Рабіць людзей прыгожымі. Менавіта з такой мэтай штодзень ідзе на работу ў Камянецкі Дом быту цырульнік-стыліст з амаль 35-гадовым стажам Валянціна Дзенісюк. І “чаруе” яна (нажніцамі ды адмысловай машынкаю) над валасамі прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва.
У 1982 годзе Валянціна Генадзьеўна скончыла тагачасны Брэсцкі вучэбна-курсавы камбінат і вярнулася ў родны Каменец, дзе ўладкавалася на першае месца працы, якое ў выніку стала пастаянным.
– Мне падабаюцца своеасаблівыя пахі цырульні, тое, як мяняецца чалавек, што ў маім крэсле перад люстэркам: садзіўся адзін, а ўстае іншы – больш прыгожы. Памятаю, як дзяўчынкаю прыходзіла сюды з мамай, назірала за работай майстроў і адчувала: гэта мне пасуе, гэта – маё. Таксама прыемна чуць словы падзякі.
Валянціна Дзенісюк неаднаразова павышала сваю кваліфікацыю на разнастайных курсах, мае самы высокі 5 разрад, былі перамогі ў конкурсах прафесійнага майстэрства абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Але галоўны паказчык “лёгкай”, таленавітай рукі майстра – чэргі з кліентаў. Дарэчы, да маёй суразмоўцы прыязджаюць стрыгчыся нават з Мінска! Камянчане, што перабраліся ў сталіцу, завітваюць самі, а таксама накіроўваюць сюды сяброў. Аднойчы, напрыклад, малады мінчанін скарыстаўся такой парадай, паказаў Валянціне Генадзьеўне на тэлефоне стрыжку сваёй мары, якую не змаглі зрабіць цырульнікі ў Мінску, і… вярнуўся дадому поўнасцю задаволены.
Яшчэ адзін сакрэт удалай працы Валянціны Генадзьеўны ў тым, што яе чароўнае крэсла на час стрыжкі пераўтвараецца ў “кушэтку псіхолага”. Для кожнага кліента майстар шукае асаблівы падыход: маленькіх хлопчыкаў забаўляе і распытвае, каб не гарэзілі; маладых людзей стараецца падтрымаць у імкненні да самавыражэння з дапамогай прычоскі; пажылых наведвальнікаў уважліва слухае, унікаючы ва ўспаміны, падзяляючы пачуцці, радасці і трывогі (іх і стрыжэ даўжэй, каб даць чалавеку выгаварыцца).
– Калі гляджу на чарговага кліента, адразу бачу, што яму будзе да твару, – дзеліцца вопытам мая суразмоўца. – Гэта ўжо прафесійнае. Але, разам з тым, улічваю і пажаданні. Магу даць параду, але не навязваю сваё меркаванне. Часам у чарзе на пошце ці ў магазіне пачынаю міжволі аналізаваць прычоскі тых мужчын, што побач: там бы падкараціла, тут бы перарабіла, а вось тут – выдатна… А потым узгадваю: я ж не на рабоце! (Усміхаецца).
Пастаянныя кліенты Валянціны Генадзьеўны даўно маюць нумар яе мабільнага тэлефона (дарэчы, ёй пад сілу і работа з жаночымі валасамі), запісваюцца “на прыём” загадзя, бо ведаюць: расчараванымі з крэсла цырульніка не ўстануць.
Цёплымі словамі характарызуюць жанчыну і яе калегі. Напрыклад, Таццяна Аўдзіевіч, з якой ідуць поруч ужо 30 гадоў, апісвае Валянціну Дзенісюк так: “Цудоўны чалавек і супрацоўніца, ніколі не падвядзе і заўсёды падтрымае”.
Увогуле свой калектыў мая суразмоўца называе выключна дружным, зладжаным і цёплым. Усе цырульніцы – добрыя сяброўкі, правераныя часам.
– Заўсёды знаходзім агульныя тэмы для гутаркі ў вольную хвілінку. Тут, на рабоце, у нас дыскусіі ідуць нават больш палкія, чым дома. Бо мы жывём сваёй любімай працай.
Дарэчы, пра дом… Валянціна Генадзьеўна – цудоўная жонка, маці сына з дачкой і двойчы бабуля. Уся сям’я актыўна і ахвотна карыстаецца паслугамі “хатняга цырульніка”, а ўнукі Ніка і Марк просяць падстрыгчы іх ледзь не кожны дзень.
У вольны час жанчына вяжа пруткамі світары і камізэлькі мужу, шапкі, шалікі і шкарпэткі – унукам.
Цікаўлюся: а ці не было ў вас калі-небудзь жадання адкрыць уласную цырульню? Назвалі б “Валянціна”…
– Ніколі! – адказвае мая суразмоўца. – Люблю сваю работу ў Доме быту, усё тут задавальняе. А пра развітанне з калектывам і думаць не магу. Мы – адзінае цэлае.
Няхай жа не тупяцца нажніцы чараўніцы Валянціны Дзенісюк!
Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.