Без песні хоць трэсні

З чаго звычайна пачынаецца ваш дзень? Са званка будзільніка. У мяне іх два з прамежкам у 15 хвілін, каб быў час сабраць вочкі ў кучку і ўспомніць, навошта тэлефон заліваецца песняй АВВА “HappyNewYear” так рана. Сезоны мяняюцца, а мой будзільнік застаецца тым жа – галоўнае, што ціхі, меладычны і не даводзіць да інфаркту.

І ўсю раніцу, пакуль збіраюся, у маёй галаве гучыць песня. Уважліва прыслухоўваюся яе і запамінаю, бо ў большасці выпадкаў яна прадвызначае мой дзень. Так ужо склалася. Саўндтрэкам дня становіцца ці то нешта лірычна-філасофскае (“Выйду ночью в поле с конем…”), ці то аптымістычнае (“Я привык улыбаться людям…”), ці то чыста-беларускае (“Слуцкія ткачыхі”)…

З голасам і слыхам мне ў гэтым жыцці не зусім пашанцавала, але імкненне спяваць прысутнічала заўсёды (і зводу яму няма). Відаць, усё гэта – татавы гены. Ён быў гітарыстам у гурце, які досыць паспяхова “гастраляваў” па вясковых танцах і вяселлях. Прэм’ера маіх выканальніцкіх здольнасцяў адбылася, зразумела ж, у дзяцінстве. Як у многіх.

Песня першая. Эфектная
Калі да нас прыходзілі госці, мае бацькі забаўлялі іх акрамя размоў ды пачастункаў таксама маімі спевамі. Той выпадак не стаў выключэннем.

Госці селі на канапу. Я прыцягнула з кухні табурэтку, узлезла на яе (не вельмі грацыёзна, і няхай!), узяла ў кулачкі падол сукенкі з двух бакоў і…

Тут патрэбна націснуць на паўзу і патлумачыць зроблены мной пасля ашаламляльны эфект. Мы з мамай да той пары паспелі развучыць некалькі песенек з мульцікаў, і “цвіком” маёй праграмы была бясшкодная “От улыбки хмурый день светлей”. Аднак мама не ведала, што адначасова мой рэпертуар актыўна папаўняўся і дзякуючы тату…

Дык вось. Я вытрымала колькі секунд для ўзрастання напружання і завяла (цытую): “Батька Махно смотрит в окно. На дворе темным-темно. Где-то рядом бродит враг еле-еле на нога-а-а-ах!” – і далей па тэксце.

Госці ледзь не рыдалі ад захаплення (мне так здавалася), мама маўчала, а тата ў думках збіраў чамадан, з якім жонка выпхне яго гэтым жа вечарам з дома.

А я? Захапленне гасцей натхніла мяне яшчэ на адзін нумар. Ім стала знакамітая песня “Любэ” “Атас”. І гэта быў атас, можаце паверыць. Дзядзечкі і цётачкі смяяліся, плакалі і распытвалі, ці разумею я, пра што спяваю. А ягаварыла, што Жыглоў і Шарапаў – гэта такія міліцэйскія сабакі, якія ловяць злачынцаў. (Няхай даруюць мне героі ўсім вядомага фільма.)

Карацей кажучы, мой поспех быў ашаламляльны. А тату па вялікай просьбе гасцей грозная мама ўсё ж памілавала.

Песня другая. Вальсавая
У школе на адным з урокаў прадмета “Музыка і спевы” нас прыйшлі адбіраць у хор. Кожны мусіў акапэла выканаць кавалачак любой песні перад строгай цётачкай у акулярах, што я і зрабіла. (Рэпертуар на гэты раз быў прыстойны.)Педагог па вакале паслухала мяне, запісала прозвішча ў сшытачак і сказала: “Спяваеш ты добра, толькі ціха”. Не ведаю, “плюс” гэта ці “мінус” менавіта для хора, але…

Першая наша рэпетыцыя запомнілася мне чамусьці толькі тым, што дзяўчынку, якая стаяла ў шэрагу побач са мной, клікалі Рагнедай. Мы з ёй былі новенькімі, не ведалі слоў песень, і гэта ўсё безумоўна яднала.
Прэм’ерным выступленнем нашага хору мусіў стаць школьны канцэрт да Дня Перамогі. Мы развучвалі “Синенький платочек”, “Тучи в голубом”, “Смуглянку” і “Случайный вальс”. Прычым, неяк так сталася, што мяне зрабілі салісткай падчас выканнання апошняй з названых песень. Яна вельмі мне падабалася. І сваім бясконцым “Ночь коротка. Спят облака. И лежит у меня на ладони незнакомая ваша рука” я давяла ўсіх навакольных да нервовага ціку. Словы гэтай песні помню і сёння.

Перад выступленнем мне спалася не вельмі добра. А далей… Адпрасаваная сукенка. Туфлікі, у якіх можна ўбачыць сваё адлюстраванне. Косы са стужкамі. Канцэрт пачынаецца!

Помню, як выйшла перад усім хорам на дрыжачых нагах, паспрабавала знайсці ў глядзельнай зале маму – не змагла. Ды я ўвогуле нічога не бачыла, перашкаджала яркае святло, што біла ў самы твар. Наступныя падзеі таго выступлення ды і дня ўвогуле поўнасцю сцерліся з маёй памяці, засталося толькі святло, такое прыцягальнае, у нечым чароўнае, у нечым невыноснае. Тады я зразумела, што некаму даецца любоў да сцэны, некаму – страх яе. Мне выпала другое. Больш салісткай я не была ніколі.

Песня трэцяя. Настальгічная
Апошні званок, да якога мы, адзінаццацікласнікі, рыхтаваліся некалькі месяцаў, апошні раз (хаця, хто ведае…) вывеў мяне на сцэну, каб не толькі чытаць (вершы), але і спяваць.

Пра кожны школьны прадмет мы напісалі песню, паклалі новыя словы на добра ўсім знаёмыя мелодыі. Памятаю, што мне даверылі напісаць тэксты да трох: пра геаграфію, гісторыю Беларусі (на матыў “Не думай о секундах свысока”) і нямецкую мову. А потым мне выпала яшчэ і спяваць дзве з іх (добра, што не сольна).

І зноў жа не магу ўспомніць абставін тых выступленняў. Хіба толькі дробныя моманты: як мы ўсім кагалам збіліся з такту, маршыруючы па сцэне; як нечакана з галавы вылецелі словы песні (ува ўсіх адначасова), давялося імправізіраваць; як з майго пляча бясконца саслізгвала сіняя стужка выпускніка і даводзілася паднімаць яе незаўважна (не атрымалася, выраз твару ў мяне быў яшчэ той)… На відэакасеце гэта ўсё захавалася і цяпер выклікае ўсмешку і… настальгію, напэўна. Дарэчы, тое, як чытала верш, прысвечаны сваёй гімназіі, у канцы канцэрта помню выдатна.

Які ж вывад? Спявайце, людзі!

Добавить комментарий