Бібліяноч у Каменцы: назад у СССР!

У сераду, 14 верасня, Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка імя У.М.Ігнатоўскага як адчыніла свае дзверы рана раніцай, так і завяршыла работу ў… 22.00. Так позна? Нешта здарылася? – “чую” занепакоеныя пытанні. Няварта хвалявацца! Прычына такога “падоўжанага” працоўнага дня надзвычай прыемная – бібліяноч…

Самыя адданыя чытачы пакінулі ўсе хатнія справы і а шостай гадзіне вечара сабраліся ля камянецкага храма кнігі, дзе ўжо мелася распачацца свята. Пакуль самадзейныя артысткі-беларусачкі рыхтаваліся да выс­туплення, можна было паўдзельнічаць у латарэі: за двухрублё¬вую манетку выцягваеш шчаслівы білецік і… Мне, напрыклад, выпала атрымаць падкову на шчасце (прычым, рукадзельную!). Акрамя таго, “фрымаркет” дазваляў выбраць і забраць з сабой кнігу па густу – я, зразумела, ухапіла Агату Крысці.

biblionoch_1

biblionoch_2

Пасля ўступнага слова дырэк­тара раённай бібліятэчнай сістэмы Ларысы Хухлаевай распачаўся міні-канцэрт, падрыхтаваны артыстамі клуба творчай моладзі “Свой круг” Відамлянскага СДК (кіраўнік – Ірына Вярэніч). Вакальны гурт “Росы” выканаў некалькі песень, якім ахвотна падпявалі госці. Музыка прывабіла таксама і многіх выпадковых прахожых (добра апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час).

Запрашэнне пераступіць парог бібліятэкі ў гэты вечар абяцала шмат цікавага, бо адзін толькі крок перанёс усіх удзельнікаў свята ў савецкае мінулае. Розныя яго бакі знайшлі сваё адлюстраванне ў выставах, якія прэзентавалі бібліятэкары. Першая прадстаўляла кнігі, якія воляю лёсу набылі яшчэ адно “жыццё” на экране – па іх былі зняты фільмы. На паліцы стаялі і “Поющие в терновнике”, і “Эра милосердия”, і “Тени исчезают в полдень”, і “Рабыня Изаура”… Пытанні аб сувязі кнігі і кіно госці шчоўкалі, як арэшкі, а за правільны адказ атрымлівалі… талончык у буфет.

biblionoch_3

Займець такі можна было і ля іншых выстаў. Адна з іх аб’яд­ноўвала кнігі пра здаровую і смачную ежу, другая (“Эпоха вінілу”) – пласцінкі знакамітых спевакоў (мне кінуўся ў вочы, натуральна, Высоцкі), трэцяя (“Хобі 80-х”) – багатыя калекцыі паштовак, значкоў і іншага, чацвёртая (“Салон капелюшоў “Пераўвасабленне”) – галаўныя ўборы. І паўсюль за пытанні давалі талончыкі.

biblionoch_4

biblionoch_5

Акрамя таго, у чытальнай зале праходзіў майстар-клас “Сам сабе рэстаўратар” (скарочана – ССР), а яшчэ па ўсім будынку былі расстаўлены манекены з уборамі савецкіх часоў (многія ў чарговы раз даказвалі вядомую ісціну: мода вяртаецца).

biblionoch_6

Назапасіўшы талонаў, госці выправіліся іх “атаварваць” у буфеце “Плакучая ива”. Дзве буфетчыцы ў фартушках, каралях і традыцыйным савецкім ма¬кіяжы (блакітныя цені па самыя бровы) хутка лічылі па шчотах (сапраўдных!), без аніякага шкадавання нанізвалі талоны на “шампур” і, не забываючы жартаваць, выдавалі пакупнікам кампот некалькіх відаў у шклянках, бутэрброды з салам “ад парсючка Васі”, слодычы і многае іншае.

Падсілкаваўшыся “па савецкай сістэме”, госці размясціліся ў чытальнай зале, дзе супрацоўніца бібліятэкі Ніна Трафімчук правяла для іх ЭКСКУРСІЮ па дзвюх вуліцах Каменца, выкарыстоўваючы старыя фота і паштоўкі, а таксама ўспаміны людзей. Прайсціся па Літоўскай і Падрэчнай было вельмі цікава, многія сходу дапаўнялі звесткі выступоўцы сваімі ўласнымі. (Матэрыялы, дарэчы, былі сабраныя супрацоўнікамі бібліятэкі і камянчанамі Георгіем Мусевічам і Андрэем Асташэнем. Збор працягваецца.)

Фатаграфіі Каменца на экране змяніліся тым часам на кадры ўсімі любімых савецкіх ФІЛЬМАЎ. Гледачы лёгка пазнавалі герояў і нават падказвалі Шурыку, Сямёну Сямёнавічу Гарбункову, дзеду Міцяю словы, што сталі крылатымі.

Следам за кіно крочыла МУЗЫКА… Песні савецкіх часоў для гасцей выканала арт-студыя “Асарці” (кіраўнік – Іна Зейберт), створаная пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Камянецкага ТЦСАН. Акрамя таго, прагучалі сола на баяне ад Зоі Пазняковай (з фільма “Берегись автомобиля”) і некалькі песень Аліны Гожух і Ліліі Дорахавай.

Потым плаўна перайшлі да ПАЭЗІІ. І нагода была для гэтага сама што ні на ёсць цудоўная. Намаганнямі супрацоўнікаў бібліятэкі пабачыла свет кніга вершаў камянчанкі Любові Іванюковіч. Яна ахвотна пачытала і з яе, і новыя свае творы.

А РЭТРА-ДЭФІЛЕ сарвала цэлае мора авацый. Супрацоўніцы храма кнігі выдатна пачуваліся ў ролі манекеншчыц, а ўборы, якія яны дэманстравалі, шукалі літаральна па ўсім свеце. Цяжка ўявіць, колькі гарышчаў і куфраў давялося перагледзець, каб пераўтварыць бібліятэку ў сапраўдны музей побыту савецкіх часоў!

Не абышлося і без падарункаў лепшым чытачам. “Верным сябрам бібліятэкі” названа Валянціна Касцючык, “Прыхільнікам кніг” – Вера Філосаф, “Прэм’ер-чытачом” – Ніна Нікіцюк, “Вечным рухавіком” – Ганна Нікіцюк, тытул “Ума палата” дастаўся Лідзіі Сахарчук, “Шчодры дарыцель” – Ганне Карачанцавай, “Аматар фантастыкі і фэнтазі” – Любові Іванюковіч і яе ўнукам, “Чытач-энцыклапедыст” – Галіне Ярмак, “Самы сардэчны чытач” – Галіне Бядулі.

Напрыканцы бібліяночы, калі за вокнамі стала сапраўды цёмна, прыйшоў час развітвацца. Госці шчыра дзякавалі арганізатарам за падоранае свята і падарожжа ў мінулае (не кожны ж мае дома машыну часу, як кіношны Шурык).

Асабліва шчырымі былі словы госці з Мінска Зоі Лышчык (жонкі нашага знакамітага земляка, скульптара Аляксандра Лышчыка), якая выпадкова патрапіла на свята і была гэтаму вельмі рада. Жанчына падзякавала супрацоўнікам храма кнігі за ўвагу да памяці мужа і сыграла для ўсіх на баяне. Вось якая душэўная вечарына атрымалася.

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

4 thoughts on “Бібліяноч у Каменцы: назад у СССР!

Добавить комментарий