Дыялог з дырэктарам

Сумяшчаць няпростую асноўную работу з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая вымушае ісці насустрач людзям і іх праблемам, не так проста, як можа здавацца на першы погляд. Святлане Адамчук, дырэктару Рэчыцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, і адначасова дэпутату раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання, гэта ўдаецца. Як? Мяркуйце самі…

– Святлана Адольфаўна, колькі слоў пра навучальную ўстанову, якую ўзначальваеце.
– Сёння ў нас навучаюцца 37 рабят і пасля вясновых канікул, што завяршаюцца, чакаем папаўненне. У Рэчыцу перабралася мнагадзетная сям’я з Гродзеншчыны, атрымала тут арэнднае жыллё, і ўжо ў панядзелак у школе з’явяцца два новыя вучні, а ў садку – яшчэ два выхаванцы.

У першы клас, які працуе на базе садка, у бягучым годзе пайшлі чатыры вучні (у наступным – двое), выпускнікоў будзе 9: чацвёра 11-класнікаў і пяцёра 9-класнікаў.

У нас вучацца дзеці непасрэдна з Рэчыцы, а таксама шасцёра з Дымнікаў, па адным з Мельнікаў і Грудавікоў, трое з Волі, чацвёра з Дварцоў, з былой ваеннай часці ў тых жа Дварцах – сямёра. Іх падвозіць у школу і дадому мікрааўтобус, які, дарэчы, пераадольвае за адзін вучэбны дзень 119,8 кіламетра.

– Колькі педагогаў у вашым калектыве?
– Калі ўлічваць адміністрацыю, то 15. Чацвёра з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, 10 – з першай, па адным з другой і без кваліфікацыі.

– Як складваецца сітуацыя з маладымі спецыялістамі ў Рэчыцкай школе?
– Сёлета завяршаецца “размеркаванне” настаўніцы Аляксандры Пунько, якая прыехала да нас з Брэста, і яна, прыемна адзначыць, вырашыла застацца. У Рэчыцы Аляксандра Сяргееўна здымае кватэру, выкладае ў школе нямецкую і англійскую мовы.

– Куды звычайна паступаюць вашы выпускнікі?
– У Брэсцкі політэхнічны, Беларускія медыцынскі і тэхналагічны ўніверсітэты. А большасць выбірае Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна.

– Становяцца настаўнікамі?
– Так. Адна з выпускніц, дарэчы, працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Вайскоўскай сярэдняй школе, другая – у Пелішчанскім дзіцячым садзе, а адзін з выпускнікоў – педагогам па працоўным навучанні на Гомельшчыне.

– Якімі былі сёлетнія вясновыя канікулы для вучняў школы ў Рэчыцы?
– Насычанымі і разнастайнымі! Безумоўна, мушу зазначыць, нашы дзеці з вёсак не так часта ўдзельнічаюць у школьных канікулярных справах, бо яны з малых гадоў прывучаны да працы на зямлі, якая зараз бярэ свой пачатак. Аднак усіх, хто толькі пажадае, мы прывозім разам з выхаванцамі садка на нашы мерапрыемствы. Так, на бягучым тыдні 5-9-класнікі здзейснілі велапаход у Белавежскую пушчу, акрамя таго, старэйшыя вучні наведвалі кансультацыі па абраных прадметах. Запрашалі таксама разнастайныя гурткі – па велатурызме і краязнаўчы, напрыклад, віктарыны, гульні, спартыўныя спаборніцтвы, брэйн-рынг па гісторыі… Ездзілі ў басейн у Каменец. Наведалі таксама месцы пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай у Ганцах, Антанах, паглядзелі, дзе і што патрабуецца ўпарадкаваць. Паедзем і да астатніх.

Падтрымліваем нашага адзінага ветэрана, наведваем, дапамагаем. Не забываем і пра педагогаў-пенсіянераў: запрашаем на ўсе мерапрыемствы.

– Як арганізаваны ў вас шосты школьны дзень?
– Працуюць названыя вышэй гурткі, праводзяцца спартыўныя, інтэлектуальныя гульні. Акрамя таго, удзельнічаем у раённых мерапрыемствах.

– Вы з’яўляецеся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Рэчыцкай акрузе №9. Гэта першы ваш тэрмін?
– Другі. Была таксама дэпутатам райсавета дэпутатаў 26-га склікання. Акрамя таго, з’яўляюся дэпутатам Рэчыцкага сельскага Савета, а ўпершыню стала ім яшчэ ў 1987 годзе.

– Як разумееце абавязкі, ускладзеныя на вас?
– Я павінна тлумачыць людзям палітыку нашай дзяржавы, паведамляць аб рашэннях, якія прымае раённы Савет дэпутатаў, дапамагаць у вырашэнні надзённых праблем, а таксама прадстаўляць інтарэсы людзей. Усё гэта мы робім разам з дэпутатамі сельскага Савета дэпутатаў.

– Надзённыя праблемы, з якімі да вас звяртаюцца…
– Апошнім часам самая актуальная – грэйдзіраванне дарог. Пасля дажджоў зваротаў стала асабліва шмат. Агульнымі намаганнямі дабіліся таго, што неабходныя работы былі выкананыя.

Станоўча вырашылася таксама пытанне з устаноўкай кантэйнераў для смецця ў Рэчыцы. Планавалася паставіць іх уздоўж дарогі насупраць жылых дамоў. Параіліся з мясцовымі жыхарамі, у тым ліку дэпутатамі сельскага Савета, і вырашылі, што гэта – дрэнная ідэя. Неэстэтычна. Смецце можа і ветрам размесці навокал, і жывёлы здольныя расцягнуць, ды і людзі, прызнацца, часам забываюць пра падтрыманне парадку. Выказалі сваё абгрунтаванае меркаванне, і вось вынік – кантэйнеры ўстаноўлены ля гаспадарчых пабудоў.

Часта звяртаюцца да мяне як дэпутата і па пытаннях, што тычацца сферы адукацыі. Так, напрыклад, атрымалася паспрыяць вяртанню да нармальнага (чытай: цвярозага) жыцця дзвюх жанчын, чые дзеці ледзь не сталі сіротамі…

Добавить комментарий