Формулай шчаслівай сям’і падзяліліся маладыя камянчане

Каханне + дзеці + узаемаразуменне

Такую формулу шчаслівай сям’і склалі Ігар і Ірына Вядзернікавы з Каменца і кожны дзень пацвярджаюць яе мудрасць. Іх вяселле адбылося 24 кастрычніка 2015 года, і сёння ў бацькоў ужо двое дзетак: 4-гадовая Паліна і 2-гадовы Аляксандр.

Ігар працуе ў райаддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспуб­лікі Беларусь міліцыянерам-кінолагам (яго верная нямецкая аўчарка па мянушцы Алекс – добры сябар Палінкі і Сашы), а Ірына да дэкрэтнага водпуску была спецыялістам сак­рэтна-паставой службы ваеннай часці 48684-2 у Камянюках. Вось такая атрымліваец­ца сям’я ў пагонах, прычым тата – прапаршчык, а мама – сяржант, што не выклікае ні­якай нязручнасці.

Родам мае героі з Камянеччыны, Ірына – з Каленкавічаў, Ігар – з Дзмітровічаў. Як жа адбылося іх знаёмства? Пра гэта ахвотна расказвае жонка, бо менавіта яна была ў свой час яго ініцыятарам. Аднойчы яна прыехала ў госці да сястры, якая была (па волі шчаслівага лёсу) суседкай баць­коў Ігара, і першы раз убачыла яго праз акно. Хлопец тады толькі-толькі вярнуўся з арміі і ў той дзень каціў міма дома Ірынінай сястры кола ад трактара. “Які хлопец!” – захапі­ла­ся дзяўчына і адразу ж пабегла да сястры па інфармацыю. Даведалася прозвішча, знай­шла Ігара ў сацыяльных сетках, адтуль узяла нумар ма­більнага тэлефона і кінула, як цяпер кажуць, “глухара”. І ён перазваніў…

Два гады аддзялілі момант знаёмства ад вяселля і былі напоўнены частымі спаткан­нямі, размовамі і разуменнем, што менавіта з гэтым чалавекам хочацца быць побач усё жыццё.

Дачка — лепшы настаўнік

Сёння Вядзернікавы жывуць у Каменцы. Палінка ходзіць у дзіцячы сад, а таксама ахвотна наведвае гурткі мясцовага цэнтра дадатковай адукацыі (цестапластыка і танцы), лю­біць спевы, маляванне, муль­цік “Тры каты” і сваю цацачную сабачку Тусю, а таксама са ўсёй сур’ёзнасцю ставіцца да дапамогі маме ў доглядзе маленькага браціка. Дзяўчын­ка ўжо ведае шмат літар (вучаць разам з мамай у форме гульні), а потым перадае свае веды Сашу.

Прычым у дачушкі нас­таўнічаць атрымліваецца нават лепш, чым у мяне, – расказвае Ірына з гонарам.

З мабільным тэлефонам ды камп’ютарам дзеці Вядзерні­кавых практычна не знаёмыя. Хіба толькі ім дазваляецца паглядзець у іх фатаграфіі. Лю­бімая цацка хлопчыка – сіне-жоўты трактар (калі чую гэта, міжволі ўспамінаю кола, з якога пачалася гісторыя дружнай сям’і ).

Кожны месяц Вядзерні­ка­вы выбіраюцца з дзецьмі ў гульнявы пакой у Брэст. А штовечар (калі тата не на рабоце) збіраюцца за чаем, гутараць, расказваюць навіны. Потым, калі прыходзіць час сну, дзеці ахвотна слухаюць казкі, якія чытаюць ім бацькі. Цудоўная традыцыя, праўда?

Сёння будзем пра Рапунцэль, – сур’ёзна заўважае Па­ліна, і мама згодна ківае.

Пра смачнасці

Па выхадных Ірына з дачушкай гатуюць любімыя сямейныя пульхныя пончыкі (рэцэпт глядзіце ніжэй), якія потым зні­каюць з талеркі ў імгненне во­ка – смакоцце!

Дні нараджэння для дзяцей традыцыйна пачынаюцца з сюрпрыза. Яны прачынаюцца раніцай і адразу ж бачаць рознакаляровыя паветраныя шарыкі, якімі бацькі таемна ўпрыгожылі пакой. Потым збіраецца ўся сям’я (ба­булі, дзядулі, браты і сёстры) і імяніннік задзімае свечкі на торце, загадваючы запаветнае жаданне.

Калі пытаюся пра канфлік­ты, Вядзернікавы, не тоячыся, заўважаюць, што яны здараюцца. Як і ў кожнай сям’і. “Як іх вырашаем? Кладзём дзяцей спаць, садзімся побач і раз­маўляем”, – расказвае Ірына.

Хатнія абавязкі дзеляцца таксама пароўну. Як і на дапамогу бацькам у агародзе едуць разам і дружна. Агульнымі на­маганнямі ўвогуле і грыбы збі­раюцца лепш, і ягады, і на рыбалцы шанцуе асабліва.

Нядаўні Вялікдзень Вядзер­нікавы святкавалі спярша сваёй сям’ёй – накрылі традыцыйны стол, тата прачытаў маліт­ву, Палінка і Саша гулялі “ў біткі” чырвонымі яйкамі, і сяст­рычка ахвотна саступіла бра­ціку, аддаўшы сваё яйка, хоць і перамагла. Потым учацвярох паехалі да родных з вінша­ван­нямі і падарункамі. А на Дзень Перамогі сям’ёй адправіліся ў святочны горад – дзеці з ранніх гадоў павінны ведаць, што ёсць такі дзень – 9 Мая…

Не разумеем тых, хто нараджае дзеля кватэры…

Цікаўлюся, ці хацелі б стаць калі-небудзь мнагадзетнымі. І Ірына з Ігарам гавораць, што думаюць спыніцца на двух дзецях, бо іх і вырасціць трэба, і ў жыццё пусціць. (У жонкі, дарэчы, – сястра і тры браты. Муж у бацькоўскай сям’і – адзі­нае дзіця).

Шчыра не разумеем тых, хто нараджае трэцяга дзеля кватэры, – зазначаюць яны. – Але дзеці ўвогуле – вялікае шчасце!

Нездарма ж яны ўвахо­дзяць у формулу сямейнага ладу ды згоды, прыведзеную вышэй. 

“Драўлянае” вяселле Вядзер­нікавы адсвяткавалі ў мінулым годзе, а на Ружовае (праз 5 гадоў) плануюць зрабіць важны для сваёй сям’і крок – абвянчацца ў царкве. Пажадаем ім шчасця!

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Наталіі КАЎПАНЬКА і з сямейнага архіва.

Пульхныя пончыкі па-вядзернікаўску

Мука – 360 г, дрожжы (свежыя) – 25 г, цукар – 3 ст. л. з горкай, соль – 0,5 ч. л., вада – 250 мл, цукровая пудра, алей для смажання.

У цёплай вадзе растварыць цукар, соль і 1 ст. л. мукі, да­бавіць дрожжы, размяшаць, накрыць сурвэткай і пакінуць у цёплым месцы на 15-20 хві­лін, муку прасеяць 2 разы, уліць у яе ваду з дражджамі, замя­сіць цеста, перамешваць хві­лін 10. Пракласці цеста ў чысты посуд, змазаны алеем, нак­рыць і пакінуць у цёплым месцы на гадзіну. Цеста, што падышло, абмяць, раскатаць у пласт таў­шчынёй 0,7 см. З цеста выра­заць кружочкі. Падсмажыць пон­чыкі ў алеі да га­тоўнасці.