Чым сёння жывеш, Воўчынскі сельсавет?

18 студзеня ў актавай зале Навасёлкаўскага СДК адбылася сустрэча з грамадзянамі, прысвечаная самым актуальным для сельсавета пытанням. Каб знайсці на іх адказы, сюды завіталі прадстаўнікі мясцовай улады і зацікаўленых службаў.

Перш чым перайсці да непасрэднага дыялогу з жыхарамі, выступілі старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірына Нігерыш і Воўчынскага сельвыканкама Віктар Паляшчук, дырэктар ААТ “Усход-Каменец” Мікалай Царук. Ірына Іванаўна расказала пра вынікі мінулага года для нашага раёна, закрануўшы злабадзённыя тэмы: заработнай платы, працаўладкавання, развіцця сельскагаспадарчай галіны, добраўпарадкавання, будаўніцтва жылля і дарог, газаправода, а затым – аб планах на будучыню. У іх ліку – новыя і рэканструяваныя фермы, будаўніцтва аб’яз­ной дарогі вакол Высокага і добраўпарадкаванне гэтага горада да “Дажынак”, адкрыццё магазінаў вядомых гандлёвых сетак (у тым ліку і “Еўраопта”), рамонт школ і не толькі.
Віктар Паляшчук, у сваю чаргу, спыніўся на аспектах паўсядзённага жыцця ў “сваім” сельсавеце. Для зручнасці, бяспекі і камфорту амаль дзвюх тысяч яго жыхароў тут робіцца нямала: забяспечана асвятленне вуліц, арганізавана работа стаматолага ў Навасёлкаўскім ФАПе, дзякуючы кірмашу вакансій працаўладкаваны тыя, хто шукаў вакансію, добра­ўпарадкуюцца тэрыторыі (пра якасць гэтай работы сведчыць семінар адпаведнай тэматыкі, што паспяхова прайшоў летась у Воўчынскім сельсавеце).
“Дэлегацыі, што прыедуць сёлета на “Дажынкі” ў Высокае, немінуча будуць кіравацца па нашай тэрыторыі, – слушна заўважыў старшыня сельвыканкама. – Таму заклікаю ўсіх любіць сваю вёску, месца, дзе жывеце! Будзьце больш актыўныя ў навядзенні парадку!”

Мікалай Царук, што не так даўно ўзначаліў ААТ “Усход-Каменец”, падвёў вынікі 2017 года ў адносінах да сваёй гаспадаркі, адзначыўшы, што зроблена нямала (рэканструяваны фермы, набыта новая сельгастэхніка, удала прайшоў абласны семінар па жывёлагадоўлі на базе гаспадаркі) і яшчэ больш працы чакае наперадзе.
З актуальнымі парадамі па бяспецы ў быце выступілі прадстаўнікі райаддзела МНС і ўнутраных спраў. Жыхары Навасёлак задалі нямала пытанняў, каментарыі наконт якіх тут жа давалі прадстаўнікі адпаведных службаў.

Напрыклад, грамадзяне выказваліся за перанос звалкі бытавога смецця з палігона ля маляўнічага возера ў Паніквах у іншае месца, трывожыліся з прычыны вялікай колькасці бадзяжных сабак у населеных пунктах і лесе, куды боязна хадзіць… Па першай праблеме дэрыктар КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ” Аляксандр Галавач адзначыў, што палігон можа быць закрыты, калі будзе прынята альтэрнатыўнае рашэнне. А наконт сабак патлумачыў, што будуць прымацца адпаведныя меры па адлове іх, а ў выпадку неабходнасці (пры ўзнікненні небяспекі для жыцця людзей) – і па адстрэле. Былі агучаны таксама і іншыя бытавыя праблемы.
Дырэктар раённага вузла электрычнай сувязі Іван Іванашка закрануў надзвычай актуальную праблему падключэння інтэрнэту, якая ўзнікае з-за адсутнасці медных кабельных ліній у аддаленых населеных пунктах і, адначасова, магчымасці пракладваць іх сёння там. “Будучыня – за мабільным інтэрнэтам,” – зазначыў Іван Станіслававіч.
Наконт новага тэлефоннага даведніка, якім цікавіліся навасёлкаўцы, ён паведаміў, што сёння перавыдаваць яго няма сэнсу, бо палова нумароў у сельсавеце ўжо зменена, а другая – на чарзе (да 2020-га працэс будзе завершаны). Але “памочнікі” ёсць – адпаведная служба (109) і тэлефонны даведнік арганізацый і ўстаноў, выдадзены рэдакцыяй раёнкі.
Калі ж узнікаюць пытанні наконт якасці тэлебачання “Zala”, у такім выпадку Іван Іванашка параіў тэлефанаваць на нумар 123, дзе дадуць тлумачэнні ці, пры не­абходнасці, выправяць на падмогу ман­цёраў. Даныя ж аб суме платы за паслугі Белтэлекама зручна атрымліваць па нумары 164 ці на сайце арганізацыі…
Далей з грамадзянамі мелі зносіны Юрый Мураўскі, дырэктар філіяла “Высокаўскае ДРБУ-137” (наконт стану дарог), і намеснік дырэктара ЦБУ №115 філіяла №100 ААТ “ААБ “Беларусбанк” Сяргей Тарасюк (аб рабоце мясцовага аддзялення). У цэлым сустрэча прайшла плённа.

Настасся НАРЭЙКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий