?
– Здароўя сям’і, усім родным і блізкім увогуле. Фінансавага дабрабыту. І як мага менш праблем. Атрымаліся аж тры жаданні.
– Ідэальны сямейны вечар… Які ён для вас?
– Зрабіць гук у тэлевізары цішэйшым і агульнымі намаганнямі складваць пазлы. Мы ўвогуле штовечар абмяркоўваем планы на дзень наступны. І ўсе рашэнні прымаем разам.
– Ці ёсць у вас хобі?
– Раней вязала, але цяпер на гэта не стае часу. Стараюся кожную вольную хвілінку праводзіць з сынам. Чытаю яму. “Муху-цакатуху”, напрыклад, Паўлікаву любімую, ведаем на памяць і я, і ён. Вучымся лічыць…
– Самі чытаеце?
– Здараецца… Выбіраю жыццёвыя жаночыя раманы.
– Падзяліцеся рэцэптам любімай стравы.
– Піца, піца і яшчэ раз піца! Дакладнага пераліку інгрэдыентаў няма, кладу і вяндліну, і сыр, і грыбы… Абы вялікая была. Каб усім хапіла!
– Якая жанчына, рэальная ці не, магла б стаць для вас прыкладам?
– Мая мама. Яна – настаўнік малодшых класаў. Цярпенню ў яе вучылася. Акрамя таго, мама перадала мне свой вопыт у вядзенні гаспадаркі, без чаго жанчыне не абысціся. Таксама смела можна браць прыклад і з маёй бабулі…
– Хацелі б мець вялікую мнагадзетную сям’ю?
– Не, напэўна, але яшчэ адно дзіця – дачушка, памочніца – будзе толькі на радасць.
Вось такая яна, Ганна з Мыслабажа. Няхай жа зямля камянецкая будзе для яе гасціннай!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
В КАМЕНЕЦКОМ РАЙОНЕ РОДИТЕЛЕЙ ВОЕННОСЛУЖАЩЕГО ПОБЛАГОДАРИЛИ ЗА СЫНА
-
ВИКТОР БОБР: 25 ЛЕТ «У РУЛЯ» ОАО «АГРОНИВА»
-
На ферме в Кунаховичах Каменецкого района зарплата более 3 000 рублей
-
По результатам проверки мерами прокурорского реагирования восстановлены трудовые права работников сельскохозяйственного предприятия
-
Турнир по волейболу и соревнования по пулевой стрельбе и гиревому спорту памяти Василия Игнатюка прошли в Новицковичской СШ