Маштабная святочная праграма пачалася са спартыўных спаборніцтваў. На школьным стадыёне (нядаўна мадэрнізаваным, дарэчы) адбыўся турнір па міні-футболе на кубак горада. Перамагло сяброўства, і кожны ўдзельнік атрымаў кубак горада. А на стадыёне ў парку ў пятым туры чэмпіяната раёна па футболе перамогу над ФК “Высокае” з лікам 6:3 атрымаў ФК “Ніва”.
Для гасцей свята ў парку працавалі гандлёвыя шэрагі, прапаноўваючы сувеніры, пачастункі, забаўкі, і атракцыёны. Адна садовая скульптура (вожык) цяпер «жыве» ў мяне. А дзецям на свяце пашанцавала асабліва – вочы разбягаліся ад выбару!
Паступова гледачы збіраліся перад сцэнай, дзе а трэцяй гадзіне распачалася канцэртная праграма таленавітых рабят з цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Высокім і іх педагогаў. Прычым песні і танцы перамяжоўваліся работай з гледачамі, якія ахвотна ўключаліся ў гульню (нават лёгкі дожджык не спужаў! Спойлер: вялікі таксама не змог разагнаць гараджан па дамах J). Між тым, праграма святкавання 527-годдзя Высокага толькі распачыналася…
Урачыстае адкрыццё Дня горада правялі сябры Высокага Ірына Вярэніч і Дзмітрый Свірэпа, а ўдзельнічалі ў ім аб’яднанне “Палаўчанка” з Пагранічнага СДК, народны вакальны гурт “Гармонія” раённага Дома культуры і праваслаўная музычная студыя “Радасць мая”, створаная пры прыходзе храма ў Высокім. Юнакі і дзяўчаты выканалі песню Луі Армстронга «Let My People Go», якая нясе ў сабе біблейскі сэнс, пра што ведаюць нямногія.
З віншаваннямі да гасцей у гэты дзень звярнуліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Нігерыш, настаяцель названай вышэй царквы, айцец Анатолій Медзвядзюк і старшыня гарвыканкама Аляксандр Рагальчук.
З рук апошняга падарункі атрымалі галоўная медсястра мясцовай бальніцы Галіна Пашкевіч; самая пажылая высакаўчанка – 96-гадовая Ніна Сцяпанаўна Франчук; сям’я Андрэя і Кацярыны Пашкевіч, у якой 28 ліпеня нарадзіўся сынок; Аляксей і Кацярына Зялёнка, што ў той жа дзень сталі сям’ёй, а таксама Міхаіл і Наталля Мануілавы, у якіх сёння шасцёра дзетак.
У чароўную цыркавую казку “Магія цудаў” перанеслі гледачоў артысты з Гомеля, а ўзорны ансамбль эстраднага танца “Непаседы” з Расны парадаваў шыкоўнай юбілейнай праграмай “Там, дзе маё сэрца”, прымеркаванай да свайго 25-годдзя. Мяне асабліва ўразіў нумар, прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны, і ў іншых гледачоў ён выклікаў падобныя эмоцыі (многія нават плакалі).
На свабодным пасля футбольных баталій стадыёне тым часам рыхтаваліся да паказальных выступленняў мясцовыя ратавальнікі, якія і шыну патушылі па-майстэрску, і “дождж” для дзятвы арганізавалі, і шмат яшчэ чаго цікавага паказалі.
А наступным госцем Высокага ў той дзень стаў Вячаслаў Харанека, легенда гіравога спорту, шматразовы чэмпіён і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса, уладальнік самага доўгага 2-сутачнага сілавога рэкорда ў свеце. Яго майстар-клас сабраў ля сцэны нямала аматараў здаровага ладу жыцця. Прычым тром з іх выпаў гонар паспаборнічаць у жыме гіры, у выніку чаго сімвалічным кубкам Высокага быў узнагароджаны за перамогу Уладзіслаў Чумічаў з Доўбізна. А яшчэ асобным медалём ад чэмпіёна ўзнагароджаны дырэктар мясцовага ГДК Алег Грыпічук, без якога не было б сёлета ў высакаўчан такога вялікага свята.
А восьмай вечара, калі ўспамінаў пра лівень, што абрынуўся на Высокае, амаль не засталося следу, на сцэну выйшлі артысты беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Падрыхтоўка да іх выступлення заняла даволі шмат часу, бо артысты спявалі ўжывую. У гэты вечар прагучалі не толькі ўсім добра вядомыя песні з рэпертуару калектыва (напрыклад, «Завушніцы»), але і навінкі, якія напісаны спецыяльна для новага альбома.
Адметным момантам выступлення музыкантаў стала прэм’ернае выкананне гімна СААТ “Белавежскія сыры”, падчас якога перад сцэнай сабраліся супрацоўнікі прадпрыемства з паветранымі шарыкамі, а пасля ў неба выстраліла бліскучым канфеці спецыяльная машына. Гэта было вельмі прыгожа! (Дарэчы, перад канцэртам “Песняры” наведалі СААТ і былі шчыра ўражаны ўбачаным там, а таксама смакам выдатных высокаўскіх сыроў).
“Музыка іх звязала”. Такую назву насіла наступная канцэртная праграма, падчас якой артысты Высокаўскага ГДК і госці з іншых мясцін спявалі выключна ў складзе дуэтаў. А потым сцэну аддалі “Добрым сябрам” з Мартынюкоў. Гэты клуб аматараў песні назваў сваё выступленне “Падарунак сябрам!”.
Завяршэннем свята стала канцэртная праграма “Каханне не забіваюць” беларускай спявачкі Алены Грышанавай, удзельніцы “Песні года” і музычных конкурсаў “Еўрабачанне”, “Тэлепартацыя”, “Залатое вуха” і “Сярэбраны грамафон”. А пасля феерверка распачалася танцавальная ноч для моладзі.
Што тут яшчэ дадаць? Са святам, Высокае!
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Ганны ПАЦЯЙЧУК.