Размову з Наталляй Шокала, настаўніцай рускай мовы і літаратуры, смела можна разбіраць на цытаты – толькі паспявай запісваць! Я вельмі старалася занатаваць усю тую педагагічную і жыццёвую мудрасць, якою літаральна фантаніруе гэты педагог. Ці атрымалася? Меркаваць вам…
Няма ў свеце, напэўна, ніводнай дзяўчынкі, якая ў школьныя гады не марыла аб прафесіі настаўніка. Каб аднойчы ўвайсці ў клас з указкай і журналам, усміхнуцца сваім вучням і прамовіць запаветнае: “Добры дзень, дзеці!” Для Наталлі Мікалаеўны гэта мара здзейснілася напоўніцу.
Пасля Высокаўскай СШ яна паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, прычым абраная спецыяльнасць была даволі спецыфічная… Прынамсі, пра гэта і не толькі лепш раскажа яна сама.
– Я не магла зрабіць выбар паміж беларускай і рускай мовамі, якія любіла аднолькава, за што шчыра дзякую сваім цудоўным настаўнікам: Фядковіч Валянціне Мікалаеўне і Доўгань Маіне Сяргееўне. Пасля іх урокаў паступаць было лягчэй, а вобраз гэтых педагогаў стаў прыкладам на ўсё жыццё. Аднак, выбіраць было ўсё ж неабходна, і я… пайшла на кампраміс. Мая спецыяльнасць, якой сёння ўжо няма ў ВНУ, – “Беларуская і руская мова. Літаратура народаў свету”. Такое цікавае спалучэнне.
– Відавочна, у БрДУ вы знаёміліся з працамі знакамітых педагогаў. Хто ўразіў вас найбольш і якую асноўную ідэю з яго напрацовак узялі на ўзбраенне?
– Антон Макаранка. Вучуся ў яго паважаць асобу ў кожным вучні, якім бы ён ні быў.
– Пасля ўніверсітэта вас чакала размеркаванне…
– Так. І я з задавальненнем вярнулася ў родную школу, дзе працую вось ужо 20 гадоў. Своеасаблівы юбілей. Прычым больш за дзесяць выкладала беларускую мову, потым перайшла да рускай.
– Чым вам імпануе праца настаўніка?
– Напэўна, тым, што кожны мой дзень у школе цікавы і непаўторны. Стараюся ўплятаць у мелодыю ўрока ноткі гумару. Заўсёды дазваляю вучням выказваць уласнае меркаванне, а ў адказ дзялюся сваім. Атрымліваецца дыялог.
– Ці сябруеце з сучаснымі тэхналогіямі, якія могуць дапамагчы падчас урока?
– Без іх ніяк. Выкарыстоўваю ўсе магчымасці, каб зрабіць матэрыял цікавым і даходлівым. Напрыклад, раблю прэзентацыі… А вось мабільныя тэлефоны на маіх уроках пад забаронай. Цалкам станоўча стаўлюся да электронных кніг: калі вучню так зручней, калі ласка. Сама ж ахвотней вазьму ў рукі традыцыйную кнігу.
– Ведаю, што сярод вашых вучняў шмат пераможцаў алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Як далучаеце іх да ўдзелу?
– Угаворваць, на шчасце, нікога не трэба. Многія імкнуцца самі. А я, арыентуючыся на вопыт, адразу прыкмячаю: вось гэты хлопчык – паэт-пачатковец, гэты – артыстычны чытальнік, тая дзяўчынка валодае здольнасцямі да вывучэння мовы. Увогуле таленавітыя ўсе дзеці…
– Што робіце, калі нехта ну ніяк не жадае вучыцца?
– Не прымушаю. Раптам ён – фізік па складзе розуму? Аднак неабходную базу па сваіх прадметах дам усім.
– Калі дзённік школьніка стракаціць дрэннымі адзнакамі, хто вінаваты ў гэтым?
– І ён сам, і настаўнік, і бацькі. Калі гаварыць пра апошніх, то часам дзіцяці не хапае ад іх не тое што канкрэтнай дапамогі па фізіцы ці гісторыі, а падтрымкі маральнай.
– Ведаю, што ў вашай школе класы досыць вялікія па колькасці вучняў. Гэта аблягчае работу настаўніка ці ўскладняе?
– Мне прасцей з вялікім класам. Калі ж справа тычыцца паглыбленага вывучэння прадмета, то лепш працаваць у групцы з васьмі чалавек. Тады я кожнага бачу.
– Вы з’яўляецеся сёння класным кіраўніком 11 класа. Гэта будзе ваш першы выпуск?
– Не. Але хвалююся ўсё адно, прадчуваючы хуткае развітанне. Ведаеце, увогуле кожны апошні званок для мяне без слёз не бывае, незалежна ад таго, для маіх дзяцей ён гучыць ці не.
– Без якіх якасцяў не абысціся сёння педагогу?
– Па-першае, ён павінен паважаць дзяцей, верыць ім. А па-другое, любіць сваю работу.
– Калі б падчас сусветнага пажару вы маглі выратаваць толькі адну кнігу, якую б выбралі?
– Біблію.
– Назавіце сваіх любімых аўтараў з беларускай і рускай літаратур.
– У першай гэта – Уладзімір Караткевіч, Вітаўт Чаропка і Васіль Быкаў. У другой – Фёдар Дастаеўскі і Антон Чэхаў.
– Нядаўна былі ўнесены змены ў школьную праграму. У тым ліку па рускай мове і літаратуры. Як ацэньваеце іх?
– Катэгарычна супраць таго, што вучні больш не будуць чытаць “Рамэа і Джульету”. На маю думку, гэты твор для 14-гадовых, нават нягледзячы на няпростую мову Шэкспіра. Маім дзецям ён заўсёды падабаўся. А вось санеты, якімі замянілі п’есу, больш падыходзяць 30-гадовым.
– Як рыхтуеце сваіх вучняў да ЦТ па рускай мове, ці магчыма ў ім паставіць “птушачкі” наўгад і набраць 50 працэнтаў?
– Немагчыма. А кожнага са сваіх выпускнікоў рыхтую па асобнай, калі можна так сказаць, праграме. Улічваю індывідуальнасць.
– Ці праўда, што вучні апошнім часам сталі горшыя?
– Маняць. Яны заўсёды аднолькавыя. Змяніліся іх інтарэсы. Усё больш і больш матываваных дзяцей. Галоўнае, калі на ўроку расказваю нешта вучням, бачу, што вочы іх не пустыя…
– Некалькі слоў пра вашу сям’ю…
– У нас з мужам двое дзетак: дачка Кацярынка у 5-м класе, сын Раман – у 2-м.
– Вядзеце ўрокі ў класе дзяўчынкі?
– Так, і тое, што яна мая дачка, ніяк не адчуваецца. Нічым не выдзяляю. У свой час я вучыла яшчэ і ўласнага малодшага брата…
– Чым захапляюцца вашы дзеці?
– Вучацца ў музычнай школе. Каця – па класе фартэпіяна, Рома – акардэона.
– Складана сумяшчаць дзве школы, напэўна. Не прасілі дазволу кінуць?
– Не. Гэта нават не абмяркоўваецца! У нашай сям’і прынята так: пачаў справу – завяршы.
– Ці ёсць у вас хобі?
– Люблю падарожнічаць. Дарога мяне супакойвае. Куды ехаць, на чым, – без розніцы. Увогуле лепшая вандроўка – спантанная. Гэтым летам, на канікулах, ездзілі з мужам, дзецьмі і сям’ёй брата на Нёман. А пятай гадзіне раніцы слухалі з Кацяй спевы першых птушак, выбраўшыся з палаткі. Гэта зачараванне! Шмат дзе мы былі ў Беларусі. І самая прыгожая мясціна нашай краіны – Палессе. Таксама вельмі люблю Полацк. Гэта МОЙ горад. Адчуваю яго.
Акрамя таго, ахвотна вяжу дыванкі. Гэтым летам паставіла абсалютны рэкорд – 12 штук за 3 месяцы. Вышываю крыжыкам карціны і ручнікі. Ствараю звычайна нешта практычнае, не толькі для прыгажосці, але і на карысць. Мне падабаецца, калі нехта носіць мае шкарпэткі, ходзіць па маіх дыванках. Сачу, у каго што прахудзілася, і абнаўляю, раблю падарунак.
А яшчэ каля дома люблю высаджваць дрэвы…
– І на заканчэнне вашы пажаданні калегам з нагоды прафесійнага свята.
– Зычу ім стабільнасці і больш часу для сапраўднай настаўніцкай працы, для работы з вучнямі. Удзячная адміністрацыі нашай школы за падтрымку ўсіх маіх, часам “вар’яцкіх”, ідэй, нашаму дружнаму калектыву. Мужу ўдзячная за разуменне, дачцэ і сыну – за цярпенне, брату і сябрам – за пастаянную дапамогу. Дзякую ўсім!
– І вам вялікі дзякуй за інтэрв’ю.
Распытвала Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
КОЛЛЕКТИВ «КАТРЫНКА» ПОДТВЕРЖДАЕТ СВОЕ ВЫСОКОЕ ЗВАНИЕ
-
Говорит и показывает «KUFAR Высокое»: кому нужны аварийные деревья в СХТ?
-
Соцопрос для высоковчан: нужно ли благоустройство в районе СХТ?
-
Высшую награду завоевали таланты из Высокого на областном этапе республиканского конкурса «Здравствуй, мир!»
-
На ремонт Высоковской больницы в 2024-м потрачено более 1 миллиона рублей