Ко дню работников сельского хозяйства. ОАО “Александрия-Агро”

Не дзеліць работу на выгадную і нявыгадную

Віктар Шурко – выпускнік Высокаўскага сельгаскаледжа. На першай ступені навучання атрымаў прафе­сію вадзіцеля і аб тым выбары не шкадуе. Месцам працы маладога высакаўчаніна стала “Александрыя-Агра”, дзе ён набываў вопыт і дзе заняты ўжо дванаццаць гадоў.

Давялося спазнаць і славуты “газік”, і іншыя аўтамашыны, што мелі не аднаго гаспадара. А ў 2010-м Віктар атрымаў новенькі МАЗ. Шануе яго, нібы жывую істоту, – таму і рамонту ён патрабуе нячаста.

А работы мае ўдосталь амаль круглы год. І не толькі ў межах гаспадаркі. Ужо не навічок у прафесіі і лёгкі на пад’ём, ён нярэдка выпраўляецца па неабходны груз у Гродзенскую ці Мінскую вобласці.

На гэтым тыдні быў заняты падвозкай грунту для добраўпарадкавання тэрыторыі жывёлагадоўчага комплексу ў Пясках. Віктар не мае звычкі дзяліць заданні на выгадныя і нявыгадныя, калі трэба, працуе дапазна і ў выхадныя. Ведае, як дорага можа абыходзіцца спазненне ў полі ці на ферме. Тая перакананасць у ім з першага дня работы.

Аб Віктару з павагай гавораць у таварыстве, адзначаюць яго безадказнасць і дакладнасць у працы, уменне ладзіць з людзьмі.

Сёння, у святочны дзень працаўнікоў вёскі, Віктар Шурко прымае ўдзел ва ўрачыстасці ў Каменцы. Ён атрымаў Грамату ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Жыццёвыя берагі Віталія Удута

Віталій і Наталля Удуты разам ужо больш за дваццаць гадоў. У сям’і трое дзяцей. Двое сыноў амаль самастойныя, на радасць бацькам падрастае дачка, якой пяты год. А нязвыклае для нашых мясцін прозвішча “прыехала” ў Ставы з Закарпацця з сям’ёй Віталія, калі ён толькі-толькі скончыў дзесяць класаў.

aleksandryya-udut

Чаму іменна Ставы? Паблізу, на заставе, у свой час служыў сваяк Удутаў, да якога родныя прыязджалі ў адведзіны ажно з Мукачаўскага раёна. І калі пазней задумаліся аб пераездзе, выбралі гэтую мясціну.

З паўгода Віталій слясарнічаў у калгаснай майстэрні, а затым яго накіравалі на вучобу ў Пелішча, дзе атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста. Вызначэнне “шырокага профілю” ў адносінах да яго – якраз, бо яму падуладныя і нашпігаваны электронікай найноўшы трактар, і збожжаўборачны камбайн, і пагрузчык “Амкадор”, і кормараздатчык… Праўда, апошнія два гады ў жніво на камбайне не працуе, бо, як толькі звезена салома, яго магутны “Беларус-3530” выязджае ў поле з агрэгатам, здольным адначасова рыхтаваць глебу пад сяўбу і сеяць, што дае немалую эканомію паліва і часу.

За ім жа замацаваны яшчэ адзін трактар МТЗ, больш сталага ўзросту. Бывае, некалькі разоў за дзень даводзіцца змяняць прычапныя прыстасаванні. Але ўсё гэта не ў цяжар, калі любіш сваю работу. Адносіны да яе Віталій Іванавіч вызначае коратка: ”Гэта маё жыццё”.

Звыкся з такой асаблівасцю сельскай гаспадаркі, як ненарміраваны рабочы дзень і рэдкія выхадныя. Водпуск толькі зімой. Але жонка ніколі не чуе наконт гэтага скаргаў ад Віталія.

Наталля Анатольеўна, якая загадвае ў Ставах дзіцячым садам, ведае са слоў мужа пра ўсе “ноу-хау” яго апошняга трактара, згадвае, як гадоў дзесяць назад на палігоне Мінскага трактарнага завода авалодваў навыкамі работы на энерганасычанай тэхніцы, з павагай гаворыць пра яго адданасць сваёй працы. Яна вырасла ў сям’і вайскоўцаў, апошнім прыстанкам якой быў Брэст, і наўрад ці здагадвалася, што звяжа сваё жыццё з вёскай. Не адзін год маладыя нават даглядалі карову, але цяпер, калі яе не стала, хлеў таксама не пустуе.

Утульная кватэра, якую некалі атрымалі ў калгасе, дзеці, згода ў сям’і, любімая работа – усё гэта іх набытак. Яны ўзялі шлюб, калі Віталію было толькі дваццаць. Хараство адносін не страчана дасюль. Пэўна, і таму, што абое з настроем раніцай з дому – на працу, а вечарам з радасцю – дадому…

Поўдзень у Камарніках

З Галінай Вахрамеевай, аператарам машыннага даення, пазнаёміліся ў абедзенны час у Камарніках, дзе яна жыве. Амаль пятнаццаць гадоў працавала на блізкай, побач з вёскай, ферме, якая ўжо не падлягала рэканструкцыі. І тры гады назад, калі ў Пясках быў уведзены ў эксплуатацыю сучасны комплекс (цяпер тут 1415 галоў жывёлы, у т. л. дойны статак), Галіна спазнала працу па-новаму – у зале, дзе зманціравана даільная ўстаноўка “Вестфалія”.

aleksandryya-vaxrameeva

Спачатку няпроста было прызвычаіцца, паверыць, што дзве даяркі – гэтае слова ўжо ў ліку архаізмаў – за змену могуць падаіць 600 кароў. Сёння задаволена: адчувальная палёгка ў рабоце, на комплексе – душ і іншыя зручнасці, спецадзенне, гарантаваныя два выхадныя праз кожныя два дні і даволі важкі заробак, на працу адвязуць і прывязуць дадому, бо рабочы дзень пачынаецца а 6-й, а вечарам завяршаецца каля 22 гадзін.

Разам з Галінай заняты яе каляжанкі Аксана Ільінская, Зоя Ваканюк, Таццяна Панасюк. Шчырае “Сёння не саромеемся, што мы даяркі, бо маем справу з сучасным абсталяваннем, працуем у чыстай зале, і нават пальчаткі ў нас аднаразовыя…” ці не самае зразумелае сведчанне перамен, дзякуючы цяперашняй мадэрнізацыі ў жывёлагадоўлі.

Людміла Дзенісюк, загадчыца малочнатаварнага комплексу, дзе статак на круглагадовым стойлавым утрыманні, з удзячнасцю гаворыць аб працавітай Галіне Вахрамеевай як адной з лепшых аператараў. На яе рахунку за 10 месяцаў года 981 тона малака ў заліковай вазе, што больш леташняга на гэты час. Ад кожнай з кароў атрымала 6151 кг сырадою, гэта самы высокі паказчык у гаспадарцы. Наконт кармоў Людміла Якаўлеўна выказалася з непрыхаваным задавальненнем: “Выдатна. Ёсць і кормасумесі, і дабаўкі – рацыён вельмі добры.”

Сёлетняя адметнасць – “Александрыя-Агра” значна больш адправіла на перапрацоўку малака класам “Экстра”, каля 60% ад рэалізаванага. Славуты чалавечы фактар, як бы шмат электронікі побач ні было, мае да гэтага непасрэднае дачыненне. І заробак залежыць ад сорту атрыманага малака, таму імкненне да вяршыні якасці больш чым зразумелае.

Асабліва адзначае Людміла Дзенісюк увагу Галіны да кожнай жывёліны і візуальную памяць: ці не нароўні з камп’ютарам ведае тэрміны ацёлаў кароў, колькасць лактацый, надоі кожнай з іх. І гэта ў адносінах некалькіх сотняў рагуль.

Разам з ёю працуе на комплексе і яе муж – ён жывёлавод. Яе маці аддала ферме каля сарака гадоў, у тым ліку ва Украіне, адкуль у 1990-я пераехалі на Беларусь. Ці не ад матулі перадаўся Галіне любімы занятак у вольны час – вышыванне.

Падрыхтавала Галіна НОВІК. Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий