Не магу сказаць дакладна, якому населенаму пукту прысвячаецца песня, з якой узяты словы, вынесеныя ў загаловак, але 6 жніўня яна ДАКЛАДНА мела самае непасрэднае дачыненне да Высокага. У гэты дзень самы заходні горад Беларусі святкаваў чарговую гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 522-і дзень нараджэння. З гэтай нагоды, дарэчы, была створана і зацверджана 2000 подпісаў хартыя жыхароў Высокага. На работу над ёй у дырэктара мясцовага ГДК Алега Грыпічука пайшлі два гады.
Пасля мітынгу памяці воінаў-вызваліцеляў высакаўчане і госці горада перамясціліся з гарадскога сквера ў старажытны парк сядзібы Сапегаў-Патоцкіх. Да пачатку багатай канцэртнай праграмы тут было чым заняцца. Нехта гуляў па “Горадзе майстроў”, нехта частаваўся прысмакамі, нехта выбіраў пераможцу конкурсу на лепшы каравай, нехта надоўга прыпыняўся ля выставы “Мы для Перамогі нічога не пашкадавалі” Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, нехта слухаў незвычайную музыку гасцей з Эквадора, а аматары фальклору глядзелі выступенне “Катрынкі”… Дзяцей чакалі батуты, электрамабілі і многае-многае іншае.
Першым у афішы Дня горада значыўся канцэрт пад сімвалічнай назвай “Высакаўчане, дзякуем за вернасць і любоў!”. І дзякаваць, паверце, ёсць за што. Гэта пацвердзіла выступленне старшыні райвыканкама Валянціна Зайчука, а таксама ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу па добраўпарадкаванні (граматы ўручаў мэр Высокага Мікалай Сачык) і тых гараджан, чый унёсак у развіццё і квітненне роднага горада нельга пераацаніць (віншаваў дырэктар ГДК Алег Грыпічук). Былі адзначаны таксама і госці з суседкі Польшчы.
Свае падарункі ў перапынках паміж узнагароджваннямі гледачам дарылі самадзейныя артысты з усяго раёна і Брэста. Акрамя таго, асобныя праграмы прапанавалі раснянскія “Непаседы” (“Ты і Я”) і рок-гурт «Bel;ya».
Спецыяльна для маленькіх гасцей свята вясёлыя гульні і конкурсы правялі аніматары: усмешлівы Клоун і зусім не страшны Бармалей.
Тым часам на стадыёне ішла падрыхтоўка да выступлення пагранічнікаў, якія пазней паказалі на практыцы, як адбываецца затрыманне парушальнікаў. Дарэчы, у гэтай няпростай справе ваеннаслужачым дапамагаў сабака. З чацвераногім пагранічнікам ахвотна фатаграфаваліся потым і дарослыя, і дзеці. А яшчэ ўсе маглі пачаставацца салдацкай кашай і чаем.
Далей гасцей свята чакала пажарнае шоу. Падчас яго можна было на свае вочы ўбачыць, як з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў ратаўнікі распільваюць у выпадку аварыі дзверку аўтамабіля і лёгка “перакусваюць” тоўсты металічны прут. Не абышлося, зразумела, і без “дажджу” з пажарнага рукава ды пены. А яшчэ на радасць дзецям нечакана з’явіўся з-за чырвонай машыны ратаўнік у вогнетрывалым касцюме. “Іншапланяцянін”, як яго адразу ж ахрысцілі, некалькі разоў у прамым сэнсе прайшоў праз вогнішча.
З асаблівым нецярпеннем святкавальнікі чакалі прылёту “Сіняй птушкі” – маю на ўвазе знакаміты яшчэ з часоў СССР вакальна-інструментальны ансамбль. Трое музыкантаў, збіраючыся ў Высокае, прыхапілі з сабой удзельніка ВІА “Песняры” Алега Жалязнякова (вось такое сяброўства-абмен). «Ты мне не снишься», «Подорожник», «Так вот какая ты», «Мамина пластинка», «Три аккорда» і, безумоўна, хіт на ўсе часы «Клен». Апошні, дарэчы, гучаў двойчы, і музыкам смела можна было апусціць мікрафоны – гледачы ведалі словы на зубок. І дождж, дакладней, лівень, не перашкодзіў танцавам і спевам.
Старэйшае пакаленне (ды і не толькі) засталося вельмі задаволеным, а моладзь чакаў сюрпрыз – выступленне выпускніка “Акадэміі талентаў” Жэні Вярэніча (ён ужо спяваў раней у Высокім разам з іншымі фіналістамі гэтага тэлепраекта). Спеваку падчас выступлення дапамагалі бэк-вакалісткі Mango Juice Band i танцоры Dance Shoy.
Завяршальнымі акордамі Дня горада ў Высокім сталі вечарына танцаў пад жывую музыку кавер-гурта “Брыг-Бэнд” з Брэста і шыкоўны феерверк. Усе святочныя мерапрыемтсвы адбыліся дзякуючы сумесным намаганням высокаўскіх гарвыканкама і Дома культуры.
Настасся НАРЭЙКА.
Это может быть интересно:
-
В Каменецкой ЦРБ проводится вакцинация для профилактики COVID-19
-
Сегодня у жителей района была возможность обратиться со своими вопросами к депутатам всех уровней
-
«Наши дети» и «От всей души»: новогодние акции Каменецкого района объединяют добрые сердца
-
15 января на встрече с председателем районного Совета депутатов в Новоселках обсудили насущные вопросы
-
Глава государства одобрил стратегии участия Беларуси в работе Шанхайской организации сотрудничества (ШОС) и БРИКС.