Чым жыве і пра што марыць малады навуковец і настаўнік? Юля Чарнавокая

Юля Чарнавокая вырасла у Амялянецкім, як яна сама гаворыць, “вясковым” асяродку. Можна сказаць, што гэты чалавек яшчэ з маленства ведаў, чым будзе займацца. Дзяўчынку з магнітафонам і просьбай “спяваць песні” яшчэ доўга будуць памятаць бабулі з Амелянца.

Гэта спачатку было нібыта хобі – збіраць фальклор у сваёй роднай вёсцы, а потым вылілася ў сапраўдную навуковую работу, ды яшчэ і не ў адну. Зараз Юля працуе настаўніцай ў сваёй роднай школе і зусім не шкадуе, што лёс пасля магістратуры занёс яе на малую Радзіму. Гэта не замінае ёй займацца навукай і… Прапаноўваю пазнаёміцца з гэтым чалавекам і вам.

Справа, якая не адпускае

– З якога моманту пачалося сур’ёзнае стаўленне да фальклору?
– Любімы занятак у дзяцінстве – пасвіць кароў з бабуляй. Лічу, што сталыя людзі – гэта крыніца мудрасці, легендаў, паданняў, казак… Магчыма, менавіта з гэтага і пачалася мая цікавасць да фальклору, недзе на падсвядомым узроўні гэта адыграла сваю ролю. Але ёсць выказванне, якое сцвярджае, што самая першая і самая любімая кніга дзяцінства прадвызначае лёс чалавека. Маёй якраз быў зборнік беларускіх народных легендаў і паданняў “Свяці-свяці, сонейка”. Памятаю нават самую любімую легенду, якуя ведаю на памяць. Гэтая кніга была зачытана амаль што да дзірак. Ну і самым значным фактарам маёй зацікаўленасці фальклорам лічу працу са мной майго настаўніка – Таццяны Сцяпанаўны Краўцовай. У свой час яна прапанавала мне пачаць займацца фальклорам, збіраць, вывучаць і аналізаваць песні роднай вёскі. Гэта і стала першай прафесійнай і сур’ёзнай прыступкай да маёй далейшай навуковай дзейнасці.

iiqh9amc1xi

– Атрымліваецца, што школьная мара пра будучую прафессію здзейснілася?
– Можна і так сказаць. Хаця я ўвогуле ні у першым, ні ў 10 класе сур’ёзна не задумвалася над будучай прафесіяй. Але, калі шчыра прызнацца, не вельмі хацела ісці ў першы клас (усміхаецца). Не разумела, навошта гэта патрэбна (смяецца). Тым больш, што на той момант я ўжо добра ўмела чытаць і пісаць. Пасля мне стала цікава вучыцца.

– Цяжка было выбіраць будучую прафесію?
– Выбар спецыяльнасці і навучальнай установы вельмі важны ў жыцці кожнага вучня 9 ці 11 класа. Бо гэта пэўным чынам прадвызначае лёс. Узровень падрыхтоўкі ў нашай школе вельмі нядрэнны. На ўласным прыкладзе магу расказаць, што калі здавала ЦТ па біялогіі, то набрала даволі многа балаў. Але мушу зазначыць, што неяк дадаткова ці з дапамогай рэпетытараў я не рыхтавалася да іспыту. А тэсты на выбраную спецыяльнасць здала добра і ў выніку паступіла на бюджэт.

sxukx6juqfs

– Памятаеш якой была твая першая навуковая работа?
– Безумоўна. Усё пачалося ў 8 класе. Як і любая іншая, навуковая работа павінна мець, акрамя тэмы, яшчэ і мэту, і задачы. Так было і ў нас: мы селі з Таццянай Сцяпанаўнай і пачалі сур’ёзна працаваць. Акрамя таго, што патрэбна было прачытаць і прааналізаваць ужо напісаныя навукоўцамі тэксты, была магчымасць і папрацаваць з жывым матэрыялам. З касетным магнітафонам я абышла ўсю вёску, садзіла бабулек перад ім і прасіла спяваць мне песні. І з кожным разам гэты занятак станавіўся ўсё больш сур’ёзным. І з кожным разам працаваць было ўсе больш і больш цікава. Гэта справа, якая зацягвае, не адпускае і натхняе…

Мэта – філфак…

– Калі ты вырашыла, што будзеш паступаць на філалагічны факультэт БрДУ імя Пушкіна?
– Мэтанакіравана пачала рыхтавацца да гэтага ў 11 класе. Наша школа вельмі добрая ў тым сэнсе, што калі вучань вырашыць стаць філолагам, біёлагам ці географам, то настаўнікі толькі падтрымаюць і будуць займацца з ім да апошняга.

ndpjar280m8

– Твае першыя думкі, калі ты паступіла…
– Думкі… (задумалася). Безумоўна, усе вясковыя дзеці хочуць хутчэй з’ехаць ад бацькоў у горад. Гэта класіка, як мне падаецца. Ужо потым, на курсе пятым і падчас вучобы ў магістратуры, мне вельмі хацелася зноў вярнуцца ў вёску. Калі пачала вучыцца, не расчаравалася. Мне здаецца: калі чалавек мэтанакіравана ідзе вучыцца, яго не расчаруе нішто.

– Шмат было такіх зацікаўленых, як ты? Бо ўсім вядома, што філалагічны факультэт у любой вышэйшай навучальнай установе – гэта нібыта “апошні цягнік”, у які “ўскокваюць” усе тыя, хто не змог паступіць на больш цікавыя спецыяльнасці…
– Не магу зараз адказаць, бо цяжка. Мая група была вельмі моцная. У выніку атрымалася так, што чырвоныя дыпломы займелі 5 чалавек. Мне здаецца, што не было нематываваных людзей, можа, 1-2.

– Раскажы пра сваю працу з фальклорам ва ўніверсітэце.
– Па-першае, я знайшла Іну Анатольеўну Швед, доктара філалагічных навук, прафесара, якую завочна ведала яшчэ са школы. Падчас напісання навуковых работ вельмі часта з ёй кансультавалася. І вось, калі на першым курсе падчас заняткаў па фальклоры Іна Анатольеўна зайшла у аўдыторыю, я устала і сказала, што мяне завуць Юля Чарнавокая і што я хачу з ёй працаваць. З таго часу, з першага курса, мы наладзілі добрыя стасункі і шмат паспелі зрабіць. І нават цяпер, працуючы ў школе, я заўсёды магу звярнуцца па дапамогу да гэтага чалавека.

А потым – магістратура…

ya1nh1cfoby

– Пасля першай ступені вышэйшай адукацыі ты вырашыла пайсці ў магістратуру. Ці звязана гэта з тым, што не можаш без навукі?
– Для таго, каб займацца навукай, не абавязкова паступаць у магістратуру. Яна – гэта проста яшчэ адна прыступка ў маім жыцці, на якую я паспяхова паднялася.

– А ці патрэбная была гэта прыступка?
– Лічу, што магістратура неабходна толькі тым, хто збіраецца займацца навукай. Я разумела, што напішу магістарскую дысертацыю, але ж агульныя веды не будуць настолькі высокія, як таго патрабуе класічнае разуменне паняцця “магістратура”. Магчыма, гэта была і мая недапрацоўка ў тым плане, што недзе недавучыла, нешта прапусціла. Як мне здаецца. Можа, калі б трапіла ў магістратуру за мяжу, атрымала б больш якасную адукацыю другой ступені.

– Калі б была магчымасць змяніць нешта ў працэсе атрымання адукацыі ці прапанаваць нейкія інавацыі, што б гэта было?
– Па-першае, неабходна, каб людзі паступалі больш матывавана на тыя спецыяльнасці, з якімі яны жадаюць звязаць сваё жыццё, трэба паменшыць набор ці ўстанавіць нейкую бальную мяжу. Напрыклад, тых, хто мае 300 балаў, мы бяром, а тыя, хто менш, – выбачайце. Тым больш, на 5 курсе ўзнікае пытанне з размеркаваннем, і нематываваны студэнт ўсімі сіламі спрабуе адмазацца ад яго. Пачынаюцца паніка, істэрыка, марш-кідок па ўсіх паліклініках, каб набыць нейкую даведку, каб не паехаць адпрацоўваць у далёкую вёску.

– Мне здаецца, што Юля Чарнавокая і навука – гэта сінонімы. Змагла б жыць без яе?
– У мяне быў такі вопыт – год пасля заканчэння філфака. Я працавала ў дзіцячым садку, але гэта было для мяне вельмі сумна. Першыя месяцы ўвогуле хадзіла без настрою, бо вярталася дахаты і мне не трэба было нічога тэрмінова рабіць, не патрэбна было рыхтавацца да пар, не тэлефанавала Іна Анатольеўна і не казала, што ужо дэдлайн і патрэбна хутчэй дасылаць артыкул на канферэнцыю. Проста вярталася з работы і займалася хатнімі справамі, а гэта вельмі стамляе. У выніку вырашыла, што гэта – не мой стыль жыцця. У той год я ўдзельнічала ў розных адукацыйных праграмах, запісвалася на трэнінгі і семінары, карацей – займалася самаадукацыяй на тым узроўні, які быў даступны. Гэта не для мяне – жыць і не вучыцца.

– Без чаго яшчэ не зможа існаваць Юля Чарнавокая?
– Без цікавых знаёмстваў і размоў. А таксама вельмі складана сядзець на адным месцы. Я люблю падарожнічаць. Але адзінае падарожжа для сябе, для душы, мы з мужам зрабілі ва Украіну, да мора. А ўсе астатнія мае вандроўкі былі звязаны з адукацыяй і навуковай дзейнасцю.

– А куды хацелася б паехаць?
– Вельмі люблю гістарычныя фільмы. Мяне заўсёды захапляюць выбітныя жанчыны, такія як Клеапатра. І з ранняга дзяцінства я марыла, што наведаю Егіпет, Рым, старую Еўропу.

– Змагла б надоўга з’ехаць за мяжу на працу?
– Не магу адказаць на гэта пытанне адназначна. Магчыма, пры вялікім жаданні і можна такое ажыццявіць, але ж у мяне пакуль не было падобной мэты. Ды і наколькі такое жаданне можа быць апраўдана, даведацца можна толькі тады, калі яно здзейсніцца. Я магу крычаць, біць сябе ў грудзі: “Так, я паеду”, але ж, заехаўшы, не змагу там знаходзіцца. Не будзе хапаць навуковага ўзроўню. Ці як патрыёта будзе цягнуць на Радзіму.

Не цэнім, што маем

– Ці прэзентавала ты свае навуковыя работы па-за межамі Беларусі?
– Такі вопыт быў. Па-першае, я шмат дзе была ў Беларусі. Нават у Акадэміі навук. Хачу сказаць, што беларусы не цэняць сваёй спадчыны, якой мы ўсе валодаем і чамусьці не адчуваем, што гэта і ёсць наша багацце. На жаль, безумоўна. Зараз я вывучаю фальклор суб-культур, і гэтая тэма больш цікавіць людзей. Нават беларусаў. Я магу смела сказаць, што ў нашай краіне робяцца толькі першыя крокі ў вывучэнні менавіта сучаснага фальклору (фальклору суб-культур – рэд.). Калі прыязжаю на канферэнцыю з такой тэмай, то выглядае гэта даволі адметна, бо незвычайна для беларусаў. А з традыцыйным фальклорам усё больш сумна. Але, калі выязжаю за мяжу, то там зусім па-іншаму ўсё адбываецца. Як мне здаецца, менавіта зараз нацыянальная культура і адметнасці кожнай нацыі вельмі каштоўныя за межамі тэрыторыі яе пражывання. Фальклорныя рэчы там ідуць на біс (усміхаецца).

– Зыходзячы з папярэдняга пытання, як думаеш, чаму беларусы не цэняць сваю спадчыну ў тым разуменні, пра якое мы размаўлялі?
– Вось тут якраз і спрацоўвае прымаўка пра тое, што мы не цэнім тое, што маем. А вось калі страцім, то, можа, пачнём думаць… Але ж варта адзначыць, што ў апошні час расце цікавасць нашых кіруючых колаў да народнай спадчыны, да мовы. На жаль, мова і нацыянальная кульутра зараз знаходзяцца ў занядбаным стане, мы трошкі забыліся на ўсё гэта. І нашыя ўлады звярнулі ўвагу на гэтае пытанне. Але мне здаецца, што можна больш націснуць на яго…

– Напрыклад?
– Я вельмі катэгарычны чалавек і прытрымліваюся думкі, што ўсё трэба рабіць па максімуму. Давайце зноў вернемся да адзінай дзяржаўнай мовы. Калі мова гучыць, то можна сказаць, што і нацыя жывая, і культура. Тады б мы з гонарам насілі званне беларусаў.

Падсумаванне

– Кім ты сябе бачыш праз 15-20 гадоў?
– Хацела б стаць мамай. Колькі часу ўжо вучуся і, мабыць, патрэбна паспрабаваць сябе і ў новай ролі.

– Кім хочуць бачыць цябе бацькі?
– Яны апошнім часам кажуць, што вучыцца мне ўжо хопіць. І што час абзавесціся дзеткамі. Пакуль што мае мэты і іх жаданні наконт мяне супадаюць (смяецца).

– А якой ты бачыш Беларусь праз 15 гадоў?
– Па-першае, гэта беларускамоўныя школы і дзяржаўныя ўстановы – усе. Квітнеючая эканоміка, добры ўзровень медыцыны і адукацыі, культуры і мастацтва. Грамадзяне з пачуццём нацыянальнай годнасці не забываюцца на свае карані і праслаўляюць нашую краіну далёка за межамі. Каб увесь свет ведаў нас не толькі як Радзіму зуброў і Юлі Несцярэнкі, ці іншых алімпійцаў, але каб Беларусь ведалі як краіну са сваёй гісторыяй, культурай. Каб ведалі, што Беларусь – гэта вельмі годная краіна.

dsc_5418

– Дзякуй вялікі за размову.
– Калі ласка!

Дзяніс ТРАЦЮК. Фота аўтара.

Добавить комментарий