Першы ў Камянецкім раёне дом сумеснага самастойнага пражывання ў снежні расчыніць свае дзверы для пенсіянераў у Дзмітровічах.
Ён будзе працаваць на базе філіяла Камянецкага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў гэтым аграгарадку і размесціцца на 365 квадратах другога паверха будынка па вуліцы Зялёнай (першы паверх займае амбулаторыя ўрача агульнай практыкі).
– Наш дом сумеснага самастойнага пражывання трэці па ліку на Брэстчыне – пасля тых, што ў вёсцы Ганчары Ляхавіцкага раёна і Белаазёрску. І, заўважце, самы вялікі! – расказвае падчас экскурсіі па ўтульных памяшканнях дырэктар ТЦСАН Алена Шаблінская. – Зможам прыняць адначасова дзесяць пажылых людзей.
Што ім будзе тут зручна і зусім, як дома, упэўніваемся на кожным кроку. Да паслуг пенсіянераў ёсць усё неабходнае: тры светлыя спальні (дзве – на 4 месцы, жаночая і мужчынская, адна – для дваіх); кухня з усёй неабходнай бытавой тэхнікай (у тым ліку, электрычная пліта вельмі прыгожага дызайну – падарунак абласной грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”); сталовая; пакой для адпачынку; санвузлы, абсталяваныя душавымі кабінкамі, і пральня. Бабулі і дзядулі змогуць самі гатаваць стравы на свой густ і самастойна мыць у пральнай машынцы ўсё, што пажадаюць. Дарэчы, пасцельную бялізну і ручнікі для дома пашылі і перадалі абсалютна бясплатна Жабінкаўскі і Кобрынскі цэнтры сацыяльнага абслугоўвання – шчодры і карысны падарунак!
Увогуле ж спонсарамі абсталявання дома сумеснага самастойнага пражывання ўсім неабходным сталі ўсе без выключэння сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна (асабліва – ААТ “Белавежскі”), ТАА “Аграпрадукт”, прадстаўнікі малога бізнесу і абласная грамадская арганізацыя “Беларускі саюз жанчын” – дзякуй ім за гэта!
Дом сумеснага самастойнага пражывання абсталяваны таксама і пажарнай сігналізацыяй (сістэма “Маланка”) – супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ужо сёння трымаюць утульнае жытло для пенсіянераў у Дзмітровічах на асаблівым кантролі. Прыязджаў сюды і прадстаўнік грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”, які ацаніў умовы пражывання для людзей з аслабленым зрокам, як прымальныя (ёсць такцільная плітка, усе надпісы дубліруюцца шрыфтам Брайля…).
Ужо пачалося і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі – устаноўлены лавачкі. Плануецца зрабіць альтанкі, дзе ўлетку дзядулі і бабулі змогуць бавіць вольны час у цяньку. Ля будынка, дарэчы, сустракаем некалькіх кошак: будуць у пажылых людзей любімыя пушыстыя гадаванцы…
Нельга абмінуць увагай вельмі зручнае размяшчэнне дома – усё неабходнае побач: Дом культуры і школа, з якімі плануецца цеснае супрацоўніцтва, аддзяленне пошты, аптэка, мясцовы храм (царкоўны куток у хуткім часе з’явіцца і ў самім доме), а да амбулаторыі дык і ўвогуле рукой падаць! У будучыні для жыхароў дома плануецца арганізаваць заняткі гурткоў па інтарэсах – будзе да чаго бабулям і дзядулям рукі прыкласці, тым больш, што прывыклі яны быць пры справе.
Першымі жыхарамі дома сумеснага самастойнага пражывання стануць 5 бабуль і дзядуля з Дзмітровіцкага і Відамлянскага сельсаветаў і Каменца. Самаму старэйшаму з іх 85 гадоў. Усе яны перад засяленнем пройдуць поўны медыцынскі агляд і здадуць ПЦР-тэст.
Пажылым людзям будуць дапамагаць загадчык дома, два сацыяльныя работнікі і прыбіральшчыца памяшканняў. Камунальныя паслугі і прадукты жыхары будуць аплачваць самастойна. Ім без сумненняў будзе ўтульна гэтай зімой, што абяцае быць марознай, прычым і ў прамым, і ў пераносным сэнсе – у кампаніі заўсёды цяплей і весялей!
Сёння ў доме сумеснага самастойнага пражывання яшчэ ёсць 4 вольныя месцы. Іх могуць заняць адзінокія і адзінока пражываючыя пенсіянеры, а таксама тыя, што апынуліся ў складаных жыццёвых умовах (напрыклад, няма як тапіць старую печ), або проста сумуюць ў сваёй маленькай вёсцы, дзе засталіся адны. Абавязковая ўмова – бабулі і дзядулі павінны быць здольнымі абслугоўваць сябе самастойна.
Званіце, калі ласка, па нумарах 67-3-03, 75-0-51 – і гасцінны цёплы дом у Дзмітровічах прыме вас пад сваё крыло!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы
-
Глава государства одобрил стратегии участия Беларуси в работе Шанхайской организации сотрудничества (ШОС) и БРИКС.
-
Обсуждение нынешней электоральной кампании в организациях Каменетчины продолжается