Калі гартаеш старонкі працоўнай біяграфіі Людмілы Жураўлёвай, не можаш не адзначыць, як цесна яе жыццё звязана з моладдзю. Была яна і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, і дырэктарам Дзмітровіцкай СШ, і намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце раённага цэнтра турызму і краязнаўства, начальнікам аддзела па справах моладзі… Цяпер займае пасаду галоўнага спецыяліста па справах моладзі сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Пра маладзёжную палітыку нашай дзяржавы Людміла Віктараўна ведае шмат, бо сама нямала садзейнічае яе рэалізацыі на тэрыторыі нашага раёна. У абавязкі маёй гераіні як спецыяліста уваходзяць патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, падрыхтоўка моцнай яго паловы да службы ў арміі, далучэнне моладзі да актыўнай грамадскай дзейнасці, фарміраванне ў яе пазітыўнага стаўлення да традыцыйных сямейных каштоўнасцей, рэагаванне на духоўныя і культурныя запыты моладзі, прафарыентацыя і працаўладкаванне, арганізацыя масавых маладзёжных мерапрыемстваў, каардынацыя дзейнасці маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў на тэрыторыі раёна, падтрымка перспектыўных ініцыятыў, а таксама падрыхтоўка рашэнняў аб зацвярджэнні спісаў маладых спецыялістаў на атрыманне льготных крэдытаў. Адным словам – неабходна пастаянна быць на адной хвалі з моладдзю, якая сёння складае 17% ад агульнай колькасці жыхароў Камянеччыны (6084 чалавекі).
Калі гаварыць пра дзень сённяшні, то адным з пунктаў у пульхным штодзённіку Людмілы Жураўлёвай – падрыхтоўка да адкрыцця мотасезона, што запланавана на 22 красавіка. Асобныя старонкі ў ім адведзены яшчэ адной, не менш значнай частцы жыцця маёй гераіні, – “Белай Русі”. Яна ўзначальвае раённую арганізацыю гэтага Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання вось ужо амаль пяць гадоў.
У склад 38-і пярвічак сёння ўваходзяць 540 членаў. На іх рахунку – нямала добрых спраў. Прадстаўнікі “Белай Русі” заўсёды віншуюць (прычым з падарункамі) першакласнікаў; жанчын, што сталі мамамі ў дні святаў; перадавікоў маладзёжных камбайнерскіх экіпажаў і жанчын-памочнікаў камбайнераў падчас жніва; маладых грамадзян, што ўпершыню атрымліваюць пашпарты Рэспублікі Беларусь… Акрамя таго, без іх увагі не застаюцца пажылыя людзі, маладыя інваліды і дзеці-сіроты.
Раённая арганізацыя заўсёды гатова падтрымаць цікавую, сапраўды карысную ініцыятыву: ці то гэта конкурс маладых журналістаў “Моладзь на старонках раённай газеты”, ці то добра ўсім вядомы “Камянецкі драйв”, ці то раённы этап сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, ці то конкурс жанчын-аўтааматараў “АўтаЛедзі”, адкрыты турнір па дзюдо “Зубраня”… Пералічваць, прынамсі, можна бясконца. І за ўсімі гэтымі справамі так ці інакш Людміла Жураўлёва. А ў хуткім часе яе чакае яшчэ адна значная падзея – справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” (24 мая). Падчас яе неабходна будзе і вынікі падвесці, і планы акрэсліць…
А яшчэ… “Ды куды ж яшчэ?!” – спытаеце вы, а я працягну: яшчэ Людміла Жураўлёва з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання па Мікалаеўскай выбарчай акрузе №15. І ўсё-ўсё паспявае! Прычым гэты яе тэрмін далёка не першы: у 2007 і 2010 гадах яе ўжо выбіралі дэпутатам Дзмітровіцкага сельскага Савета дэпутатаў. Рост відавочны.
Калі ж гаварыць пра канкрэтныя прыклады рэальнай дапамогі людзям, то два гады запар не застаюцца без увагі дэпутата звароты загадчыцы дома сацыяльных паслуг у Бабічах Лідзіі Шамяцюк. Па яе просьбе і з дапамогай Людмілы Віктараўны летась і пазалетась у бабуль і дзядуль, што жывуць тут, быў святочны “салодкі стол” да Дня пажылых людзей. Акрамя таго, не без яе ўдзелу сёлета праведзена грэйдзіраванне дарог у названай вышэй вёсцы.
Звяртаюцца да Людмілы Віктараўны і маладыя людзі, якія шукаюць работу. Атрымліваецца ім у гэтым дапамагчы… Дэпутат удзельнічае і ў пасяджэннях Войскага сельвыканкама, рабоце сесій гэтага сельскага Савета дэпутатаў, у вырашэнні праблем жыхароў сельсавета.
Да таго ж, Людміла Жураўлёва ўваходзіць у склад прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і з’яўляецца старшынёй пастаяннай камісіі райсавета па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання. З пачатку яе склікання праведзены ўжо 12 пасяджэнняў, 8 з іх – выязныя. Разгледжаны 17 пытанняў па розных накірунках дзейнасці.
– Дэпутат – гэта, у першую чаргу, памочнік, – тлумачыць Людміла Віктараўна. І што тут можна дадаць?
Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.
Это может быть интересно:
-
Учащиеся Высоковской санаторной школы посетили музей Василия Кулеши
-
Ежегодно в Беларуси добывается около 2 миллионов тонн торфа
-
Сегодня в Каменецком районе стартовала республиканская акция «За безопасность вместе»
-
Учащиеся Пограничной СШ вступили в БРСМ на заставе «Песчатка» имени И.П. Барсукова
-
Анатолий и Раиса Кузьмины из Каменца живут вместе 50 лет