Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 73-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёлета шырока адзначылі ў раёне. Як гэта было ў двух яго гарадах? Паназіраем…
ВЫСОКАЕ ў трэці дзень ліпеня наведала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Белавежскай выбарчай акрузе №8 Жанна Стаціўка.
Павіншавала сваіх землякоў (родам яна з Макарава) са святам, адзначыўшы, што “Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь аб’ядноўвае самыя важныя эпохі, этапы біяграфіі нашай краіны. Гэта – вызваленне сталіцы Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта – перамога ў Вялікай Айчыннай, гэта – развіццё краіны як суверэннай і незалежнай дзяржавы… Дзякуючы гэтым вехам мы жывём у мірнай Беларусі, працуем і выхоўваем нашых дзяцей на павазе да гісторыі сваёй краіны, да гісторыі сваёй малой радзімы, – зазначыла Жанна Уладзіміраўна. – Нас аб’ядноўвае высакародная мэта – зрабіць беларускую зямлю яшчэ больш прыгожай, шчодрай і багатай. І мы дасягнем гэтага, бо ў нас ёсць вялікая спадчына нашых продкаў-пераможцаў, яна дае нам сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Дарагія землякі, ад усёй душы жадаю вам здароўя, дабрабыту і міру…”
З цёплымі пажаданнямі выступілі таксама першы намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Кавальчук і старшыня гарвыканкама Мікалай Сачык. Пасля літаратурна-музычнай кампазіцыі, ускладання кветак да брацкай магілы і азнаямлення з “бібліятэкай пад адкрытым небам”, прымеркаванай да 500-годдзя кнігадрукавання і 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, святкавальнікі накіраваліся ў парк культуры і адпачынку. Тут кожны знайшоў сабе занятак па густу. Былі і пачастункі, і гульнявыя праграмы для дарослых і дзяцей, і бяспройгрышная латарэя, і салдацкая каша, і футбольны матч, і адкрыты гарадскі турнір па настольным тэнісе … Не абышлося, вядома ж, без канцэрта. Яго падарылі гараджанам і гасцям Высокага вакальны ансамбль «Крэсіва» з Мінска, народны вакальны гурт «Гармонія» (Каменец), вакальны гурт «Вега» народнага Клуба творчай моладзі «Свой круг» ды аматарскае аб’яднанне песні і гумару «Вечарынка» (Відамля).
У КАМЕНЦЫ святкаванне пачалося ля райвыканкама, дзе невялікі канцэрт для гараджан і гасцей райцэнтра прадставіў духавы аркестр Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Алега Долмата. Затым людзі накіраваліся да брацкай магілы, каб паўдзельнічаць у мітынгу.
Слова на ім трымалі старшыні райвыканкама Валянцін Зайчук, раённага савета ветэранаў Валянціна Маеўская і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Людміла Жураўлёва (прычым выступленні ў большасці сваёй гучалі па-беларуску). Хвіліна маўчання… Ускладанне кветак і вянкоў… Салют… І толькі двое ветэранаў на лавачцы ля помніка. Час няўмольны…
Далей святкаванне перамясцілася ў раённы Дом культуры, ля якога супрацоўнікі “хуткай дапамогі” вымяралі ўсім, хто пажадае, ціск, рост і вагу, а побач “сушыліся” на шнурку прыхопленыя прышчэпкамі фатаграфіі.
Нехта спыніў свой выбар на шашлыках ды іншых прысмаках, а іншыя аддалі перавагу “ежы духоўнай” – завіталі ў Дом культуры на канцэрт мастацкай самадзейнасці. Пасля выступлення артыстаў з “Капрыза”, “Гармоніі”, “Камянецкай скарбонкі”, “Музычнага падвала”, хору “Белая Вежа” і асобных салістаў уся зала выканала гімн нашай краіны (акцыя «За Беларусь!»).
Разыходзіцца не хацелася, таму многія ахвотна назіралі за паказальным выступленнем раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС РБ, галоўным героем якога стаў службовы сабака, а потым дзяцей запрасілі ў гульню аніматары. А восьмай гадзіне прама перад будынкам РДК адбыўся “Вячэрні канцэрт” народнай эстраднай студыі “Музычны падвал”, што пераўтварыўся ў дыскатэку.
На стадыёне “Колас” прайшлі спартыўныя мерапрыемствы.
Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Белорусским мобильным операторам запретили подключать платные подписки без согласия клиента
-
ГРЯЗНЫЕ МЕТОДЫ ИНФОВОЯК ИЗ ЦИПСО: ПРОДОЛЖЕНИЕ
-
Ловушки виртуального жилья: как не стать жертвой интернет-мошенников
-
Минздравом принято решение о продлении кампании вакцинации против гриппа и коронавирусной инфекции
-
«Белпочта» изменит тарифы на некоторые услуги с 1 января 2025 года