Дэлегат Усебеларускага схода: “Там не будзе парадных справаздач”

Да галоўнай падзеі года застаецца 10 дзён. Усебеларускі сход – гэта дыялог, закліканы вызначыць планы на чарговую пяцігодку. Каб будаваць краіну ўсім разам. Прадстаўнікі розных рэгіёнаў і сфер дзейнасці будуць браць удзел ва ўсенародным сходзе. Адзін з іх – Аляксандр ДУНЬКОВІЧ, генеральны дырэктар ААТ “Белавежскі”.

– Аляксандр Аляксеевіч, з якімі пы­таннямі паедзеце на Усебеларускі народны сход? Гэта тое, што сёння важнае для раёна, дзяржавы ў цэлым ці галіны сельскай гаспадаркі?

– Па сутнасці мэта народнага форуму – прыняцце генеральнага плана далейшага раз­віцця нашай краіны. Будуць аб­меркаваны магчымасці і праб­лемныя пы­танні ў розных ас­пектах нашага жыцця. Прад­стаўнікі розных галін і пра­фе­сій будуць услых гаварыць аб набалелым, прапануюць шляхі вырашэння сённяшніх праблем.
Мне бліжэй за ўсё тэма сельскай гас­падаркі. Ведаю дакладна: вёсцы не патрэбныя патра­сенні. Мы працуем даво­лі ста­більна. Аднак, бывае, раптам уз­ні­ка­юць праблемы з рэалі­зацыяй нашай пра­дукцыі жывё­лагадоўлі – маю на ўвазе сві­ні­ну, бо разлік і на яе экспарт, а развіццё сітуацыі часам нагадвае сінусоіду. Для сві­нага­доў­чага комплексу прамысло­вага тыпу, дзе больш за сто тысяч га­лоў жывёлы, такая непрыемнасць адчувальная. Ці­кавяць усе пытанні, звязаныя з ільгот­­ным крэдытаваннем будаў­ніц­тва, закупкі сучаснай тэхнікі…
І яшчэ. З мэтай мінімізацыі затрат на імпартныя закупкі, а, значыць, зніжэння сабекошту нашай сельгаспрадукцыі і павышэння яе канкурэнтаздоль­насці неабходны самы строгі падыход да прынятай праграмы імпартазамяшчэння; ацэнь­ваць работу нашых навукова-доследных інстытутаў па канчатковых выніках і рэальнай карысці. А то бывае крыўдна за дзяржаву, калі часам чуеш зняважлівыя вод­клі­кі аб айчын­ных механізмах ці насенні.

– Белавежскі – прыклад таго, як сёння павінна раз­вівацца сельская мясцовасць у Беларусі. На Ваш погляд, як ствараць падобныя месцы для жыцця і работы? Як гэтаму сёння можа садзейні­чаць дзяржава?

– Усе нашы аграгарадкі значна змяні­ліся ў лепшы бок. Ра­зам з тым сумна часам бачыць невялічкія вёскі, дзе таксама жывуць людзі, часта – пажылыя. Па ўсім бачна, што не так і многа трэба для таго, каб вёска мела іншы выгляд, – часам усяго толькі дапамагчы абна­віць агароджу. І та­кія “дробязі” варта заўважаць.
На шчасце, можна ўжо гаварыць аб павышэнні ціка­вас­ці гараджан да вёскі, вяртан­ні ў родныя мясціны тых, хто на­радзіўся тут. І добра было б вярнуць вяс­коўцам магчымасць узяць крэдыт у банку пад ніз­кі працэнт, як было гадоў дзесяць назад, на канкрэтныя мэты: ку­піць трактар, саджанцы, насенне, жывёлу і птушку. Праўда, тады занадта многа патраба­ван­няў было для атрымання такога крэдыту, нямно­гія змаглі ім скарыстацца. Варта было б вярнуць тую праг­раму ў больш простым для сялян варыянце. Гэта доб­ры старт для таго, каб “знайсці” сябе ў вёсцы, пры­но­сіць карысць грамадству. А яшчэ вельмі патрэбна ў раёне хоць не­вялікае перапрацоўчае прад­прыемст­ва, куды сяльчане ў сезон маг­лі б здаць ліш­нія ага­родніну, ягады і фрукты.

– Сёння важная тэхна­ла­гічнасць у сельгаспрадпрыемствах. Гэта дадае эфек­тыўнасці?

– Безумоўна. Эфектыўнасць, як сказаў вышэй, праяўляецца зніжэннем сабекошту той ці ін­шай прадукцыі, павышэннем рыначнай канкурэнтаздоль­нас­ці. У тым ліку за кошт больш высокай якасці. Як прыклад – рабатызаваны малочнатаварны комплекс: толькі за кошт таго, што тут да мінімуму зведзены так званы чалавечы фактар, гарантавана атрымліваем усё малако класам “экстра”. А гэта немалы плюс да агульнай вы­руч­кі. Тое, што уся наша тэх­ніка аснашчана GPS-навігата­ра­мі, таксама пазбавіла нас ад многіх ранейшых праблем і дае немалую эканомію. Прык­ладаў шмат.

– Сельгаспрадпрыемствы не-не ды і адчуваюць недахоп пэўных кадраў. Гэта пытанне варта таго, каб выно­­сіць яго на рэспубліканскі форум?

– Мяркую, што аб гэтым таксама будзе ісці гаворка на ўсенародным сходзе. Аднак і кіраўнікі на месцах абавязаны па-гаспадарску, па-чалавечы падыходзіць да той праблемы. Бачыць на месцы маладога спецыяліста ці механізатара, якія толькі пачынаюць працаваць па атрыманай пра­фесіі, свайго сына або сябе. Як суст­рэць, якая зарплата, якое жыллё і бытавыя ўмо­вы? Усё гэта і ёсць складаемыя паспяховай работы з маладымі кадрамі. У тым ліку і іх адпачынак у вольны час. Не прэзідэнт, не ўрад па­він­ны вырашаць гэтыя пытанні.

Цікавілася Галіна НОВІК.