Знаёмцеся: высакаўчанін Сяргей Туз, 43 гады, мае трох сыноў, прафесія – інжынер-будаўнік. Апошнім часам захапіўся, а калі больш дакладна, заняўся ўласным пчалярствам.
СВЕДКАМ І ЎДЗЕЛЬНІКАМ УСЁЙ ДЗЕІ вакол пчалы ён быў з дзяцінства, бо і яго дзед – Іван Туз, – які ў 1948-м перабраўся з сям’ёй з Полаўцаў (цяпер на тэрыторыі Польшчы) у Вярховічы, меў некалькі вулляў, і бацька Сяргея ніколі без пчол не заставаўся. Нават прадзед – Іван Богач, – што жыў у Хлевішчы, меў некалькі пчаліных сем’яў. Дасюль стогадовы дзедаўскі вулей, акуратна пафарбаваны, займае пачэснае месца на пчальніку Тузоў, якія сёння аддаюць перавагу вуллям іншай канструкцыі, “рутаўскім”. Як тлумачыць Сяргей, яны куды больш зручныя і лёгкія. Майструе іх звычайна зімою – навука бацькі, Аляксея Іванавіча, які не адзін год апякаў пчальнік вучэбнай гаспадаркі Высокаўскага сельгаспрафтэхвучылішча.
Сяргей вучыўся (і вучыцца) не толькі ў яго. Ужо цвёрда засвоіў, што цяжэй за ўсё з пчоламі ладзяць пунктуальныя тэхнакраты, якія жадаюць бачыць жыццё вулля такім, як яго апісваюць у кніжках.
– САМЫЯ МЕДАНОСНЫЯ ПЧОЛЫ ў таго, хто не парушае завед-зены імі парадак, а падладжваецца да яго. У кожным вуллі вакол пчаламаткі-царыцы тысячы крылатых работніц, трутні і дзятва – адзінае кола працы і абнаўлення роду. І калі ў яго ўмяшацца няўмела, пчолы ўспрымуць гэта як агрэсію, і замест збору нектару яны шмат энергіі аддадуць на аднаўленне зручнага ім парадку, – зазначае Сяргей.
Упершыню пачула, што адна пчаліная сям’я можа даць да 100 кг мёду, у нашай мясцовасці звычайна 30-50. І кармавая база – галоўнае пытанне.
Ваколіцы Высокага багатыя на прысядзібныя сады, тут жа старадаўні парк, разнатраўе ў пойме Пульвы, засеяныя палеткі. Дзе-хто сцвярджае, што перад апрацоўкай таго ж рапсавага поля па перыметры яго распыляецца рэчыва, якое адпуджвае пчол і вымушае іх ляцець у другі бок. Але самым надзейным застаецца “класічнае”: за трое сутак да хімапрацоўкі пчаляры ў радыусе 7 км ад поля павінны быць папярэджаны аб тым.
КАБ ВАР’ІРАВАЦЬ УМОВЫ ўтрымання пчол і разнастайнасць “пашы”, бацька і сын Тузы размясцілі вуллі на дзвюх сядзібах – у Каваліках і Зарэччы, што недалёка ад Высокага. Медакрутку запускалі ў гэтым годзе ўжо тры-чатыры разы. Ураджаем задаволены. Сабралі да паўтоны мёду. Дзякуючы ўмовам надвор’я і буйнаму цвіценню не толькі першацветаў. Сяргей упэўнены, што з мэтай прафілактыкі неабавязкова прымяняць моцнадзеючыя хімічныя рэчывы – супраць вараатозу звычайна выкарыстоўвае мурашыную кіслату плюс пчаліная гігіена ў вуллях. Сапраўды, пчаляру варта задумацца: некаторыя хімпрэпараты, дазволеныя ў адной краіне, забаронены ў другой.
ПРА ЕЎРАПЕЙСКІ ВОПЫТ зносін з пчаляром Сяргей гаворыць не без добрай зайздрасці. Там за вывезеныя ў сад ці на грэчку вуллі ён атрымлівае гарантаваную плату – за больш высокі будучы ўраджай. У нас жа пчаляр-прыватнік сутыкаецца з незацікаўленасцю, а то і неабходнасцю, наадварот, плаціць для гаспадаркі за тое, што вывезе пчол на поле. Дасюль тутэйшыя пчаляры згадваюць колішняга старшыню калгаса Алега Казакевіча, які штогод запрашаў іх з вуллямі на палеткі. (У райсельгасхарчы патлумачылі, што ніхто не адмяняў рэкамендацыі галіновага міністэрства аб арганізацыі якаснага апылення сельгаскультур і дадатковай плаце за гэта гаспадарам пчальнікоў).
На адным з інтэрнэт-форумаў Туз-малодшы пераняў добры вопыт: герметычна запакаваны посуд з мёдам пазначае яркай этыкеткай са сваімі тэлефонамі, і сувязь са спажыўцом не парываецца, ведае водгукі пра якасць прадукта. Ён верыць, што беларускае пчалярства будзе не горшым за еўрапейскае, хоць апошняе ў многім абавязана селекцыі. У той жа час палякі ўжо шукаюць “натуральную” пчалу ў глыбінцы Расіі.
АБ КОШЦЕ МЁДУ таксама зайшла гаворка. Сёння за літровы слоік (1,4 кг) просяць 12 рублёў. Кошт не мяняецца ўжо некалькі гадоў, нягледзячы на значнае падаражанне цукру, без якога ў пчалярстве не абысціся. І прычына не толькі ў абмежаванай пакупніцкай здольнасці. Пчалярствам пачынаюць займацца ўсё больш гаспадароў, каб мець каштоўны прадукт для сям’і, а лішак на продаж – дадатак да сямейнага бюджэту. Мядовы рынак адчувае канкурэнцыю. Для пакупніка ёсць выбар. А Сяргей Туз тлумачыць:
– Калі б я хоць раз “нахімічыў”, людзі не сталі б ісці да мяне па мёд. А без цукру сапраўды не абыдзешся, бо мёд, пакінуты на зіму ў вуллі, бывае, моцна крышталізуецца, і пчолы не могуць яго спажыць, у адрозненні ад цукровага сіропу. І можа быць так, што пры дастатковай колькасці мядовага корму пчолы гінуць ад голаду. Мой варыянт: для зімавання мёд складае чвэрць агульнага аб’ёму корму. Што датычыць нязменнай цаны, дык гэта нармальна пры насычаным рынку і, добра, што маладыя далучаюцца да пчалярства. Іншая справа, што калі раней на сям’ю часам куплялі вядро мёду, дык цяпер – слоік. Але не заўсёды так будзе.
Галiна Новiк, фота Ганны СОЎПЕЛЬ.
Это может быть интересно:
-
С коллективами электрических сетей и представительства Белгосстрах по Каменецкому району состоялись диалоговые площадки
-
Ола – трагедия и боль белорусской нации
-
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў сёння ў СШ №1 Каменца імя Л.С. Паеўскага
-
Тренинг для руководящего состава участковых избирательных комиссий прошел сегодня в Каменецком районе
-
Единый день информирования населения прошел сегодня в СШ №2 Каменца имени А.И. Самуйлика