Доты ў Камянецкім раёне. Тут трэба праводзіць урокі гісторыі

Вось тут, на самым пярэднім краі вайны, раніцай 22 чэрвеня 1941-га, стаялі на смерць воіны, імёны многіх з якіх невядомыя дасюль.

Будаўніцтва гэтых дотаў (долговременных огневых точек) Брэсцкага ўмацаванага  раёна пачалося летам 1940 года на 150-кіламетровым участку заходняй граніцы, у т.л. і ўздоўж правага берага Заходняга Буга на тэрыторыі тады Высокаўскага раёна. Але не ўсе з запланаваных паспелі пабудаваць да вайны (у Маскве лічылі, што яна пачнецца пазней). Таму адсутнічала сувязь паміж асабовымі саставамі дотаў. І калі гітлераўцы чэрвеньскай раніцай нечакана лавінай хлынулі праз раку, кожны дот дзейнічаў самастойна: воіны 62-га ўмацаванага раёна, якія знаходзіліся ў дотах, уступілі ў бой адначасова з пагранічнікамі.

Тыя маленькія крэпасці, з якіх байцы вялі прыцэльны агонь, прымусілі на нейкі час залегчы штурмавыя атрады фашыстаў. Вораг абрушваў на доты буйнакаліберныя снарады, прымяняў вогнемёты, але чырвонаармейцы не здаваліся жывымі. Некаторыя памкнуліся вырвацца з акружэння, аднак загінулі ад варожых куль. Аб няроўных паядынках з фашыстамі пазней расказвалі відавочцы тых жахлівых падзей, старажылы вёсак Ставы, Агароднікі, Орля (успаміны занатаваны ў кнізе “Памяць. Камянецкі раён”).

На адным з такіх жалезабетонных збудаванняў, што побач з Агароднікамі Стаўскімі, – строгая шыльда, на якой схема размяшчэння дотаў уздоўж Заходняга Буга і лаканічны надпіс: “ В период Великой Отечественной войны, 22 – 29 июня 1941 года, гарнизоны ДОТов 62-го Брестского укрепленного района оказывали упорное сопротивление немецко-фашистским пехотным дивизиям на Государственной границе СССР. Помним доблесть и мужество защитников Родины”.

… Кожны раз, бываючы ля гэтых абарончых збудаванняў, якія і праз 80 год уражваюць сваёй манументальнасцю, нібыта наяве адуваеш тую гарачую чэрвеньскую раніцу, нечакана разарваную жудаснай вайной. Тут трэба праводзіць урокі гісторыі, урокі патрыятызму для моладзі, сюды трэба прыходзіць на золаку 22 чэрвеня, і не толькі, каб зведаць, “как было трудно в 41-м умирать, не зная ничего про 45-й”…  Гэта і будзе даніна памяці аб Вялікай Айчыннай і гераізме савецкага народа, паспрыяе захаванню гістарычнай праўды аб той крывавай вайне, фальсіфікацыя вынікаў якой пачалася ці не адразу ж пасля Перамогі.

Галіна НОВІК.